У праваахоўных органаў узніклі пытанні да намесніка гендырэктара Скідальскага цукровага камбінату Сяргея Кулікоўскага.
Паводле крыніц TUT.BY, топ-менеджара падазраюць у атрыманні «непрацоўных даходаў» ад пастаўшчыкоў сыравіны.
На Скідальскім цукровым камбінаце заявілі, што з сярэдзіны мінулага тыдня Сяргей Кулікоўскі знаходзіцца ў адпачынку. Адказваць на пытанне пра яго месцазнаходжанне там адмовіліся, бо яшчэ «не атрымалі адказы на запыты ад адпаведных органаў».
У канцэрне «Белдзяржхарчпрам» пацвердзілі затрыманне Кулікоўскага.
Сяргей Кулікоўскі адказваў на Скідальскім цукровым камбінаце за набыццё і перапрацоўку цукровых буракоў і сырцу.
Сёлета ў краіне арыштавалі ўсіх дырэктараў цукровых заводаў. Ключавым элементам гучнай карупцыйнай справы сталі расейскія пасярэднікі.
У КДБ распавялі пра дзве карупцыйныя схемы, якія выкарыстоўвалі цукровыя заводы ў сваёй працы.
Дырэктары цукровых заводаў і кіраўнік Беларускай цукровай кампаніі паводле завышаных цэнаў куплялі ў расейскай фірмы «Полимер» сыравіну для вытворчасці ўпаковак цукру. Потым, паводле КДБ, грошы з рахункаў «Полимера» здымаліся і дзяліліся паміж удзельнікамі схемы.
Таксама цукар з беларускіх заводаў прадаваўся па заніжаных цэнах расейскім пасярэднікам. За гэта дырэктары заводаў нібыта атрымлівалі хабары: адкаты складалі ад $ 1 да $ 2,5 за кожную тону прадукцыі.
МГ belsat.eu