Забароненыя «Калядныя цары» адрадзіліся. Рэпартаж з унікальнага абраду са спісу UNESCO


Штогод з 13 на 14 студзеня на Капыльшчыне ў вёсцы Семежава праходзіць абрад, які вы не ўбачыце больш нідзе ў свеце. 12 маладых хлопцаў, пераапранутых у жаўнераў Расейскай імперыі, ходзяць па вёсцы з запаленымі знічамі ды паказваюць сцэны з гістарычнай драмы. Карэспандэнты belsat.eu наведаліся ў Семежава, каб паглядзець «Калядных цароў».

Мясцовы кірмаш – аперытыў напярэдадні абраду

Мы прыехалі ў Семежава ў панядзелак днём і яшчэ не паспелі выйсці з машыны, як пачулі харавыя спевы мясцовага жаночага ансамблю: «Атаман – полковник, побывав в боях, и коня, и шашку на Любу променял. Эх!». Пад гэтую музыку людзей частавалі свежымі сырамі і разнастайнымі народнымі стравамі і шмат чаго з гэтага было бясплатна. Жанчына ў вобразе Бабы-Ягі запрашала пачаставаць свежых агуркоў, а побач стаяў намёт «Чырвонага Крыжа», дзе людзей сагравалі гарбатаю і распавядалі пра аказанне першай дапамогі.

Нашу ўвагу прыцягнулі так званыя «бяспройгрышныя латарэі», дзе за рубель можна было выгуляць латок яек, вырабы мясцовага hand-made’у і нават мех бульбы. Пры нас хлопчык гадоў 6-ці выгуляў бубенчыкі з прадказаннем, якія яму «паведамілі», што той хутка ажэніцца. Распавесці пра лёс бясплатна прапаноўвалі мясцовыя жанчыны, пераапранутыя ў цыганак – нашаму аператару яны наваражылі вечную маладосць.

У вёсцы, якая ўжо стала аграгарадком, пражывае крыху больш за тысячу чалавек. Тут «Калядныя цары» – ледзь не галоўнае свята году. Але, як гэта часам бывае, тут усё трымаецца на намаганнях аднаго чалавека. Дырэктарка Семежаўскага Цэнтру культуры і адпачынку Таццяна Шавура адраджае абрад з 1996 году і менавіта дзякуючы ёй ён трапіў у спіс UNESCO.

«Добры вечар, шчодры вечар!»

А пятай гадзіне пачаўся сам абрад, калі ля мясцовага ДК (мясцовыя называюць так Цэнтр культуры) выстраіліся 12 маладых хлопцаў у розных вобразах і пачалі разыгрываць гісторыка-рэлігійную драму «Цар Максімілян» – 5-хвілінная сцэна, якую калядоўшчыкі прэзентуюць, заходзячы ў кожную новую хату.

Лічыцца, што ў доме, дзе пабывалі «цары», увесь год будзе мір, згода і багацце. Каб аддзячыць, шчадраўнікам даюць разнастайныя падарункі: каўбасу, піражкі ды гарэлку.

Хто такія гэтыя «цары»? Як і ў XVIII ст. у абрадзе ўдзел бяруць толькі 12 чалавек, сярод якіх вылучаюцца 7 цароў, апранутых у белую бялізну, унікальныя семежаўскія паясы ды рознакаляровыя стужкі на каўпаках. Ёсць дзве версіі, адкуль пайшла назва «цары»: раней, калі хлопцы апраналіся ў гэтыя святочныя строі і хадзілі калядаваць, то мясцовыя ім услед казалі – «прыгожы, як цар». Але гэта хутчэй легенда, бо больш рэальна гучыць тлумачэнне «цары, бо царскае войска».

«Мы чакаем іх кожны год, гэта нашая традыцыя. Але раней абрад быў увогуле забаронены, а зараз вось адрадзілі», – кажа мясцовы жыхар Васіль.

Сам абрад з’явіўся напрыканцы XVIII ст. і ў большасці крыніцаў сцвярджаецца, што царскія жаўнеры хадзілі па хатах ды забаўлялі людзей – шчадравалі. Таццяна Шавура кажа, што абрад быў хутчэй, як сватаўство.

«Хлопцы хадзілі, калядавалі і прыглядваліся, у якіх хатах шмат падушак ляжыць, бо гэта сведчыла пра багацце нявесты», – кажа Таццяна Шавура.

Факельнае шэсце рускіх жаўнераў па беларускай вёсцы

Факельнае шэсце – кульмінацыя абраду, калі калядоўшчыкі ідуць па вуліцах з запаленымі знічамі. Што не кажы – выглядае прыгожа.

Сёлета шэсце было вельмі кароткім – усяго каля 10 хвілінаў. Ці гэта звязана з кепскай саляркай, праз якую паходні наагул не хацелі запальвацца, ці з адсутнасцю жывой цікавасці з боку шчадраўнікоў.

«Здаецца, што гэта мусіць быць найвышэйшая жывая культура Беларусі. Мы праязджаем і што мы бачым? Пастановачныя здымкі, прыпыненне жывога абраду. Я была на іншых абрадах, у якіх няма такога статусу і няма такой мешаніны», – кажа Алена.

У размове пасля абраду «цары» казалі, што за ўдзел у працэсіі ім абяцалі па 35-50 рублёў.

Старажытны абрад з адсутнасцю інфраструктуры

Абрад «Калядныя цары» увайшоў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO яшчэ ў 2009 годзе. Але ніякай дапамогі, акрамя рэкламнай, ад арганізацыі не паступае. Мясцовыя жыхары хвалююцца, што ў гарадку няма аніводнага дому для адпачынку або гасцініцы. Нават трапіць туды можна толькі на машыне, а сёлета не было нават экскурсійных аўтобусаў.

Мабыць, гэта адна з галоўных прычынаў, чаму на свяце прысутнічалі ў асноўным толькі мясцовыя жыхары і журналісты. Турыстка з Менску Алена сказала, што дабіралася аўтаспынам 4 гадзіны – пры тым, што адлегласць тут усяго 150 км.

Нягледзячы на складанасці, мясцовыя жыхары з году ў год арганізуюць свята і ўжо зрабілі яго адной з візітовак мястэчка. Прыехаць туды варта не толькі, каб убачыць унікальны абрад, якога больш няма нідзе ў свеце, але і каб проста адчуць энергію людзей, якія робяць нешта важнае для сябе і для іншых.

ВР, фота Ірына Арахоўская Belsat.eu

Стужка навінаў