«Выручка нулявая». Як кірмаш у Віцебску перажывае крызіс?


Абвестка аб закрыцці крамы ў Віцебску. Фота «Белсат»

За апошні месяц прыбытак індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на кірмашах, істотна знізіўся па ўсёй краіне. Асабліва гэтая праблема закранула Віцебск, дзе назіраюць выбух каронавіруса: людзі амаль перасталі хадзіць па набыткі, але іпэшнікі працягваюць плаціць арэнду за гандлёвыя месцы.

У рэдакцыю belsat.eu звярнулася прадпрымальніца, якая гандлюе вопраткай і прамтаварамі на віцебскім рынку «Цэнтральны». Паводле жанчыны, яна папрасіла дырэктара знізіць арэндную плату ў гэтым месяцы праз рост курсу валют і зніжэнне колькасці пакупнікоў.

«Пазаўчора я схадзіла да дырэктара і папрасіла, каб ён скінуў арэнду, але ён адкрыта сказаў, што нічога не будзе зніжаць, пакуль афіцыйна не ўведзены каранцін. Іншыя пабаяліся ісці да яго, падтрымалі мяне неахвотна. Дырэктар сказаў, што ў яго няма сродкаў, каб ісці на паваду ў прадпрымальнікаў», – скардзіцца яна.

Іпэшніца тлумачыць, што арэндная плата за намёт на кірмашы прывязаная да курсу еўра.

«Плацім мы, канешне, у рублях, але дамовы складзеныя па курсе еўра па Нацбанку на момант аплаты. Першы шэраг, дзе больш за ўсё праходнасць, каштуе 12 еўраў за квадратны метр у месяц, далей ідуць месцы па 10, 8 і самыя аддаленыя ад праходу – па 6. Напрыканцы сакавіка быў сход, дзе намесніца дырэктара папярэдзіла, каб на саступкі мы не спадзяваліся і яшчэ сказалі дзякуй, што ён нам арэнду не падымае», – распавядае наша суразмоўца.

На вуліцах Віцебску. Фота «Белсат»

Да 1 красавіка жанчына працягвала працаваць, камунікуючы з пакупнікамі. Пасля рэзкага павелічэння выпадкаў каронавіруса ў горадзе яна вырашыла самаізалявацца на 14 дзён, не бачыцца ні з кім і проста сядзіць дома. Адпаведна, нічога і не зарабляе.

«Але ёсць тыя, хто выходзіць на працу на свой страх і рызыку, бо сем’і ж трэба карміць!» – дадае прадпрымальніца.

«Знізіў арэнду тым, хто прадае прадукты»

Дырэктар рынку Васіль Раманенка пацвердзіў, што з просьбай знізіць арэндную плату іпэшнікі да яго звярталіся, але ўсяго «два-тры чалавекі». Для гандляроў прамтаварамі і вопраткай кошт насамрэч застаўся ранейшым, а вось прадуктовым кіёскам ён пайшоў насустрач.

Абвестка на адной з крамаў у Віцебску. Фота «Белсат»

Такая пазіцыя тлумачыцца тым, што падчас каронакрызіса прыярытэтнымі становяцца тавары першай неабходнасці, перадусім харчовыя.

«Мы вырашылі панізіць ім аплату праз разлік па старым курсе еўра – не па 2,83, а па 2, 5 рублі, як было да росту валют. Што да тых, хто гандлюе ў намётах прамтаварамі, то іх я папрасіў пачакаць да 20-25 красавіка, калі больш-менш будзе вядомая карціна. Тады мы збяромся і паглядзім, можа на 30 або на 50 адсоткаў знізім», – тлумачыць Раманенка.

На фоне рэзкага зніжэння пакупнікоў, дырэктар дазволіў іпэшнікам гандляваць без выходных і па неабмежаваным графіку. «Гандлюйце, пакуль святло дазваляе – хоць да 9 вечара», – кажа ён.

«Вы ж ведаеце, якая палітыка ішла ад бацькі, ад прэзідэнта: усім стаяць, працаваць. Мы так і людзям сказалі: нікому не хуліганіць, працаваць. 95% ставяцца з разуменнем, а ёсць такія слабенькія сярод прамтаварнікаў. Я, канешне, нікога з кірмашу не выганяю, для мяне кожны прадпрымальнік важны, але я ў такіх пытаюся: «Можа, гандаль – гэта проста не вашае?» Працоўныя месцы пакуль жа ёсць у горадзе», – дадае дырэктар.

Hавiны
Банкруцтвы і касмічныя выдаткі: каронавірус павольна забівае сусветную эканоміку
2020.03.17 18:33

Шумчанка: Трэба ўтрымаць бізнес

Грамадская арганізацыя «Перспектыва» апошнім часам рэгулярна атрымлівае скаргі ад прадпрымальнікаў па ўсёй краіне. Пра гэта «Белсату» распавёў кіраўнік «Перспектывы» Анатоль Шумчанка.

Паводле яго, уласнікі прыватных гандлёвых плошчаў мусяць знізіць аплату сваім арэндадаўцам у сувязі з пандэміяй каронавірусу.

Анатоль Шумчанка. Фота са старонкі ў Facebook

«Я лічу, што разумна было б намагацца ўтрымаць бізнес, каб ён не сышоў. Тыя, хто не ўсведамляе, што сёння адбываецца, жывуць, напэўна, у свеце рэпартажаў «БТ», у свеце, які быў да пандэміі. Кажуць, што ў краіне ж няма надзвычайнага стану, няма каранціну, сітуацыя кантраляваныя і прычын зніжаць арэнду сёння няма», – адзначае ён.

Падобныя праблемы паўсталі ў розных рэгіёнах Беларусі. На сваім сайце «Перспектыва» апублікавала адказ кіраўніцтва кірмашу «Прудкоўскі» у Гомлі, дзе гаворыцца, што «панічныя настроі арэндатараў недарэчныя».

«Сённяшняя сітуацыя не ацэньваецца беларускай дзяржавай як крытычная. Па афіцыйных дадзеных, распаўсюд каронавірусу кантралюецца, не ўведзена ніякіх абмежаванняў у сувязі з распаўсюдам COVID-19 – эпідэміі няма, каранціну няма, надзвычайнага становішча – няма, межы адкрытыя […]», – гаворыцца ў дакуменце.

Супрацоўнікі віцебскай міліцыі таксама ў масках. Фота «Белсат»

Пры гэтым кіраўніцтва абяцае адсочваць курсы валют і ў выпадку іх росту ў траўні разлічыць арэнду па больш нізкім курсе. На думку Анатоля Шумчанкі, яшчэ да траўня іпэшнікі пачнуць масава сыходзіць, бо ўжо сёння шмат хто не ў стане плаціць арэнду, таму і меры трэба прадпрымаць сёння, а не праз месяц.

«Мы на сувязі з іпэшнікамі з Віцебску і там людзі кажуць, што выручка – па нулях. Ніхто не сказаў, што нешта атрымалася зарабіць. І думаць, што гэтыя людзі будуць плаціць у траўні такую ж арэнду – наіўна і неразумна», – дадае лідар «Перспектывы».

КА belsat.eu

Стужка навінаў