За першыя чатыры дні 2020 году на пажарах загінулі 15 чалавек


У выніку пажараў з 1 па 4 студзеня ў Беларусі загінулі 15 асобаў, паведамляе Следчы камітэт. Часцей за ўсё прычынай пажараў быў чалавечы фактар.

Раніцай 1 студзеня ў вёсцы Махро Іванаўскага раёну Берасцейскай вобласці падчас тушэння пажару знайшлі целы трох мужчын: дваіх ва ўзросце 52 гады і аднаго 44-гадовага. Яны разам адзначалі Новы год. Прычыну пажару высвятляюць.

Ноччу ў вёсцы Вопытная Верхнядзвінскага раёну (Віцебская вобласць) ад агню загінуў 61-гадовы гаспадар, які жыў адзін. Мяркуецца, што ён меў неасцярожнасць пры курэнні ў памяшканні і быў нецвярозы.

А 3 студзеня гарэў дом у вёсцы Калткі Чашніцкага раёну, дзе загінула 89-гадовая жанчына. Пенсіянерка таксама жыла адна. Паводле папярэдняй версіі, узгаранне пачалося ад неасцярожнага падпальвання печы.

У аграгарадку Кірава (Жлобінскі раён) вечарам загінула 91-гадовая пенсіянерка. Па словах апытаных суседзяў, пажылая жанчына мела традыцыю ў дзень памяці памерлых сваякоў запальваць у доме перад іх партрэтам свечку і 2 студзеня была гадавіна смерці яе мужа, сцвярджаюць следчыя.

Фота – прэс-служба СК

Ноччу 1 студзеня згарэў драўляны дом у вёсцы Шылавічы Слонімскага раёну на Гарадзеншчыне. Загінуў 38-гадовы гаспадар. А ў вёсцы Рахавец ля Наваградку раніцай таго ж дня загінуў 67-гадовы мужчына. У абодвух выпадках, як лічаць следчыя, усяму віной неасцярожнасць з агнём пры курэнні ў ложку.

Самая масавая гібель людзей на пажары здарылася на Магілёўшчыне: у вёсцы Іллінка ноччу 1 студзеня знайшлі целы чатырох чалавек: 80-гадовай гаспадыні хаты, ейнай 55-гадовай дачкі і дваіх сваякоў 40 і 39 гадоў.

Па факце гэтага здарэння распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 144 Крымінальнага кодэкса (Прычыненне смерці па неасцярожнасці двум або больш асобам), распавялі ў СК.

КА belsat.eu

Стужка навінаў