Ярмошына: Апазіцыя рыхтуецца да паразы на парламенцкіх выбарах


Apazicya

Лідзія Ярмошына

Датэрміновае галасаванне на выбарах – «вечнае пудзіла» апазіцыі. Так старшыня ЦВК пракаментавала апасенні апазіцыі наконт укіду бюлетэняў падчас датэрміновага галасавання.

«Давайце не будзем забываць, што апазіцыя, як звычайна, рыхтуецца да паразы. Каб падрыхтавацца да паразы, трэба сапсаваць, ачарніць рэпутацыю тых, хто ідзе на выбары. Яны (апазіцыя) гэтым займаюцца пастаянна», – заявіла Лідзія Ярмошына ў эфіры тэлеканалу ОНТ.

«Я не веру ва ўкід бюлетэняў – гэта грамадскія арганізацыі, сумленныя людзі, лепшыя з лепшых патрапілі ў выбарчыя камісіі. Існуе кантроль грамадскасці. Скрыні апячатваюцца. Адбіткі пальцаў здымаць? Гэта ж грамадскае мерапрыемства», – адзначыла кіраўнік Цэнтрвыбаркаму.

Пры гэтым яна прызнала, што выбары – працэс «у пэўным плане не прадказальны». Па словах кіраўніка ЦВК, розныя палітычныя сілы могуць выкарыстоўваць выбары як нагода, каб абвастрыць палітычную сітуацыю.

«І тыя заклікі, якія раздаюцца ўжо цяпер, паказваюць, што ўдзельнікі падзеяў 2010 года не навучыліся нічому нават у турме (маюцца на ўвазе масавыя затрыманні пратэстоўцаў, нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года – заўв.). Гэта значыць, яны зноў спрабуюць справакаваць нейкія акцыі непадпарадкавання. Вось гэта і зʼяўляецца самай вялікай пагрозай. З усім астатнім мы справімся. Усё знаходзіцца пад кантролем », – запэўніла Лідзія Ярмошына.

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН, фотаздымак «Спутник»

Стужка навінаў