Свята-Раства-Багародзіцкі жаночы манастыр месціцца ў колішняй уніяцкай бажніцы XVIII ст. і паступова «пераварвае» старыя архітэктурныя рысы, замяняючы іх штучным для Беларусі «лубком».
Апошнім новаўвядзеннем ігуменні матушкі Гаўрыілы, вядомай прыхільнасцю да Расеі і казакоў, стаўся прытвор з белай сілікатнай цэглы, які акурат цяпер будуюць на ўваходзе ў бажніцу.
«Справа ў тым, што прытвор цалкам парушае архітэктурную канцэпцыю будынку, – лічыць гісторык Ян Лялевіч, – Бажніца першапачаткова, як уніяцкая, была скіраваная алтаром на захад, і толькі пасля перадачы праваслаўным – пераарыентаваная на ўсход. І калі перамена алтара ўнутры будынку – справа не крытычная, то падобныя прыбудовы знішчаюць гістарычны выгляд помніка».
Зрэшты, падобны прытвор у бажніцы ўжо некалі быў, але драўляны. Яго разабралі ў 1980-х гадах падчас навуковай рэстаўрацыі, якая мелася вярнуць царкве і манастырскаму комплексу гістарычны выгляд.
У тыя часы комплекс належаў адзінаму ў Беларусі Музею гісторыі рэлігіі і атэізму ды аднаўляўся паводле еўрапейскіх стандартаў пад кіраўніцтвам менскага архітэктара Галіны Жаровінай ды ейнага мужа Валянціна Калніна. Гэта быў ці не адзіны будынак у горадзе, які ў савецкія часы рэстаўравалі паводле сапраўднай навуковай методыкі ў поўным аб’ёме.
У 1992 годзе аблвыканкам перадаў бажніцу і кляштарныя будынкі праваслаўнаму жаночаму манастыру. Перадача расцягнулася на гады і не абышлася без канфліктаў: паводле ўспамінаў былых супрацоўнікаў музею, даходзіла да сутычак з вернікамі, калі тыя… выкідалі музейныя экспанаты з вокнаў.
Апошнюю кропку ў гісторыі з перадачай комплексу праваслаўнаму манастыру паставіў… кіраўнік краіны. У 1998-м Лукашэнка быў у Горадні і сустракаўся з ігуменняй Гаўрыілай. Пасля гэтай сустрэчы мясцовыя ўлады маланкава аформілі перадачу кляштару праваслаўнай царкве.
Пасля высялення музею, новая кіраўніца кляштару, матушка Гаўрыіла ўзялася і за архітэктурную частку.
Той факт, што комплекс мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, пра што сведчыць адмысловая шыльда на сцяне бажніцы, не перашкодзіў замяніць старыя каваныя крыжы на новыя, керамічную дахоўка на металадахоўку, а на чорным купале наляпіць залачоных зорак, якія не адпавядаюць барочнай архітэктуры будынку, затое, пасуюць стылю праваслаўных цэркваў сярэдняй Расеі ці Казані.
У 1990-я на кляштар прэтэндавала не толькі БПЦ, але і мясцовыя грэка-католікі (уніяты), якія разглядалі яго як сваю спадчыну. Каб вярнуць бажніцу сваёй канфесіі, якая не мела культавых пабудоваў у горадзе, уніяты праводзілі нават вулічныя пікеты.
Паводле а. Андрэя Крата, сучаснага настаяцеля гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай, падобныя архітэктурныя пераробкі псуюць не толькі ўніяцкую спадчыну, але і нацыянальную, бо комплекс манастыра належыць не толькі вернікам той ці іншай канфесіі, але, як помнік, з’яўляецца здабыткам усіх гарадзенцаў і беларусаў.
Комплекс Свята-Раства-Багародзіцкага кляштару ў сучасным выглядзе паўстаў пасля таго, як уніяцкі мітрапаліт Леў Кішка ў 1720 годзе знайшоў грошы на будоўлю ды запрасіў аднаго з лепшых архітэктараў Рэчы Паспалітай таго часу Іосіфа Фантана ІІІ. Тады комплекс функцыянаваў як кляштар базыльянскага ордэну.
Пасля скасавання Уніі ў 1843 годзе манастыр адышоў праваслаўным, ва ўласнасці якіх знаходзіўся ажно да 1958 году, калі манахіняў перасялілі ў манастыр у Жыровічы.
За савецкім часам тут быў інтэрнат для студэнтаў, ДТСААФ, клуб аўтааматараў, радыёклуб ды інш. Ад 1976 у комплексе размясціўся Музей гісторыі рэлігіі і атэізму, які ствараў пісьменнік і музейшчык Аляксей Карпюк. Ад 1990-х гадоў усе будынкі належаць Беларускай праваслаўнай царкве.
Алесь Кіркевіч, belsat.eu