Памежны камітэт нагадвае аб забароне правозу ў Беларусь шэрагу замежных лекаў з утрыманнем псіхатропных рэчываў.
Паводле Дзяржпамежкамітэту, яны сталі часцей знаходзіць у людзей на мяжы забароненыя ў Беларусі лекі: «Тэрафлю», «Ксанакс», «Феназепам», «КорвалТаб», «Дыязепекс», «Грыпекс».
Гэтыя лекі маюць у сваім складзе псіхатропныя рэчывы альпразопам, феназепам, фенабарбітал, дыязепам, псеўдаэфедрын.
У большасці выпадкаў падарожнікі спрабавалі ўвезці ў Беларусь лекі, якія набывалі ў аптэках краін Еўразвязу.
Поўны спіс забароненых прэпаратаў пералічаны ў пастанове № 19 Міністэрства аховы здароўя ад 11 лютага 2015 года.
«Колдрэкс» і «Тэрафлю» немагчыма было знайсці ў беларускіх аптэк ужо год таму, падаваў «Tut.by».
У нядаўняй размове з «Минск-Новости» Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што рэгістрацыя «Фервекса» скончылася ў 2017-м, а «вытворца проста сышоў з беларускага рынку».
Паводле медычных чыноўнікаў, «Колдрэкс» у таблетках перастаў прадавацца ў Беларусі яшчэ ў 2013-м, у парашку – на пачатку 2019 года.
«Рэгістрацыя «Тэрафлю» ў выглядзе парашка завяршылася ў жніўні 2018 года, але лекі прайшлі перарэгістрацыю, цяпер яна бестэрміновая. Магчыма, да сезону прастудаў і грыпу прэпарат з’явіцца», – паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
У красавіку 2019-га на беларуска-літоўскай мяжы затрымалі беларуску, у аўце якой была ўпакоўка «Тэрафлю». «Kp.by» падае, што жанчына прастудзілася падчас паездкі, і набыла парашок у адной з літоўскіх аптэк.
Толькі ад беларускіх памежнікаў яна даведалася, што ў літоўскім «Тэрафлю» змяшчаецца 60 мг рэчыва псеўдаэфедрыну. У Беларусі ж лекі з утрыманнем больш, чымся 50 мг эфедрыну прыраўноўваюцца да наркатычных і псіхатропных.
Жанчына ў выніку заплаціла толькі штраф у шэсць базавых, падае «Sputnik».
Памежнікі нагадваюць, што за незаконнае перамяшчэнне падобных рэчываў праз беларускую мяжу прадугледжаная адказнасць паводле ч. 1 артыкулу 328 Крымінальнага кодэкса. Санкцыя прадугледжвае да абмежаванне волі да пяці гадоў або пазбаўленне волі ад двух да пяці гадоў.
ДД belsat.eu