За пластыкавую бутэльку ў амапаўца – да шасці гадоў


Вадзіма Хіжнякова затрымалі ў Горадні 27 верасня. Паводле МУС, чалавек падобны да яго кінуў паўпустую пластыкавую бутэльку ў амапаўцаў, калі тыя цягнулі па зямлі затрыманых. Момант трапіў на відэа. Зараз Вадзіму пагражае да шасці гадоў за кратамі.

Гарадзенцу і беларусу Вадзіму Хіжнякову 52 гады. У апошнія гады ён займаўся бізнесам у Казахстане. У Менску ў яго дачка, у Горадні – бацька-пенсіянер, ветэран Афганістану. Падчас выбараў Вадзім быў назіральнікам на адным з участкаў.

Затрымалі яго 27 верасня каля забаўляльнага цэнтру «Галактыка». Там амап жорстка затрымліваў удзельнікаў пратэстаў, некага валаклі па зямлі. На відэа, якое трапіла ў сеціва, бачна, як людзі спрабуюць адбіць затрыманых. Паводле МУС, адным з іх акурат і апынуўся Хіжнякоў.

Са словаў адваката, Хіжнякову падчас затрымання пырснулі газам у твар, валаклі па зямлі. Пасля затрымання яго аглядаў лекар і выявіў сінякі. У кватэры мужчыны правялі ператрус, забралі тэлефон і ўлёткі. Нічога звязанага з экстрэмізмам або заклікамі да радыкальных дзеянняў не выявілі, аднак 27 верасня Хіжнякоў застаецца пад вартаю. Зараз – у СІЗА пры Гарадзенскай турме.

Міліцыянты не звярталіся па медычную дапамогу

«Хіжнякову інкрымінуецца арт. 364 КК – пагроза або выкарыстанне гвалту да супрацоўніка праваахоўных органаў, – распавядае адвакатка Юлія Юргелевіч, – Яго ўзялі за ўдзел у мірнай акцыі. Нібыта апазналі па відэа, дзе той кідае паўпустую пластыкавую бутэльку ў амапаўца. Твару на відэа не відаць – толькі элементы адзежы. Зараз ён у статусе абвінавачанага. Злачынства нібыта здзейснена групаю асобаў па папярэдняй змове: фігуруюць чатыры чалавекі. Але гэтыя людзі адно аднаго не ведаюць і не бачылі нават падчас інцыдэнту».

Пастанова аб завядзенні крымінальнай справы супраць Хіжнякова.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

З дакументаў справы вядома пра двух нібыта пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Разам з тым, са словаў адвакаткі, ніхто з міліцыянтаў не звяртаўся па медычную дапамогу ў кантэксце справы Хіжнякова. Інакш гэта было б вядома. У той самы дзень – 27 верасня – вядома пра адну супрацоўніцу МУС, якой разбілі нос, але гаворку вялі пра іншае месца і да Хіжнякова гэта не мела ніякага дачынення.

Максімальны тэрмін паводле інкрымінаванага мужчыне арт. 364 КК – шэсць год пазбаўлення волі. Але па «ніжняй планцы» ёсць таксама і абмежаванне волі. То бок, тэарэтычна можа быць і «хімія».

«Я лічу, што трымаць чалавека пад вартай па такой крымінальнай справе незаконна і неабаснавана, – лічыць Юлія Юргелевіч, – Можна было ўзяць падпіску пра нявыезд, напрыклад. У дадатак, адкрытым застаецца пытанне, ён гэта на відэа або нечым падобны да яго чалавек?»

«Лічу, што гэта дзяржаўны тэрор»

Валер Хіжнякоў, бацька арыштаванага.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Бацька арыштаванага – 73-гадовы Валер Віктаравіч Хіжнякоў. Былы кадравы вайсковец, ветэран вайны ў Афганістане. Перажыў два інфаркты і з усмешкаю дадае, што трэцяга не хацелася б.

«Агрэсіі ў сына ніколі не назіраў. Так, быў назіральнікам на выбарах, хадзіў на мітынгі. Ён па жыцці такі чалавек – за справядлівасць, – распавядае бацька, – 27-га верасня мяне не было дома, з’ехаў на лецішча. Позна ўвечары толькі даведаўся, што сына затрымалі: пазваніла адвакатка. Пасля, зразумела, не бачыўся з ім, не камунікаваў. Канверты ў СІЗА толькі нядаўна перадалі. Чакаю, каб адпісаў. Але там кажуць доўга ідзе, ледзьве не месяц».

Валер Хіжнякоў, бацька арыштаванага.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Валер Віктаравіч абураны і кажа, што для яго, як для вайсковага чалавека, гэтая гісторыя выглядае як нонсэнс:

«Я таксама служыў, але ніколі б на такое не пайшоў. Нават міністр абароны казаў, што армія выступіць за ўладу супраць народу, якому яны прысягу давалі. І калі Лукашэнка апошні раз інаўгурацыю праводзіў – я звярнуў увагу – раней народу прысягалі. А зараз – народу і прэзідэнту. Паслухайце, калі ён перад вайскоўцамі выступаў! Гэта што такое?».

Бацька арыштаванага прызнаецца, што не чакае справядлівасці ад гэтай улады. Узгадвае прыклад з баскетбалісткаю Леўчанкай і дадае, што «б’юць лепшых». Калі справа прыйдзе ў суд, то збіраецца ісці абавязкова. Нават прамову рыхтуе.

«Лічу, што гэта дзяржаўны тэрор, – рэзюмуе Валер Віктаравіч, – Калі такіх людзей будзем саджаць, то з кім застанемся? З кім сістэма застанецца? Гэта ж не бандыты, не гвалтаўнікі. Сын – чалавек з вышэйшай адукацыяй, мае працу, дачку. Ну давайце з АМАПам застанемся – і будзем дручкамі будаваць квітнеючую Беларусь…»

АК Belsat.eu

Стужка навінаў