Аляксандрава затрымалі 12 студзеня як падазраванага ў крымінальнай справе.
Адвакатка затрыманага журналіста Андрэя Аляксандрава, Вольга Карпушонак, увечары 14 студзеня здолела сустрэцца з падабаронным падчас допыту ў ізалятары часовага ўтрымання на 1-м завулку Акрэсціна ў Менску, перадае БелаПАН.
«Андрэй жывы і здаровы, умовы нармальныя, ціску не аказваюць», – паведаміла адвакатка.
Паводле адвакаткі, 15 студзеня каля 13:00 мінае трое содняў з моманту затрымання, пасля чаго Аляксандрава павінны адпусціць альбо пакінуць пад вартаю.
Аляксандрава затрымалі 12 студзеня як падазраванага ў крымінальнай справе, распачатай паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
«Згаданы грамадзянін затрыманы ў сувязі з высвятленнем дачынення да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што адбыліся на тэрыторыі Менску», – паведаміла на наступны дзень афіцыйная прадстаўніца УСК па Менску Кацярына Гарлінская.
Затрымалі таксама дзяўчыну Аляксандрава – Ірыну Злобіну.
14 студзеня ў офісе БелаПАНу, дзе Аляксандраў у 2014–18 гадах працаваў намеснікам дырэктара, адбыўся ператрус. Сканфіскавалі частку тэхнікі і носьбітаў інфармацыі. У пастанове на ператрус таксама фігураваў артыкул 293 КК («Масавыя закалоты»).
ІК, belsat.eu