Як вуж на патэльні. Беларусь Лукашэнкі ў 2018-ым

ВІДЭА

Новая рэдакцыя дэкрэту аб дармаедах з’явіцца сёлета. Аднак масавага народнага абурэння чакаць гэтым разам не варта. Чым скончыцца для эканомікі гібрыд касмічнага карабля з паравозам і калі па беларускай эканоміцы можа моцна ўдарыць беспрацоўе? Ці ўяўная беларусізацыя можа стаць рэальнаю і ці Беларусь стане больш свабодная сёлета? Каментуюць Аляксандр Класкоўскі, Станіслаў Івашкевіч, Уладзімір Мацкевіч ды Андрэй Кім у сюжэце Усевалада Шлыкава для праграмы «Прасвет» з Алінаю Коўшык.

2017-ы пачаўся з небывалага маштабу сацыяльных пратэстаў. Людзі па ўсёй краіне патрабавалі адмяніць гэтак званы «дармаедаўскі дэкрэт». І ўлады пайшлі на саступкі. Часовыя. Новая рэдакцыя спрэчнага падатку з’явіцца ўжо налета. І гэтым разам народнага абурэння чакаць не варта.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Тут бачная стратэгія Лукашэнкі, якую ўжылі ў дачыненні дарожнага падатку ды індывідуальных прадпрымальнікаў: уводзіцца такая захада, пратэсты, яна адкладаецца на год-два, людзі да гэтага прызвычайваюцца, тым часам самыя актыўныя пратэстоўцы выводзяцца з гульні, людзі звыкаюцца з гэтаю думкай».

Іншая справа – ці хтосьці сапраўды плоціць дарожны падатак? Магчыма, такі ж лёс чакае і новую рэдакцыю дармаедаўскага падатку. Гэта не адзіны дэкрэт, што пачне дзеяць налета. Пад канец 2017-га Лукашэнка падпісаў ці не самы гучны дакумент года. Тады ён заявіў: «Беларусь становіцца першаю ў свеце дзяржаваю, што адкрывае шырокія магчымасці для выкарыстання тэхналогіі блокчэйн».

Намаганні – надзвычай слушныя, кажуць нашыя адмыслоўцы, іншая справа – наколькі рэалістычныя.

«Спадзяванні на тое, што мы вось тут зробім ай-ты краіну, зробім адзін перадавы кластэр для гэтых айтышнікаў, дамо ім англійскае права, а на рэшце тэрыторыі ў нас будзе прававы нігілізм і з маўзерам будзе хадзіць камісар і ў любы момант можа бізнесоўца закаваць у кайданкі – гэтага не атрымаецца. Вось гэты гібрыд карабля з паравозам, як вырашыла беларуская ўлада рабіць, скончыцца, на маю думку, вялікім фіяска», – лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Наш карабель-паравоз такім чынам будзе лавіраваць паміж закасцянелымі прынцыпамі постсавецкае эканомікі ды імкненнем зрабіць крок у будучыню. Падобных манеўраў варта чакаць і ў палітычнай сферы. Бо з аднаго боку Менск і хацеў бы выправіць дачыненні з Захадам, але як гэта зрабіць, калі Крэмль з тым жа захадам ідзе на канфлікт?

Каментуе Аляксандр Класкоўскі:

«Афіцыйны Менск не хоча ўлазіць – гэта не наша вайна, бо хоць у нас тут і дыктатура і ўсё такое, але мы не імперыя і такіх амбіцыяў, як у Пуціна, у Лукашэнкі, натуральна, няма. Таму трэба будзе круціцца як вужу на патэльні».

Чым ён і займаўся на нефармальнай сустрэчы лідараў краінаў-сябраў СНД. Лукашэнка выказаў поўнае падтрыманне Уладзіміру Пуціну перад прэзідэнцкімі выбарамі

Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Мы абсалютна ўпэўненыя, што гэтая палітычная барацьба не будзе вострая і драматычная, як было калісьці ў расейскай гісторыі, і ў гэтым вялікая заслуга прэзідэнта Расеі. Мы н(я) будзем казаць пра перспектывы, выдатна разумеючы іх».

А што ж з перспектывамі шараговых беларусаў? На меркаванне адмыслоўца, большага пазітыву ад 2018 чакаць не варта.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Будзе паступова скарачацца занятасць на заводах, шляхам непрацягвання кантрактаў з пенсіянерамі і гэтак далей. Але сапраўды праблема беспрацоўя ўдарыць моцна праз два-тры гады, калі ў свеце чакаецца замена хуткага эканамічнага росту на больш павольны».

Тым часам, нягледзячы на невыкананне абяцання заробку на 500 долараў і скарачэнні на прадпрыемствах, беларусы ўсцяж здаюць валюту, забяспечваючы стабільнасць зайчыка. Тлумачыцца тое проста.

«Вялікая доля ў гэтым, на маё меркаванне, непараўнальна большая, чымся раней – гэта пераводы гастарбайтараў. Настолькі проста болей гастарбайтараў у нас працуе за мяжою. І гэтая тэндэнцыя будзе павялічвацца пры існай эканамічнай мадэлі», – лічыць Станіслаў Івашкевіч.

Іншым – больш узнёслым трэндам – ужо не першы год лічыцца павольная беларусізацыя. Гэтак, сёлета ці не ўпершыню беларуская мова загучала ў кінатэатрах дзякуючы праекту «Беларускія ўікенды».

Гаворыць кіраўнік праекту Андрэй Кім:

«Гэта крок насустрач. Нам не перашкаджаюць і дазваляюць працаваць у дзяржаўных кінатэатрах. Я за гэта ўдзячны, я разумею, што гэтага магло б не быць. Зразумела, што ў нармальнай дзяржаве, скажам, гэта гучыць даволі дзіўна, але мы жывем не ў Польшчы, Украіне ці Літве. Мы жывем у Беларусі і пяць гадоў таму такое было б немагчыма».

То бок беларусізацыя адбываецца на ўзроўні – далі загад не перашкаджаць ініцыятывам знізу. Налета ж кіно па-беларуску толькі паболее.

«Зробім усё для таго, каб у Менску паказаць мега-класны фільм, гэта пакуль сакрэт. Мы таксама плануем паказаць прэмʼерны блокбастэр. Каб ішоў фільм адначасова са сусветнай прэмʼерай адначасова па-расейску і беларуску. І таксама будзем пашыраць сваю дзейнасць у рэгіёнах», – працягвае Андрэй Кім.

Праўда, усе астатнія нашыя эксперты выказваюць куды менш энтузіязму ды наагул беларусізацыі не бачаць. Узгадайма заблакаваны некалькі тыдняў таму ў Палаце прадстаўнікоў нават двухмоўны, а не беларускамоўны законапраект. На меркаванне філосафа Уладзіміра Мацкевіча, ёсць уяўная беларусізацыя, якая тым не менш дае шанец на рэальныя перамены.

«Беларуская грамадскасць ухваліла нават мяккую няісную беларусізацыю. Гэта знаходзіць пэўны водгук у грамадстве. Рэжым можа пайсці на сапраўдныя крокі ў гэтым кірунку, каб мець большую грамадскую падтрымку», – каментуе філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Пакуль беларуская мова карыстаецца попытам у самым грамадстве, улады не будуць губляць гэтага патэнцыйнага рэсурсу. Але і дазволіць сабе рашучых крокаў не могуць – у Расеі вунь ужо цяпер бачаць беларускі нацыяналізм. Што ж да года 2018-га….

«18 год не стане пераломны, і тым болей цяжка казаць пра нейкі рух да дэмакратыі, пра тое, што Беларусь наблізіцца да еўрапейскіх стандартаў. Гэта доўгі шлях, дый няма гарантыі, што нават пасля Лукашэнкі ў нас хутка наступіць нейкае царства свабоды і справядлівасці», – прагназуе Аляксандр Класкоўскі.

А таму тым, хто хоча прагрэсу і проста лепшае будучыні для нашае краіны, варта, як і сёлета, рыхтавацца да доўгай руплівай працы налета.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык 29 снежня 2017 г.

Таксама ў праграме:

  • Якімі будуць дачыненні Беларусі з Захадам і Усходам у 2018-ым?
  • Прагноз у інтэрв’ю з Рыгорам Астапенем з Цэнтру новых ідэяў і доктарам палітычных навук Паўлам Усавым.
  • Расея-2018: усё будзе, як захоча Уладзімір Пуцін?
  • Глабальны прагноз аптыміста
Глядзі таксама
Каментары