«Я працую дзеля народу». Як знутры выглядае кухня беларускіх дзяржаўных СМІ


Беларускія дзяржаўныя медыі лічацца адным з галоўных стаўпоў, на якіх трымаюцца ўлады Беларусі. «Белсат» пагаварыў з трыма працаўнікамі дзяржаўных СМІ. Адзін з іх працуе там і да сёння, другую звольнілі праз грамадзянскую пазіцыю, а трэцяя сышла па ўласным жаданні.

Працаўнік дзяржаўнага тэлеканалу: Тут не фабрыка фейкаў

Наш герой, які пажадаў застацца ананімным, працуе каля 7 год тэхнічным спецыялістам на адным з дзяржаўных тэлеканалаў. Праца на тэлебачанні не была ягонаю мараю – гэта проста адзін з этапаў кар’еры.

«Я не разумею агрэсіі да супрацоўнікаў, якія займаюцца тэхнічным абслугоўваннем. Знявагі, пагрозы паламаць апаратуру – абуральныя і нелагічныя. Калі чалавек не заняты ў непасрэднай вытворчасці кантэнту, то і неразумна за гэты кантэнт яму прадʼяўляць», – кажа наш герой.

бт, менск, цвк
Аўтамабіль «Белтэлерадыёкампаніі». Скрыншот Belsat.eu

Суразмоўца зазначае, што на ягоным месцы працы даволі сяброўская атмасфера. Працаўнікі лаяльныя адзін да аднаго, часта жэняцца, сябруюць па-за працаю. Аднак адзначае, што такая салідарнасць, як была ў справе Івана Галунова [расейскі журналіст, якому ўлетку 2019 года паліцыя падкінула наркотыкі, ён быў вызвалены праз грамадскі рэзананс. — belsat.eu], малаверагодная сярод беларускіх журналістаў.

Моцная ўнутраная цэнзура

Наш герой зазначае, што ў шмат каго з працаўнікоў моцная ўнутраная цэнзура. Натуральна, што выхад вострасацыяльнага матэрыялу, які крытыкуе дзейную ўладу, немагчымы. Аднак няма фейкаў і хлусні – за ўсе 7 год працы ён не бачыў аніводнай пастановачнай навіны. Ён кажа, што на беларускім дзяржаўным тэлебачанні няма такога трэшу, як на расейскім: ніякіх распятых хлопчыкаў і вышак 5G.

«Вы аніколі не пабачыце сюжэты пра бязмежжа працаўнікоў міліцыі да анархістаў або пра артыкул 328, у эфір не запросяць анікога з апазіцыянераў. Беларускае тэлебачанне нельга назваць абʼектыўным. Але яно не заслугоўвае дэманізацыі і тытулу фабрыкі фейкаў. Акцэнт робіцца на добразычлівым баку ў шкоду рэальным праблемам», – каментуе мужчына.

Каментуючы сюжэты па справе Віктара Бабарыкі, ён зазначае, што, на ягоную думку, відэа – проста агляд актуальнага працэсу пад вуглом, які выгадны дзейнай уладзе. Іншая справа – характарыстыка самога працэсу. Праўда сюжэт пра «Белы легіён» наш герой назваў «сарамлівым і ілжывым».

Інтэрв’ю
«Нічога страшнага, што не спяю на балі ў прэзідэнта». Аляксей Грос пра тое, як трапіць у дзяржаўны шоу-біз і вылецець адтуль
2020.07.06 21:21

Суразмоўца зазначае, што ён не ведае матывацыю аўтараў такіх сюжэту. Магчыма яны не вельмі палітычна свядомыя людзі, не адчуваюць мяжы прапаганды. У такіх умовах практычна немагчыма працаваць на тэлебачанні і прытрымлівацца апазіцыйных поглядаў. Герой распавядае, што шмат ягоных калегаў і раней звальнялі за меркаванне:

«Адначасова з гэтым ніколі не назіраў поўнай перакананасці ў «лініі партыі». За межамі працы абмяркоўваць палітыку лічыцца дурным тонам».

Звольненым не спачуваюць

У той жа час большасць не спачувае звольненым за меркаванне вядоўцам, а хутчэй расцэньваецца як спосаб зрабіць танны хайп ці як здрада. Суразмоўца адзначае ўзмацненне запалоханасці і скаванасці. Вельмі распаўсюджаны такі пункт гледжання: мы людзі маленькія, няхай зверху вырашаюць і судзяць.

Аб’ектыў
Хваля звальненняў закранула творчых людзей
2020.07.12 22:29

«Я асабіста лічу гэтыя выказванні даволі шчырымі. Людзі іх зрабіўшыя, сапраўды занепакоеныя. У той жа час я не магу сказаць, што ўлады робяць нешта, чаго ўжо не было. Таму пытанне: «Дзе вы былі раней?» сапраўды заканамернае. Аднак як і калі выказвацца – справа ўласная».

Не звальняецца ён з бягучага месца працы, бо, перадусім, не бачыць у гэтым патрэбы.

«Калі б я звольніўся зараз, то ў мяне да сябе было б пытанне: А дзе ты раней быў?»

«Адразу разумееш, якая палітыка ў рэдакцыі»

Юлія Матузава працавала ў газеце «Рэспубліка», якая зараз уваходзіць у холдынг «СБ. Беларусь сегодня», 2,5 гады. Патрапіла дзяўчына туды па размеркаванню.

Юлія Матузава.
Фота: архіў гераіні

Юлія працавала ў навінным аддзеле, пісала ў асноўным на сацыяльныя тэмы. Кажа, усе разумелі, што працуюць у выданні Адміністрацыі прэзідэнта, таму шмат якія тэмы былі закрытыя.

«Я не працавала з палітычнымі тэмамі, таму не сутыкалася з цэнзураю. Проста нейкія падзеі ігнараваліся. Аднак некалькі разоў кіраўніцтва было незадаволенае маімі допісамі ў Twitter. Мы абмяркоўвалі ў калектыве палітычныя пытанні і мая пазіцыя была зразумелай і калегам, і кіраўніцтву. Гэтая праца для мяне была размеркаваннем, якое я мусіла скончыць».

Юлія зазначае, што ў рэдакцыі ёсць шмат людзей, якія нязгодныя з уладамі, але па розных прычынах застаюцца там працаваць: нехта лічыць, што не знойдзе іншую працу, нехта прывык, а нехта мяркуе, што калі піша не пра палітыку, то і турбавацца няма чаго.

«Там ёсць і добрыя прафесіяналы, якія проста хочуць займацца сваёй справаю: пісаць пра культуру або дапамагаць людзям у рашэнні сацыяльных праблемаў», – кажа дзяўчына.

«Пасля «справы БелТА» было маральна цяжка працаваць»

Для Юліі праца ў «Рэспубліцы» стала першым працяглым журналісцкім досведам. Яна ўдзячная свайму кіраўніцтву – было разуменне і не ўзнікала канфліктаў. Аднак «палітыка рэдакцыі» з часам стала пранікаць ва ўсе аддзелы, ва ўсе тэмы. Працаваць без канфліктаў з сумленнем станавілася ўсё цяжэй.

«Апошні год, пачынаючы са «справы БелТА», даўся мне вельмі цяжка маральна. У той час медыі падзяліліся на два лагеры. І «СБ» вельмі змянілася. Часта ўзнікала жаданне ўсе кінуць і сысці нейкім чынам. Я разумела, што не хачу ўдзельнічаць у такой «журналістыцы»», – прыгадвае гераіня.

Юлія Матузава.
Фота: архіў гераіні

Па іншы бок барыкадаў

Пасля звальнення Юлія даволі хутка знайшла новае месца працы. Зараз яна працуе на «Еўрапейскім радыё для Беларусі».

«Бываюць жарты наконт таго, што я «пераабулася», аднак агулам няма аніякіх пытанняў да майго папярэдняга месца працы. Праўда, шмат чаму давялося перавучвацца. У недзяржаўных медыях праца больш вольная, сучасная, калі праяўляеш ініцыятыву, а ў дзяржаўных – калі робіш «як трэба», – зазначае Юлія.

Юлія Матузава.
Фота: архіў гераіні

Да масавых звальненняў у яе дваякае стаўленне. З аднаго боку, ёсць крытычныя моманты, калі няма моцы трываць. Аднак Юлію дзівіць, чаму людзі раней не сыходзілі.

«У дзяржаўных медыях адразу разумееш, якая палітыка ў рэдакцыі. Таму не мусіць здзіўляць, што кагосьці звальняюць за сардэчка ў падтрымку Бабарыкі на аватарцы або за падтрыманне symbal.by. Але чым болей людзей адкрыта заяўляюць аб сваім пратэсце, тым лепш у бягучай сітуацыі. Няхай нават нехта зрабіў гэта для хайпу, я не асуджаю».

Звольненая вядоўца БТ: Не магла маўчаць

Тэле– і радыёвядоўцу Кацярыну Пытлеву знялі з эфіраў перадачы «Дзень у вялікім горадзе» пасля крытычных пастоў у сацыяльных сетках. Яна прызнаецца, што выказалася, бо ўжо не магла маўчаць.

https://www.facebook.com/katerina.pytleva/posts/3085252928176406

«Усё, што зараз адбываецца, не можа не закранаць чалавека, які думае і турбуецца аб сваёй краіне і народзе. Затрыманні, штрафы людзей на мірных пікетах, пагрозы Ціханоўскай – гэта нізка і подла», – гаворыць ужо былая вядоўца БТ.

Кацярына Пытлева.
Фота: belsat.eu

Кацярына сышла па ўласным жаданні. На сваёй старонцы ў Facebook яна пісала, што пра звальненне ёй наўпрост не сказалі.

https://www.facebook.com/katerina.pytleva/posts/3130754790292886

«Карпаратыўная этыка – гэта калі я магу выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю, яна адрозніваецца ад меркавання кіраўніцтва і пазіцыі канала. Я магу падтрымліваць народ і не падтрымліваць калегаў, якія асвятляюць падзеі інакш. Паводле майго кіраўніцтва, я не падтрымала сваіх калегаў, якіх хэйцяць у сацсетках».

«Я б трымалася за прафесіяналаў»

Журналістка сцвярджае, што калі б яна была кіраўніцай, то дзейнічала б у першую чаргу ў інтарэсах сваіх супрацоўнікаў.

«Я бы трымалася за прафесіяналаў. Калі чалавек не шкодзіць кампаніі сваёй працаю і выказванні не адбіваюцца на кампаніі, то я б такога чалавека пакінула».

Яна зазначае, што калі б яе не знялі з эфіраў, то гэта было б паказнікам дэмакратычнасці і адкрытасці грамадства.

«Там, дзе не звальняюць людзей, аніхто і не цісне на кіраўніцтва. Хто звальняе і сам сутыкаецца з ціскам. Але людзі не будуць маўчаць, асабліва цяпер, калі зʼяўляецца ўсё больш людзей з дакладнай грамадскай пазіцыяй».

Кацярына Пытлева. Фота са старонкі ў фэйсбуку

Шмат хто баіцца згубіць працу

Сёлета Кацярына вырашыла выказацца, бо яна зразумела, што гэта патрэбна ейнай аўдыторыі.

«Я працую не на дзяржаву, а дзеля народу. Калі народу важнае маё падтрыманне, я не магу не аказаць яго. Такіх, як я, вельмі шмат».

На думку журналісткі, тыя, хто яшчэ не выказаўся, баяцца згубіць працу ў медыях. Асабліва гэта датычыць тых, хто ўсё жыццё працаваў у дзяражаўных медыях.

Hавiны
«Гэта хаос і жудасць». Зоркі, дзяржаўныя журналісты, блогеры, спартоўцы падтрымліваюць пратэсты ў Беларусі
2020.06.21 17:45

«У мяне апроч БТ ёсць яшчэ праекты. Таму ў мяне была магчымасць страціць гэтую працу. У кагосьці такой магчымасці няма. Я прашу не крытыкаваць тых, хто яшчэ не адкрыўся і не падтрымаў. У кожнага ёсць уласныя матывы. Усім трэба карміць свае семʼі».

Кацярына Пытлева – не адзіная працаўніца дзяржаўных медыяў, якую звольнілі праз ейную грамадскую пазіцыю. Пасля крытычных пастоў у сацсетках працу страцілі вядоўцы Дзмітрый Кахно, Арцеміс Ахпаш, Дзяніс Дудзінскі, Дзмітрый Врангель, Дзяніс Курʼян, настаўніца Ганна Севярынец, экскурсавод Мікіта Моніч, а спеваку Аляксею Гросу адмовілі ў некалькіх выступах.

КТ, belsat.eu

Стужка навінаў