Замест матэрыяльнай дапамогі шматдзетнаму бацьку даслалі план пошукаў працы


Замест матэрыяльнай дапамогі шматдзетнаму бацьку даслалі план пошукаў працы

Замест матэрыяльнай дапамогі шматдзетнаму бацьку даслалі план пошукаў працы.Сяргей не разумее, чаму іншым сям’ям з яго раёну могуць прадставіць матэрыяльную дапамогу адразу на 6 месяцаў, а ягонай сям’і – толькі на 1 месяц.Сяргею 32 гады, на працу ён ездзіць у суседнюю вёску за пяць кіламетраў, дзе працуе звычайным рабочым. Падрабязней: https://naviny.belsat.eu/news/zamest-materyyalnaj-dapamogi-shmatdzetnamu-batsku-daslali-plan-poshukau-pratsy/

Opublikowany przez Белсат TV Czwartek, 23 stycznia 2020

Сяргей Цярэшчанка разам з жонкай і трыма дзецьмі жыве ў вёсцы Хаменкі Чавускага раёну Магілёўскай вобласці. Гэта малая радзіма Сяргея, тут і цяпер жывуць ягоныя сваякі. У вёсцы няма стацыянарнай крамы, аўтобус ходзіць раз на тыдзень, з установаў – толькі малочнатаварны комплекс. Да бліжэйшага гораду, Чавусаў, 18 кіламетраў. Сяргею 32 гады, на працу ён ездзіць у суседнюю вёску за пяць кіламетраў, дзе працуе звычайным рабочым. Увосень 2019 года сям’я Цярэшчанкаў стала шматдзетнай – у іх нарадзілася трэцяе дзіця, дачка Каця.

У вёсцы засталося 25 жыхароў, большасць – пенсіянеры. Шмат якія дамы тут закапалі, бо іх гаспадароў не стала.
Фота: Belsat.eu

– 22 кастрычніка мая жонка Вераніка нарадзіла трэцяя дзіця. Мы сабралі ўсе даведкі і звярнуліся ў Чавускі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па бясплатнае харчаванне на дзіцё да 2 год і па штомесячную сацыяльную дапамогу. Харчаванне нам выпісалі на 6 месяцаў, а грашовую дапамогу – толькі на 1 месяц. І даслалі абразлівы план, як палепшыць свае жыццёвыя ўмовы, – распавядае гісторыю сям’і Сяргей Цярэшчанка.

Трэцяя дачка, Каця, нарадзілася 22 кастрычніка.
Фота: Belsat.eu

«У нас жылой плошчы ўсяго 25 кв. м., а яны сказалі: «Давайце мы запішам 39,9»

Мужчына абураны адказам, які яму даслаў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Чавускага раёну. У лісце сказана, што пытанне аказання грашовай дапамогі вырашала камісія Чавускага райвынкакаму. Яна выдзеліла дапамогу сямʼі Сяргея толькі на 1 месяц, паколькі Сяргей «не прыняў неабходных мер па пошуку больш аплочваемай працы як дадатковай крыніцы даходу сваёй сям’і».

Сяргей Цярэшчанка.
Фота: Belsat.eu

– Я не ведаў, што збіралася нейкая камісія. Чаму яна збіралася без мяне ці хаця б не паведамілі мне пра яе правядзенне? Я шукаў працу, гэта могуць пацвердзіць як мінімум 5 чалавек, у тым ліку кіраўнікі ўстановаў, дзе я шукаў працу. Але камісія ні ў кога не запыталася. Самі сабраліся і нешта вырашылі. Атрымліваецца, для іх прасцей не плаціць грошы, не падтрымліваць сем’і, а абвінаваціць, што вы нічога не робіце, маўляў, нарадзілі – глядзіце самі.

«Гэта звычайная адпіска. Мяне на камісію не запрашалі і нават не ставілі да ведама, калі яна адбудзецца», – кажа Сяргей.
Фота: Belsat.eu

Сяргей кажа, што раней да іх шмат хто прыязджаў, і з райвыканкаму, і з сельсавету, і нават з МНС, але гэтая камісія не прыехала.

– Там, дзе мы падавалі дакументы, нам сказалі, што павінна прыехаць камісія, каб паглядзець нашыя ўмовы. Хаця ніхто не прыязджаў, проста пазванілі і спыталі, што ў нас дома ёсць. Стол, стул, якая плошча дому, хаця ў нас жылой усяго 25, яны сказалі: «Давайце мы запішам 39,9». А што яны насамрэч напісалі, можа быць у мяне там «Майбах» па дакументах стаіць браніраваны, я не ведаю, – абураецца Сяргей.

План для Сяргея, які трэба выканаць да 31 сакавіка.
Фота: Belsat.eu

Штомесячная дапамога – толькі на 1 месяц

За снежань 2019 года Сяргей атрымаў штомесячную сацыяльную дапамогу для шматдзетнай сям’і ў памеры 508 рублёў. У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання паведамілі, што ён можа зноўку падаць на прадстаўленне сацыяльнай дапамогі.

– Лепей бы называлі рэчы сваймі імёнамі: аднамесячная, а не штомесячная дапамога. Цяпер мне трэба нанова збіраць дакументы, а гэта значыць, што я ўжо згубіў адзін месяц. Так склалася, што я і жонка прапісаныя ў розных вёсках, ёй ехаць за даведкай 40 км з адной перасадкай, мне ехаць за даведкай у іншы бок 20 км, прычым аўтобусы туды не ходзяць, трэба ехаць узімку на ровары. І кожны раз плаціць за ксеракопіі гэтых дакументаў.

Сям’е Цярэшчанка, як шматдзетнай, далі бясплатная харчаванне для дзіцяці да 2 год на 6 месяцаў і штомесячную сацыяльную дапамогу на 1 месяц.
Фота: Belsat.eu

Выдаліць усё з «Аднакласнікаў» і закрыць рот

Сяргей не разумее, чаму іншым сям’ям з яго раёну могуць прадставіць гэтую дапамогу адразу на 6 месяцаў, а ягонай сям’і – толькі на 1 месяц.

Жонка Сяргея Вераніка і сярэдняя дачка Сонечка.
Фота: Belsat.eu

– Проста мы такія няўгодныя людзі. Можа быць мне адмовілі праз мае погляды палітычныя ці жыццёвыя. У сваім акаўнце ў «Аднакласніках» я посціў шмат спасылак на розныя відэа ў YouTube і на сайты пра рэальную абстаноўку ў краіне. Пачаліся пагрозы, дакладней, «парады» выдаліць гэтае ўсё і закрыць рот. Мне нават даслалі паперку з магчымымі наступствамі за абразы і іншыя парушэнні, хаця я нікога не абражаў, канстытуцыю не парушаў. У сваіх пастах я выказваў сваё меркаванне аб нашым рэальным жыцці ў краіне і нашым раёне і ўсё ў гэтым родзе. Ну, добра, я ўсё пачысціў. Але ўсё роўна не магу жыць па іх правілах: дзяржаўныя газеты я не выпісваю, якія трэба выпісваць, на даху без страхоўкі не працую, калі трэба выйсці. Вось за гэта мяне і не любяць тут, – распавядае Сяргей Цярэшчанка.

Сяргей і старэйшы сын Максім.
Фота: Belsat.eu

Замест дапамогі даслалі план па паляпшэнню матэрыяльнага становішча

Каб Сяргей мог палепшыць матэрыяльнае становішча сваёй сям’і, камісія пры Чавускім райвыканкаме распрацавала для яго план дзеянняў. У гэтым плане толькі адзін пункт: звярнуцца ва Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Чавускага райвыканкаму.

Максім і Соня ездзяць у дзіцячы садок у аграгарадок Вусце за 5 км.
Фота: Belsat.eu

– Каб не даваць сацыяльную дапамогу, мне даслалі план па самастойнаму паляпшэнню матэрыяльнага становішча. Хаця і планам гэта цяжка назваць. Яны ж самі ведаюць, што працы няма, людзі беспрацоўныя. Я мушу выканаць гэты план да 31 сакавіка 2020 года. Дзіўнае супадзенне, але менавіта 31 сакавіка 2020 года ў мяне сканчаецца працоўная дамова з Культурна-спартовым цэнтрам у аграгарадку Вусце. Былая старшыня нашага сельсавету, якую зараз знялі за карупцыю, яшчэ да гэтага ліста сказала, што мне не працягнуць дамову. Самае страшнае, што калі я не выканаю гэты план, то нас пакінуць без дзіцячага харчавання.

Соні хутка будзе 4 года.
Фота: Belsat.eu

Працы ў раёне няма, людзі радыя працаваць за мінімалку

Сяргей працуе пры Культурна-спартовым цэнтры ў аграгарадку Вусце. Там ён займаецца комплексным абслугоўваннем і рамонтам будынкаў. Штомесячны заробак – 330 беларускіх рублёў да выліку падаткаў. І гэтую працу Сяргей шукаў вельмі доўга. У ягонай вёсцы Хаменкі ўвогуле нічога няма, акрамя малочнатаварнага комплексу.

Фота: Belsat.eu

– У нашай вёсцы пражывае 25 чалавек разам з намі. З працай ва ўсім раёне проста ніяк. Паўсюль людзей скарачаюць, дакладней – не працягваюць дамовы. У Вусце ўжо не працягнулі дамовы з двума сторажамі і дырэктаркай дому культуры. Без тлумачэння прычынаў выкідаюць на вуліцу – проста чалавек стаў непатрэбны, як адпрацаваная батарэйка. На іх месца бяруць патрэбных людзей.

Максіму 5 год.
Фота: Belsat.eu

Сяргей кажа, што спрабаваў уладкавацца і на дзяржаўныя прадпрыемствы, і на прыватныя. Але паўсюль або няма грошай, або месцаў.

– У нас на ферме людзям яшчэ за лістапад заробкі не выплацілі, куды ім браць новых працаўнікоў? На свінакомплексе ў прыватніка кожнае месца залатое, там няма цякучкі кадраў, таксама не ўладкавацца. Калі і знойдзеш працу – паўсюль будзе такі ж заробак, як у мяне зараз – 330 рублёў і ні капейкі болей. А ў калгасе і таго могуць 180 рублёў даць і жывіце людзі.

Фота: Belsat.eu

Сям’я Цярэшчанкаў з пяці чалавек жыве ў сельскім доме. Штомесяц яны могуць разлічваць на заробак Сяргея (330 рублёў бруднымі) і дзіцячую дапамогу, якая ў студзені склала 545 рублёў.

Прадукты харчавання сям’я часта бярэ ў краме ў пазыку.
Фота: Belsat.eu

Трактар у лізінг і спадзяванні на зямельны надзел

У словах Сяргея адчуваецца крыўда. Ён кажа, што справа не ў грошах, а ў стаўленні да чалавека. Паводле яго, ён даслаў электронны зварот у Магілёўскі аблвыканкам, каб абскардзіць рашэнне камісіі, але адказу так і не атрымаў.

За вадой трэба хадзіць у калодзеж.
Фота: Belsat.eu

– Я адчуваю, што ў гэтай краіне мы нікому не патрэбныя. Ужо пачалі эканоміць на дзецях. Нават зараз па льготных талонах у больніцы нельга выпісваць Бабоцік. Улады кажуць: нараджайце. Але падтрымкі мы не адчуваем. Я думаю, што людзі не абаронены ў гэтай краіне. Больш і звяртацца не хочацца да такой дзяржавы. Яны нядобра паступаюць, калі абвінавачваюць мяне ў тым, што ў мяне нізкі заробак і што я сяджу роўна на месцы і нічога не раблю. У мяне рукі, ногі ёсць я зараблю, сямʼю пракармлю, але проста так рабіць нельга.

А што рабіць – Сяргей не ведае. У часы роспачы яму хочацца з’ехаць, а дакладней, як ён кажа, «эвакуявацца адсюль». Калі крыўда на дзяржаву трохі адпускае, то зʼяўляюцца сілы жыць тут далей.

У гаспадарцы Сяргея жывуць куры, а летась быў яшчэ і парсючок.
Фота: Belsat.eu

Сямʼі Цярэшчанка дапамагаюць бацькі і суседзі – хто грашыма, хто прадуктамі. Што трэба, можна ўзяць у краме ў пазыку. Сяргей спадзяецца, што зможа дадаткова зарабіць пры дапамозе трактару, які ўзяў у лізінг.

Сяргей узяў трактар у лізінг, каб працаваць на зямлі.
Фота: Belsat.eu

– Тут на вёсцы пракарміцца прасцей: свой агарод, можна пайсці падпрацаваць. Мы 2 месяцы таму аформілі ў лізінг міні-трактар, каб можна было ўзяць надзел зямлі паболей і зарабіць. Чакаем вясну, а там паглядзім. А як жывуць у гарадах, я нават не разумею: усё аддай за кватэру і табе нічога не застанецца. У нас самы бліжэйшы горад – Чавусы, заводаў таму няма, дзе жыць, таксама няма. На вёсцы ўсё ж такі прасцей, – кажа Сяргей.

Вольга Васільева, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў