За забойства маці жыхара Наваполацку пакаралі 15 гадамі калоніі


Віцебскі абласны суд 30 жніўня пакараў 15 гадамі калоніі жыхара Наваполацку, абвінавачанаму ў забойстве маці, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю. Пра гэта паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду.

Сёлета 20 студзеня ў міліцыю звярнуўся мужчына і паведаміў, што за тры дні да гэтага, 17 студзеня, ягоная маці пайшла з дому і не вярнулася.

Падчас вышуку аператыўнікі вылучылі некалькі версіяў, у тым ліку і тую, што да знікнення жанчыны можа быць датычны сам сын. Неўзабаве высветлілася, што жанчына была забітая. 23 студзеня ў дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу. На наступны дзень ён паказаў міліцыі месца ў лесе ва Ўшацкім раёне, дзе схаваў цела маці.

Паводле дадзеных следства, мужчына пасварыўся з маці (яна жыла з сынам, нявесткай і двума ўнукамі ў адной кватэры) і нанёс ёй не менш за 8 удараў малатком па галаве. З заключэння экспертаў вынікае, што жанчына атрымала адкрытую пранікальную чэрапна-мазгавую траўму, ад якой памерла на месцы.

На судзе абвінавачаны не адмаўляў сваю датычнасць да забойства, але настойваў на тым, што не хацеў забіваць маці.

Пры вынясенні прысуду суд прызнаў змякчальнымі абставінамі раскаянне мужчыны, яўку з павіннай і наяўнасць у яго на ўтрыманні двух малалетніх дзяцей. За забойства з асаблівай жорсткасцю Крымінальны кодэкс прадугледжвае пакаранне аж да расстрэлу. Аднак з улікам усіх фактараў абвінавачаны атрымаў 15 гадоў зняволення. Акрамя таго, ён павінен выплаціць свайму дзядзьку, брату маці, 40 тысяч рублёў матэрыяльнай кампенсацыі за маральную шкоду.

Прысуд яшчэ не набыў сілу і можа быць абскарджаны.

КА belsat.eu

Стужка навінаў