Польшча пакрысе аслабляе парадак уезду беларусаў. Калі раней маглі ўязджаць толькі пэўныя катэгорыі грамадзянаў (з картай паляка або картай побыту), то цяпер могуць усе. Адзінае, што трэба прайсці 10-дзённы каранцін. Інфармацыя пра гэта змяшчаецца ў дакуменце, які апублікаваў МУС Польшчы.
Гэта азначае, што ўехаць на тэрыторыю Польшчы можа кожны беларус з кожным відам візы і з любымі мэтамі. Тэст на каронавірус не патрэбны, але абавязкова мець страхоўку на выпадак Covid-19. Таксама трэба будзе прайсці абавязковы 10-дзённы каранцін. Тэрмін каранціну пачынаецца на наступны дзень пасля ўезду. За парушэнне – штраф у памеры амаль $ 8000.
Кантраляваць выкананне каранціну дапамагаюць паліцыя і спецыяльнае мабільнае прыкладанне.
Тэрмін каранціну для замежнікаў у Польшчы скарочаны: раней трэба было выконваць самаізаляцыю цягам 14 дзён.
Авіязлучэнне ўзнаўляецца і з Расеяй. Цяпер у суседнюю краіну можна будзе трапіць на самалёце, абмежаванні на сухаземную мяжу пакідаюць. Палёты маюць адбывацца раз на тыдзень. «Белавія» аднаўляе рэйсы ў Маскву ад 30 верасня.
ДР belsat.eu