За нясплачаныя штрафы ў журналістаў «Белсату» апісалі аўтамабіль і тэлефоны


13 ліпеня 2018 года. Яна Віктараўна Васюк з Аддзелу прымусовага выкананання Дзяржынскага раёну апісвае наяўныя грошы, знойдзеныя ў гаманцах журналістаў «Белсату». Фота – Вольга Чайчыц/«Белсат»

Вольга Чайчыц і Андрусь Козел пазбавяцца сваёй маёмасці, калі не сплацяць цягам двух тыдняў штрафы за прафесійную дзейнасць. Судовыя выканаўцы пагражаюць нашым калегам ворганамі сацыяльнай апекі.

13 ліпеня да журналістаў «Белсат» Вольгі Чайчыц і Андруся Козела завітала судовая выканаўца Аддзелу прымусовага выканання Дзяржынскага раёну Яна Віктараўна Васюк.

З журналістаў узялі распіску, што яны не прададуць і не разаб’юць сваё аўта. Фота – Вольга Чайчыц/«Белсат»

«Апісалі наш тэлефон, з гаманца пазабіралі ўсе грошы. Апісалі машыну і ўзялі распіску, што мы яе не прадамо і не разаб’ём. Цяпер мы нясем крымінальную адказнасць за захоўванне нашых рэчаў. Дом, у якім мы прапісаныя, належыць маме Андруся – праз гэта Яна Віктараўна сказала, што трэба звяртацца ў сацслужбы: маўляў, як дзеці жывуць у сітуацыі, калі ў нас няма маёмасці?» – кажа Вольга Чайчыц.

Толькі за гэты год беларускія суды наклалі агулам на Вольгу Чайчыц і Андруся Козела 12 штрафаў (нашыя калегі павінныя заплаціць дзяржаве амаль Br 9000). Прычына пераследу журналістаў – прафесійная дзейнасць. Усе справы былі заведзеныя паводле артыкулу 22.9 КаАП – «выраб або распаўсюд прадукцыі СМІ».

«Калі мы не сплацім штрафы цягам дзвюх тыдняў, гэтую маёмасць забяруць. Таксама яны сказалі, што будуць яшчэ думаць, што ў нас забраць у кошт штрафаў», – дадала Вольга.

Яшчэ ніводнага штрафу за 2018-ы год Вольга і Андрусь не сплацілі.

Летась журналісты «Белсату» заплацілі штрафаў на больш як $ 25 000. Імаверна сёлетняя сума штрафаў стане яшчэ большай: толькі за першыя 6 месяцаў гэтага году суддзі пастанавілі спагнаць з журналістаў нашага тэлеканалу больш за Br 46 253.

ДД

Глядзі таксама
Каментары