Затрыманую ў Маскве актывістку Pussy Riot вінавацяць ва ўжыванні наркотыкаў


На ўдзельніцу Pussy Riot Вераніку Нікульшыну, якую затрымалі ўчора ў Маскве, паліцыя склала адміністратыўны пратакол за адмову прайсці медычны агляд на стан наркатычнага ап’янення.

Пра гэта распавёў «Медиазоне» адвакат Дзмітрый Джулай.

Паліцыянты сцвярджаюць, што прыйшлі дадому да сябра Нікульшынай нібыта пасля скаргі суседкі на шумную кампанію. Згодна з пратаколам, яны вырашылі затрымаць кампанію, вырашыўшы, што маладыя людзі ўжывалі наркотыкі. У пратаколе Нікульшына паказала, што не згодна з абвінавачваннем і на працягу шасці гадзінаў ёй не тлумачылі прычыну затрымання. «Правапарушэнні здзейснена не было, ад агляду адмовілася па рэлігійных перакананнях», – прыпісала ўдзельніца Pussy Riot у канцы пратакола. Нікульшына дагэтуль застаецца за кратамі.

Таксама пратаколы былі складзеныя на чатырох сяброў удзельніцы Pussy Riot. Іх затрымалі разам з Веранікай Нікульшынай. Усе яны адмовіліся праходзіць медычны агляд на наркотыкі. Акрамя таго, сёння раніцай затрымалі сяброўку Нікульшынай Аляксандру Альбаву разам з яе маладым чалавекам.

Паплечнікі Веранікі Нікульшынай па гурту «Pussy Riot» лічаць апошнія падзеі палітычным пераследам.

  • Улетку 2018 года Нікульшына разам з іншымі ўдзельнікамі Pussy Riot выбегла на футбольнае поле падчас фінальнага матчу чэмпіянату свету па футболе. За гэта яе арыштавалі на 15 сутак.
  • 16 красавіка Нікульшыну затрымалі разам з кіраўнікамі праекту «Тэатр. На Вынас» на шляху на цырымонію ўручэння прэміі «Залатая маска».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў