З'явіўся аўдыязапіс перамоваў расейскіх лётчыкаў падчас нападу на ўкраінскія караблі ў Керчанскай пратоцы


Служба бяспекі Украіны апублікавала аўдыязапіс, дзе можна пачуць перамовы расейскіх лётчыкаў, што стралялі 25 лістапада па ўкраінскім караблям у Керчанскай пратоцы.

На запісы можна пачуць як меркаваныя пілоты расейскага самалёта Су-30 і верталётаў Ка-52 дакладваюць, што яны «адпрацавалі» па групе ВМС Украіны, выкарыстоўваючы «алоўкі» (ракеты). Усяго былі выпушчаныя не менш за 4 ракеты.

«Гэтыя перамовы не пакідаюць ніякага сумневу, што расейскае вайсковае кіраўніцтва свядома аддавала загад на ўжыванне зброі супраць украінскіх караблёў», – адзначыў намеснік кіраўніка СБУ Алег Фралоў.

Нагадаем, 25 лістапада тры караблі ваенна-марскога флоту Украіны (браніраваныя катары «Нікапаль» і «Бярдзянск», а таксама рэйдавы буксір «Яны Капу») планавалі зрабіць пераход з Адэсы ў Марыупаль. Хаця Азоўскае мора і Керчанская пратока з’яўляюцца ўнутранымі водамі Украіны і Расеі, дзе гандлёвыя і ваенныя караблі карыстаюцца свабодаю суднаходства, расейскі бок не прапусціў украінскія караблі.

Расейцы абвінавацілі ўкраінцаў у парушэнні дзяржаўнай мяжы і «небяспечным манеўраванні». Пагранічны катар аховы «Дон» наўмысна пратараніў «Яна Капу», а ўваход у Керчанскую пратоку быў фізічна заблакаваны сухагрузамі. Да месца здарэння Расея накіравала вайсковае падмацаванне, у тым ліку баявыя верталёты. Паколькі ўкраінскія караблі не прапускалі ў Азоўскае мора, яны нарэшце павярнулі назад у Адэсу. Але расейцы пераследавалі ўкраінцаў у нейтральных водах, патрабавалі спыніцца і ў выніку адкрылі агонь на паражэнне. «Нікапаль», «Бердзянск» і «Яны Капу» былі захоплены і адпраўлены ў Керч. Ад 3 да 6 украінскіх маракоў атрымалі раненні, 24 чалавекі былі захоплены ў палон.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў