Забойцу дзвюх дзяўчат у Бабруйску расстраляюць

Фота + Відэа

36-гадовы Аляксандр Асіповіч

Смяротны прысуд 36-гадоваму Аляксандру Асіповічу вынес суд Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску 9 студзеня.

Жахлівае ў сваёй жорсткасці забойства скалыхнула не толькі Бабруйск, але і ўсю Беларусь 20 ліпеня мінулага года. У той дзень а 7-ай гадзіне раніцы на лінію 102 тэлефаналі дзяўчаты і крычалі ў слухаўку, што іх забіваюць:

«Збівае! Мы ў ваннай замкнуліся! Ён з тапаром ірвецца ў ванную! Божа мой, ён разнясе ўсё! Я ўся ў крыві!».

Дзяўчаты не змаглі назваць дакладнага адрасу, дзе яны былі. А міліцыя не здолела хутка гэта вызначыць. Званок абарваўся на істэрычным крыку дзяўчат.

У другой палове таго ж дня міліцыя ўсё ж знайшла гэтую кватэру. А ў ёй – трупы дзвюх дзяўчат у ваннай з такімі пашкоджаннямі, што, каб іх апазнаць, спатрэбіліся адмысловыя экспертызы.

Падазраванага Аляксандра Асіповіча затрымалі на лавачцы каля ягонага пад’езду. Але – за тое, што ён быў п’яны. І толькі пасля гэтага ён расказаў, што зрабіў, і сам паказаў кватэру. Падчас следчага эксперыменту мужчына падрабязна расказаў усе абставіны забойства.

Загінулымі аказаліся бабруйчанкі 27-гадовая Алеся Клімава і 26-гадовая Хрысціна Крушкіна.

З Асіповічам яны пазнаёміліся напярэдадні ўвечары ў кавярні. Зранку, калі кавярня закрылася, яны ўсе разам паехалі на кватэру маці мужчыны, у якой на той момант нікога не было. Там усё і адбылося. Суседзі потым расказвалі, што чулі жаночыя крыкі, але падумалі, што гэта проста сямейная сцэна рэўнасці, і не сталі тэлефанаваць у міліцыю.

Нiна Клiмава, маці забітай Алесi Клiмавай

4 снежня мінулага года над Аляксандрам Асіповічам распачаўся суд. Мужчына ў сваіх паказаннях спрабаваў апраўдаць сябе тым, што, нібыта, дзяўчаты самі справакавалі яго, што яны хацелі падсыпаць яму ў піва клафелін, абакрасці яго, што выкінулі ключы ад ягонай кватэры ў акно, а калі ён вярнуўся, знайшоўшы іх, яны лазілі па шкафах у кватэры. Гэта яго раззлавала, і далей ён не мог сябе кантраляваць.

Суддзя зачытваў страшэнныя падрабязнасці абставінаў забойства і траўмаў, якія нанёс дзяўчатам Асіповіч. Алесі Клімавай ён нанёс не меней за 77 удараў, з іх не менш за 48 – па галаве малатком-цвікадзёрам. Хрысціне Крушкінай – не меней за 16 удараў, з іх – 2 нажом у шыю і галаву. Як паказала экспертыза, забойца яшчэ і павярнуў нож у ране. Ад атрыманых траўмаў дзяўчаты памерлі на месцы. Па ўсёй кватэры была кроў, у сметніцы следчыя знайшлі кавалкі касцей чэрапа Алесі Клімавай. Ейная маці расказвала, што дачку давялося хаваць у закрытай труне – настолькі яна была знявечаная.

Нiна Клiмава, маці забітай Алесi Клiмавай

Пасля забойства мужчына памыў у кватэры падлогу, замачыў сваё адзенне ў крыві, выпіў піва і пайшоў спаць. Калі прачнуўся, паехаў атрымаць заробак, пайшоў у краму, купіў піва і тры пачкі пакетаў для смецця. Гэты факт следства і суд палічылі рыхтаваннем да расчлянення трупаў і спробы пазбавіцца ад іх. Асіповіч такія намеры адмаўляў.

Як стала вядома падчас суда, абвінавачаны за свае 36 гадоў жыцця ўжо меў пяць судзімасцяў. З іх – адну за забойства і яшчэ адну – за цяжкія цялесныя пашкоджанні. Яшчэ да свайго паўналецця ён нанёс удары нажом суседу, пасля чаго той памёр у шпіталі. Адбыўшы пакаранне, ён зноў кінуўся з нажом на знаёмага, але тым разам чалавека ўдалося ўратаваць.

Апошні раз Асіповіч выйшаў на волю напрыканцы лета 2017-га года.

Псіхіятрычная экспертыза паказала, што асуджаны мог цалкам аддаваць сабе справаздачу ў тым, што робіць і якія пашкоджанні наносіць ахвярам. Адзіны псіхічны разлад, які ў яго выявілі, – гэта хранічны алкагалізм. Але гэта не толькі не змякчыла прысуду, а, наадварот, спрыяла большай сур’ёзнасці пакарання, бо падчас забойства мужчына быў у стане алкагольнага ап’янення.

Пасля разгляду справы і спрэчак бакоў пракурор запрасіла для абінавачанага найвышэйшую захаду – смяротнае пакаранне шляхам расстрэлу. Адвакат Асіповіча зазначыў, што смяротнае пакаранне яшчэ нікога не стрымала ад злачынства, узгадаў, што Беларусь – адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль караюць смерцю. Таму бок абароны запрасіў пакаранне без найвышэйшай захады.

Падчас свайго апошняга слова Аляксандр Асіповіч расплакаўся і сказаў, што шчыра шкадуе пра тое, што зрабіў, што не разумее і не можа патлумачыць, чаму гэта здарылася, адкуль у яго была такая жорсткасць. Асіповіч прасіў суд захаваць яму жыццё, даць магчымасць працаваць і выплаціць маральную шкоду родным дзяўчат. Прасіў прабачэння.

Судовая калегія пастанавіла прызначыць у якасці пакарання найвышэйшую захаду – расстрэл. Апроч таго, спагнаць з асуджанага Br 100 тысячаў маці Алесі Клімавай за маральную шкоду, а таксама – усе выдаткі на пахаванне дзяўчат, і ўсе судовыя выдаткі выдаткі на экспертызы. Суддзя нагадаў асуджанаму, што той мае права падаць абскарджанне часам дзесяці дзён, а таксама прасіць аб памілаванні.

Кацярына Міхальчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары