Яны не служылі ў войску. Але аказаліся здольнымі аб'яднацца

Галоўнай падзеяй учорашняй стужкі навін стала фатаграфія – здымак, на якім побач апынуліся тры выдатныя беларускія жанчыны. Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала, Марыя Калеснікава. Тры жанчыны, якія выканалі ў дадзенай палітычнай сітуацыі абавязкі мужчын.

Я маю цяпер на ўвазе не гендэрную ролю, а тую палітычную ролю лідэраў і перамоўшчыкаў, якая традыцыйна замацоўваецца ў грамадскай свядомасці за мужчынамі. Маўляў, у «моцнага полу» больш магчымасцяў аб’яднацца на агульных падставах і ў прынцыпе дамовіцца аб супрацоўніцтве. Але, здаецца, менавіта цяпер гэтага абʼяднання чакала сапраўды ўсё грамадства. Таму што абʼядналіся людзі, якія не маюць (ці не выказваюць, ва ўсялякім выпадку) асабістых амбіцый. Усе тры жанчыны пры гэтым выканалі абавязкі цалкам канкрэтных мужчын. Святлана Ціханоўская была вымушаная стаць кандыдатам у прэзідэнты замест арыштаванага мужа. Вераніка Цапкала выйшла на першы план пасля нерэгістрацыі свайго мужа, пра якога нахлусілі і якога ашаламілі. Марыя Калеснікава прыступіла да кіраўніцтва штаба Віктара Бабарыкі пасля арышту яго сына і начальніка штаба, Эдуарда.

Марыя Калеснікава, Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала. Фота з сацсетак

Будзем спадзявацца, усё не скончыцца фатаграфіяй трох выдатных дам, на фоне якой партрэт спадарыні Ярмошынай здаецца партрэтам Дарыяна Грэя з рамана Оскара Уайльда. Калі штабы сапраўды змогуць размеркаваць зоны адказнасці і змогуць эфектыўна правесці бліжэйшыя дваццаць з невялікім дзён, дэпрэсія, у якую пагрузіцца грамадства пасля выніковай прэс-канферэнцыі кіраўніка цырка, будзе значна меншай. І слабая надзея на гэта з’яўляецца адначасова надзеяй на перамены. Жыццё ж не заканчваецца 9 і нават 10 жніўня. Будзем спадзявацца на тое, што яно не скончыцца ні ў каго ў гэтыя дні. А далей працягнецца і палітычная барацьба.

Але галоўнае – Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на гэтую фатаграфію! Ужо адрэагаваў! Цытую:

– Нам трэба аж да Канстытуцыі запісаць вызначэнне, каб на пасаду прэзідэнта не мог прэтэндаваць чалавек, які не служыў у войску. Які ён галоўнакамандуючы, калі не ведае, што такое войска. Будзе рот раскрыўшы хадзіць, ты яму локшыны на вушы навешаюць, скажаш СВД, а ён падумае, што танк. Не служыў у войску, значыць, цябе там быць не павінна», – заявіў прэзідэнт.

Hавiны
Лукашэнка: Не служыў у арміі – значыць, цябе на прэзідэнцкай пасадзе быць не павінна
2020.07.16 22:04

 

Можна, вядома, трактаваць так, што гаворка ідзе пра мужчын – «белабілетнікаў», аспірантаў-ухілістаў, дзяцей састарэлых і хворых бацькоў. Але факт застаецца фактам: Лукашэнка не ўпершыню кажа аб тым, што прэзідэнтам не павінна стаць жанчына. У мінулы раз, калі ён прама сказаў пра гэта – праўда, завуаляваўшы сваё гендарнае хамства словамі пра тое, маўляў, што занадта цяжкая ноша для жанчыны наша Канстытуцыя, – многія жанчыны абурыліся. І абурыліся справядліва.

Сапраўды, жанчыны маюць поўнае маральнае (не толькі юрыдычнае) права кіраваць дзяржавай, нават не служачы ў войску. Імёны Голды Мэір, Маргарэт Тэтчэр, Беназір Бхутта, Індзіры Гандзі, Ангелы Меркель, Далі Грыбаўскайтэ, шмат якіх іншых прэм’ер-міністраў, прэзідэнтаў, міністраў, кіраўнікоў парламентаў – лепшае таму пацверджанне, бо спраўляліся яны з кіраваннем дзяржавамі лепш, чым Лідзія Ярмошына з апалонікам для баршчу. Але справа ў тым, што наш Вярхоўны баршчавар катэгарычна адмаўляецца прызнаваць уласныя памылкі. Абсалютызуе ж ён іх проста таму, што… Ну, як яго… Альфа-самец…

Hавiны
«Зваліцца, небарака». Лукашэнка распавёў, чаму жанчына не можа быць прэзідэнтам у Беларусі
2020.06.20 15:13

Інваліды Франклін Дэлано Рузвельт (прыкаваны да крэсла-каталкі) і Іосіф Сталін (вядома, што пакутаваў на «сухарукасць») апынуліся на чале дзвюх звышдзяржаў-пераможцаў у Другой сусветнай вайне. Не, я Сталіна не абараняю – адна з самых агідных асобаў у найноўшай гісторыі. Але яго інваліднасць – гістарычны факт. Чэрчыль і дэ Голь, праўда, служылі ў войску – але, значыць, лік – пяцьдзесят на пяцьдзесят.

Чаго ж вам болей?

Калі спроба такім чынам абмежаваць законныя правы вялікай колькасці грамадзян будзе ўсё ж такі прадпрынятая, думаю, Венецыянская камісія дасць сваё заключэнне – ды і Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, якім бы ён ні быў кішэнным, будзе абавязаны выказацца. Але асабіста я спадзяюся на тое, што аўтарытэт трох жанчын, якія апынуліся сёння на фатаграфіі – замест мужчын, якія так і не змаглі своечасова зрабіць падобны здымак «на траіх» – будзе дастаткова высокі ў грамадстве, каб перашкодзіць падобнай дурасці.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў