У расейскім нацыянальным парку «Смаленскае Паазер’е» выпусцілі з вальераў 11 зуброў, піша interfax.by.
У біясферным рэзерваце плануюць развесці папуляцыю зуброў, якія будуць жыць у натуральным прыродным асяроддзі.
5-гадовага самца прывезлі з Яраслаўскага заапарка. Пяць самак прывезлі з Беларусі. Ужо ў нацыянальным парку ў прывезеных зуброў нарадзілася пяць зубранят.
На шыю адной з дарослых самак быў замацаваны GPS-трэкер і прылада для перадачы SMS (прыбор дасылае паведамленні з каардынатамі месцазнаходжання зуброў).
«Цяпер перад супрацоўнікамі парку стаіць задача ўтрымаць зуброў у раёне падкормкі да надыходу вясны, забяспечваючы ім якаснае кармленне і надзейную ахову», – паведамляецца на сайце нацпарку.
Нацыянальны парк «Смаленскае Паазерʼе» займае каля 3 % тэрыторыі Смаленскай вобласці (146 тыс. га).
ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.by, poozerie.ru