Якія сацыяльныя групы ў Беларусі пакутуюць больш за ўсё?


Цэнтр экспертызаў у галіне роўных правоў 11 снежня прэзентаваў вынікі даследавання «Сацыяльныя ўразлівасці як індыкатар няроўнасці ў Беларусі». На падставе апытання фокус-групаў эксперты распавялі, з якімі праблемамі сутыкаюцца найбольш уразлівыя сацыяльна-дэмаграфічныя супольнасці.

У межах даследавання апытваліся прадстаўнікі шэрагу сацыяльна-дэмаграфічных групаў насельніцтва: маладыя спецыялісты, людзі сталага веку, жыхары сельскай мясцовасці, людзі з ВІЧ, ЛГБТ, рома, мусульмане і людзі з інваліднасцю.

Людзі з ВІЧ

Галоўныя праблемы гэтай групы – працаўладкаванне і стыгматызацыя (перадузятае стаўленне іх атачэння). Шмат хто проста не хоча мець стасункі з хворымі на ВІЧ.

«Нам распавядалі гісторыі, калі дзеці не хацелі вучыцца разам з ВІЧ-пазітыўнымі, бо лічылі іх заразнымі», – кажа суаўтарка даследавання Наталля Кутузава.

Надзея Ільюшэнка і Наталля Кутузава. Фота: belsat.eu

Таксама існуе стэрэатып, што людзі атрымалі сваё захворванне праз прастытуцыю, аднаполыя стасункі або наркаманію. Адсюль з’яўляюцца праблемы з працаўладкаваннем.

«Знайсці працу немагчыма. А калі ты ўсё ж працаўладкаваўся, але прасачылася інфармацыя, што ты хворы, то пачынаецца булінг і фактычна выцісканне з працы. Калегі проста не хочуць з такім чалавекам быць побач», – распавядае суаўтарка даследавання Надзея Ільюшэнка. Акрамя таго, людзям з ВІЧ забараняюць навучацца вялікай колькасці прафесіяў.

Праз праблемы з працай такія людзі сістэматычна пакутуюць на недахоп грошаў.

«Гэта людзі з разбураным імунітэтам, якія не маюць зберажэнняў. А ім патрэбнае добрае харчаванне, лекі, медычная дапамога», – канстатуе Наталля Кутузава.

Нават сваякі часта ставяцца да хворых на ВІЧ людзей з перадузятасцю, яны не хочуць з імі падтрымліваць стасункі.

ААН: смяротнасць ад СНІДу з 2004 году знізілася напалову

ЛГБТ

Вельмі часта прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці проста не хочуць браць на працу. Прычым у першую чаргу з гэтым сутыкаюцца трансгендары: калі гомасексуалісты могуць схаваць прыналежнасць да ЛГБТ, то трансгендарнасць часцей за ўсё кідаецца ў вочы. Тыя ж, хто мае працу, сутыкаецца з абразлівым стаўленнем калегаў. Натуральна, праз праблемы з працай у гэтай групы ёсць і сістэматычныя праблемы з фінансавымі сродкамі.

Атрыманне медычных паслугаў для ЛГБТ таксама праблема. Лекары вельмі часта кепска ставяцца да гэтай сацыяльнай групы, дапускаюць недарэчныя і абразлівыя каментары на іх адрас.

Прадстаўнікі ЛГБТ сутыкаюцца з праблемамі і пры звяртанні ў дзяржаўныя ўстановы – да іх часта ставяцца адмоўна.

«У міліцыю гэтыя людзі наагул баяцца звяртацца», – адзначае Надзея Ільюшэнка.

Таксама прысутнічае праблема бяспекі ў публічных месцах. Прадстаўнікі ЛГБТ часта сутыкаюцца з агрэсіўным стаўленнем да сябе, існуе пагроза гвалтоўных дзеянняў. А ў некаторых выпадках гэтыя людзі сутыкаюцца з гвалтам у сваёй жа сям’і.

«Нам распавядалі пра выпадкі хатняга гвалту. Сваякі спрабавалі «выправіць» сексуальную арыентацыю свайго дзіцяці такім чынам», – распавяла Наталля Кутузава.

Рома

Асноўная праблема гэтай этнічнай групы – беднасць. Паводле незалежнага маніторынгу, больш за 80 % ромаў у Беларусі жывуць за мяжой беднасці. «Па-першае, у людзей не хапае кваліфікацыі. Па-другое, іх не бяруць на працу праз стерэатыпы», – кажа Наталля Кутузава.

Наталля Кутузава. Фота: belsat.eu

Ромы сутыкаюцца з вялікімі праблемамі ў сацыяльным асяродку. Вельмі часта ў прадстаўніках гэтай групы бачаць патэнцыйных злодзеяў.

«Нам распавядалі выпадак, калі сям’я з Менску, прычым даволі забяспечаная па нашых мерках, прыходзіць у супермаркет, а за імі следам ходзяць ахоўнікі. Жанчына бурна рэагуе: чаму вы за мной ходзіце? А ахоўнікі кажуць: а мы ўсё чакаем, калі вы штосьці скрадзеце», – кажа экспертка.

З іншага боку, і самі ромы маюць страхі перад сацыяльнай інтэграцыяй.

«Білі па галаве, дзясяткі дагэтуль за кратамі». Ромы з Чапаеўкі скардзяцца на жорсткасць сілавікоў

Людзі з інваліднасцю

Людзям з інваліднасцю ў Беларусі вельмі часта не хапае грошаў на лекі і харчаванне, у тым ліку тую спецыяльную дыету, якая ім прапісаная лекарамі.

Яны таксама скардзяцца на несправядлівыя ўмовы групаў інваліднасці. З некаторымі групамі інваліднасці чалавека, паводле закону, наагул не бяруць на працу, хаця дэ-факта ўсе неабходныя прафесійныя абавязкі чалавек здольны выконваць.

«Жанчына з другой групай інваліднасці, настаўніца музыкі. Яе інваліднасць ніяк не ўплывае на здольнасць вучыць дзяцей або выконваць музычныя творы. Жанчыну запрашалі на працу ў музычную школу, што знаходзяцца побач з домам, і яна вельмі хацела працаваць. Але працаўладкавацца не змагла, бо ў яе непрацоўная група інваліднасці», – распавяла Наталля Кутузава.

«Гэта дзіўная сітуацыя, незразумела нават, чым яна бюракратычна апраўданая. Такое стаўленне з пункту гледжання правоў чалавека мне падаецца алагічным», – дадае Надзея Ільюшэнка.

Надзея Ільюшэнка. Фота: belsat.eu

Яшчэ больш складаная сітуацыя для інвалідаў у правінцыі. У рэгіёнах, і ў першую чаргу ў вёсцы, існуюць вялізарныя праблемы са стварэннем інклюзіўнага асяродку.

Жыхары сельскай мясцовасці

З аднаго боку вяскоўцы здольныя задаволіць свае асноўныя патрэбы – яны маюць жытло і праз наяўнасць уласных агародаў забяспечаны хаця б мінімальнай колькасцю прадуктаў. Але рацыён у іх вельмі бедны, а цэны ў мясцовых крамах часам вышэй, чым у горадзе.

На вёсцы людзі пакутуюць ад кепскай медыцыны, немагчымасці атрымаць крэдыты і адсутнасці перспектываў.

«І справа не ў капрызе моладзі, якая хоча нейкія канцэрты. Цяпер вельмі заўважны разрыў паміж узроўнем адукацыі ў сельскіх і гарадскіх школах. Вялікі разрыў магчымасцяў кудысьці пайсці падвучыцца. Тут няроўнасць магчымасцяў у чыстым выглядзе», – кажа Наталля Кутузава.

У такіх умовах людзі сталага веку самі агітуюць дзяцей і ўнукаў з’язджаць з вёскі ў горад.

Іншыя групы

Маладыя спецыялісты ў Беларусі пакутуюць перш за ўсё на недахоп фінансавых сродках. Гэтых сродкаў у іх часам не хапае нават на ежу. Па выніках даследавання ў моладзі сітуацыя па паказніку «беднасць» нават горш, чым сярод вяскоўцаў і людзей сталага веку.

«Галоўная ўразлівасць моладзі датычыць адпаведнасці даходаў асноўным патрэбам. У маладосці чалавек жыве актыўным жыццём, у яго шмат патрэбаў і гэтыя патрэбы грамадства нават навязвае. Пры гэтым маладыя спецыялісты зарабляюць даволі мала», – кажа Надзея Ільюшэнка. Прычым гэта не абавязкова звязана з працай па размеркаванню – па завяршэнню размеркавання часцей за ўсё фінансавае становішча істотна не мяняецца.

«Практычна ва ўсіх апытаных маладых спецыялістаў ёсць патрэба эканоміць на асноўных патрэбах. Была нават дзяўчына, якая казала, што ў яе не было грошай на ежу і яна праз гэта страчвала прытомнасць», – кажа экспертка.

Вынікі даследавання

Мусульмане з усіх групаў, што ўдзельнічалі ў даследаванні, пакутуюць менш за ўсё. Фактычна, адзіная дыскрымінацыя, з якой яны сутыкаюцца, гэта праблема нашэння жанчынамі хустак. Не ўсе працадаўцы дазваляюць іх насіць мусульманкам, а таксама ў хустцы забараняецца фатаграфавацца на пашпарт і на правы кіроўцы. Бывае, што кіраўніцтва наагул не хоча браць на працу мусульманку, але такія выпадкі не носяць масавага характару.

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары