«Я проста хачу да мамы на ручкі». Аповед дачкі затрыманай заснавальніцы Прэс-клубу Юліі Слуцкай

Аляксандра ў дэталях уяўляе, як сустракае маму з СІЗА: гэта марозны сонечны дзень, яна ў новай сукенцы, на шыі – шалік з мамінага заплечніка, які ёй аддалі ў ДФР. Брама адчыняецца – мама выходзіць. Аляксандра моцна яе абдымае і больш нікуды ад сябе не адпускае, хіба толькі ў душ. Каб пагаварыць з маці і братам, цяпер яна мусіць пісаць лісты на Валадарку: Юлію і Пятра Слуцкіх, пазней прызнаных палітычнымі вязнямі, затрымалі 22 снежня паводле «справы Прэс-клубу».

Александра Слуцкая, дачка Юліі Слуцкай. Фота: АВ / Белсат

У гэты дзень Аляксандра з маці і двума дзецьмі вярталіся з адпачынку: здавалася, выйсці з аэрапорту на слотную зямлю – найгоршае, што можа здарыцца з чалавекам.

«Вашая мама зараз будзе»

Яны падышлі да акенца пашпартнага кантролю, работнік, зазірнуўшы ў пашпарт Аляксандры, узяў рацыю і распачаў з кімсьці размову. Маці сціснула ёй руку. Мытнік склаў пашпарты ў стосік, тым часам да сям’і падышоў іншы чалавек, які сказаў, што ім давядзецца прайсці праз чырвоны калідор.

«І мама, і я верылі, што ідзецца толькі пра дадатковы мытны агляд. Мяне з дзецьмі хуценька агледзелі, адкрылі валізу і закрылі. Потым спыталі, ці вязу я нейкія лекі. Я кажу, што так, але мяне нават не папрасілі іх паказаць, настолькі гэты агляд быў фармальны. Разам з намі даглядалі яшчэ некалькі асобаў, у двух хлопцаў я спытала: «23.34?» – яны пацвердзілі, і мы рассмяяліся. Я вырашыла, што ўсё гэта праз мой 23.34, і ля выхаду стала чакаць маму».

Следам, размахваючы актамі агляду, выйшлі тыя хлопцы ды сказалі: «Вашая мама там, зараз будзе». Але Юлія Слуцкая так і не з’явілася, ейны тэлефон хутка зрабіўся недаступны.

Юлія Слуцкая. Фота: press-club.by

Аляксандра пачала шукаць маму і ўрэшце дачакалася, калі нехта выйшаў з чырвонага калідора. Дзверы адчыніліся, і яна паклікала мытніцу. Дзяўчына спачувальна паглядзела і прашаптала, што Юлію Слуцкую забрала фінансавая міліцыя.

«Гэта катаванні, каб знішчыць як асобу». Размова з маці студэнта, пакаранага 114-дзённым арыштам

«Вядома, мама адчувала сябе ў небяспецы, бо ў гэтай краіне ўсе, хто нешта робіць, робіць нешта незвычайнае, – у небяспецы. Але дрэнныя прадчуванні былі, хутчэй, у мяне, не ў яе. Я казала: «Мамачка, я хачу, каб ты з’ехала». А яна адказвала: «Няўжо ты можаш сабе ўявіць, што ўсе мае застануцца тут, а я з’еду?»

Я сапраўды не магла сабе такога ўявіць, а тым часам заўважала нядобрыя знакі: на адпачынку ў гатэль да нас штодзень прылятала гадкая варона і каркала на нас. Мама з мяне смяялася: «Класная варона, што ты да яе чапляешся».

Фота: АВ / Белсат

Дзецям Аляксандра сказала, што бабулю забраў дзядуля ды яны едуць дадому іншым аўтамабілем, а па дарозе з аэрапорту спрабавала дазваніцца дырэктару Прэс-клубу Сяргею Альшэўскаму і свайму брату, які ўрэшце адказаў: прашаптаў толькі, што ў офісе – ператрус. «Так я зразумела, што Пеця таксама, хутчэй за ўсё, затрыманы. А мама пра гэта даведалася, калі ўбачыла яго ў ДФР, для яе гэта быў дадатковы стрэс».

У МУС параілі напісаць заяву аб прапажы

У кватэры Юліі Слуцкай прайшоў агляд. Як пазней распавёў ейны муж Аляксандр, усё было даволі культурна: кватэру не пераварочвалі, прасілі тое-сёе адкрыць, з’ездзілі на лецішча, забралі тэлефоны, ноўтбукі і плацежныя карткі. «Я чакала ля дому і бачыла, як маму выводзяць у атачэнні пяці ці шасці чалавек. Яна паспела сказаць, што вязуць у ДФР. Я паехала туды, але ахоўнік будынку паглядзеў на мяне шчырымі вачыма і ледзь не пакляўся, што да іх нікога не прывозілі. Тым не менш са сваякамі іншых затрыманых мы стаялі там дапазна: у вокнах гарэла святло, і мы разумелі, што нашыя родныя, хутчэй за ўсё, там».

«Піша, што трымаецца». Унучка беларускага паэта Івана Арабейкі сустрэне сваё 20-годдзе за кратамі

Наступнаю раніцаю сваякі раздзяліліся і паехалі шукаць затрыманых у ДФР, на Акрэсціна, у Жодзіна і проста ў галоўным упраўленні МУС, дзе Аляксандры параілі напісаць заяву аб прапажы.

«Насамрэч я ведала, дзе мая мама, але калі а трэцяй гадзіне пазваніў чалавек з ДФР і сказаў, што яна затрыманая, гэта было як абухом па галаве. Да гэтага я ўвесь час была ў руху, а тут прыйшло ўсведамленне таго, што адбываецца. Афіцыйна маму затрымалі 23 снежня, то бок уначы, відаць, былі проста сяброўскія гутаркі».

Фота: АВ / Белсат

Калі гэта скончыцца, разам адзначаць Новы год

Каля месяца да Аляксандры не даходзілі маміны лісты, весткі яна атрымлівала толькі праз адваката: «Мама перадавала, што вельмі мяне любіць і ганарыцца мной. Яна сказала, што я – ейнае смелае львяня, мяне гэта вельмі расчуліла, бо я стараюся зрабіць усё магчымае, каб яна мною ганарылася».

Праз адваката ж яны дамовіліся, што, калі ўсё гэта скончыцца, разам адзначаць Новы год, і ялінка нікуды не дзенецца, дачакаецца. Яны спланавалі, што ўпрыгожаць святочны торт імбірнымі аленямі – Аляксандра ўжо набыла адмысловыя формы, а ейная дачка Аліса пад ялінкаю заспявае «Jingle Bells».

«Я прашу ў кожным лісце спыніць галадаванне». Як жыве сям’я Ігара Лосіка, пакуль ён за кратамі

Нягледзячы на тое, што лісты таксама не часта даходзяць да адрасата, Аляксандра піша штодзень: «Калі б мама атрымала іх усе разам, напэўна, падумала б, што я пачала выпіваць, настолькі яны сумбурныя. Я ўвесь час нашу з сабой аркуш паперы, калі нешта хачу сказаць – запісваю гэта, а потым проста кладу ў канверт і адпраўляю. Што б я ні рабіла, у думках раюся з мамай. Я нават стварыла ёй новую электронную пошту, куды штодзённа пішу нейкія дробязі, і гэта мне вельмі дапамагае.

Апроч гэтага, мама кожны дзень атрымлівае ад мяне перадачы: нашыя любімыя жэлацінкі альбо зубную пасту са смакам кавуна, якая была ў мяне ў адпачынку, і мама сказала, што набудзе сабе такую ж. Мне нават удалося перадаць хамон, праўда, назваўшы яго каўбасой, а аднойчы ў мяне не ўзялі круасаны і багет, але на наступны дзень узялі тое ж пад назваю «булачкі і батон».

Фота: АВ / Белсат

Унукі Юліі Слуцкай таксама пішуць ёй лісты, малююць і чакаюць вяртання бабулі. «Дачка забыла ў гатэлі свайго любімага зайчыка, падоранага бабуляй, і цяпер чакае ейнага вяртання, бо чамусьці ўпэўненая, што ў бабулі такіх зайчыкаў поўная валіза».

«Якое дачыненне аператар мае да падаткаў?»

Затрыманым у «справе Прэс-клубу» тым часам выставілі абвінавачанне: Юліі Слуцкай закідаюць ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.

«Маме дасюль не паказалі ніводнага дакументу, паводле якога яна павінна заплаціць больш падаткаў, чым ужо заплаціла. І чаму затрымалі Пецю? Якое дачыненне аператар Прэс-клубу мае да падаткаў? Усе разумеюць абсурднасць сітуацыі. Прэс-клуб заўсёды падтрымліваў незалежную журналістыку, такія арганізацыі сёння непажаданыя для ўлады».

«Трэба два разы на дзень выкрыкваць «Я экстрэміст». Берасцейка распавяла, як у СІЗА здзекуюцца з ейнага сына

Справы палітзняволеных мамы і брата ў Аляксандры цяпер складаюць паўнавартасны працоўны дзень: перадачы, адвакаты, размовы з журналістамі, а таксама – падтрыманне таты і бабулі.

«Для таты мама – цэлы свет. Па першым часе яму было вельмі цяжка, але ў выніку ён сабраўся. Я прыязджаю да яго кожны дзень, мы стэлефаноўваемся па тры-чатыры разы на дзень – за гэты час мы моцна зблізіліся. У адным з лістоў я напісала маме, што выхавала ёй ідэальнага мужа, хай рыхтуецца. Думаю, тату і бабулі значна цяжэй: мяне ратуе дзейнасць, а яны проста чакаюць, калі маму і Пецю вызваляць».

Фота: АВ / Белсат

У маміным заплечніку, які Аляксандры аддалі ў ДФР, ляжалі той самы шалік, які «дасюль пахне мамай», і заручальны пярсцёнак: «Мама мяне грэе нават адтуль. А ад пярсцёнка мяне пачало трэсці. Страшна ўявіць, што было б з татам, таму я не наважылася яму яго аддаць».

«Я нават не плачу – выю»

Затрыманне блізкіх таксама зблізіла Аляксандру з дзяўчынаю брата: «Дасюль з Юляю мы сустракаліся хіба ў святы, а цяпер сталі амаль што сёстрамі: я ведаю, што яна кожную секунду са мной і адчувае тое ж, што і я. З бацькам яны размаўляюць кожны дзень. Юля назвала гэта «крызіснай інтэграцыяй у сям’ю». Пеця служыў у арміі, ён малады і ўсяедны – за яго я перажываю менш. У лістах да бацькі ён нешматслоўны: «Вітаю! У мяне ўсё добра, кормяць смачна, у камеры ёсць тэлевізар, так што не сумую». Яшчэ сказаў, што нарэшце выспаўся. Сваёй дзяўчыне ён піша, вядома, больш разгорнута».

Юлія Слуцкая перадала праз адваката плюсы, якія яна бачыць у гэтай сітуацыі: у яе з’явіўся час на вывучэнне англійскай мовы, цяпер яна можа харчавацца паводле графіку і некалькі разоў на дзень рабіць гімнастыку, праўда, некаторыя практыкаванні праз недахоп месца даводзіцца рабіць на нарах.

«Не магу ўявіць сваёй мамачкі ў камеры. У яе такія пяшчотныя рукі, яна такая цёплая, у яе такі родны пах, да яе заўсёды можна прыйсці і выплакацца. А тут мая мама – і ў такіх абставінах: у галаве не ўкладваецца. Я стараюся адштурхоўваць думкі пра гэта, а калі яны мяне ўсё ж наганяюць, я нават не плачу – выю. У такіх выпадках я маю некалькі хвілінаў, можна закрыцца ў машыне і выць у рукаў альбо ўначы ў падушку. Я гэта называю «паламалася». А потым – далей у бой».

Напрыканцы года, каб неяк сябе супакоіць, Аляксандра ўпершыню ў жыцці звярнулася да астролага. Тая склала натальную карту Юліі Слуцкай. «Яна сказала, што мая маці цяпер у цяжкай сітуацыі, але гэта ненадоўга, да таго ж зробіць яе больш моцнай і паспяховай. Астролаг назвала дату 31 снежня, і я некалькі дзён хадзіла ў дзікай эйфарыі, а калі 31-га нічога не адбылося, у мяне здарыўся ўпадак сілаў.

Фота: АВ / Белсат

Бывае, накрывае: з усіх бакоў падкрадаецца ліпкі жах, і я ведаю, што, калі яму ўдасца да мяне дакрануцца, я ўжо не выблытаюся. Часам рукі трасуцца так, што немагчыма зашпіліць гузік. Не важна, колькі табе гадоў: я проста хачу да мамы на ручкі, каб яна мяне абняла і сказала, што самае страшнае – у мінулым, а наперадзе – шмат працы ды шчасця».

Найцяжэйшыя для Аляксандры выходныя: у гэтыя дні нічога не зробіш. Але ёй штодня пішуць, тэлефануюць, каб падтрымаць ці прапанаваць – што асабліва дарэчна – выпіць кавы і проста памаўчаць. Яна вельмі падобная да маці. «Гэта найлепшае, што мне цяпер можна сказаць».

Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны