Вярхоўная Рада Украіны 6 чэрвеня ў другім чытанні прыняла закон «Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы Украіны адносна прававога статусу замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія прымалі ўдзел у абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці Украіны» (№3433). За яго прагаласавалі 230 народных дэпутатаў, перадае УНІАН.
Новы закон дае права замежнікам, якія ваявалі за незалежнасць Украіны, атрымаць грамадзянства Украіны і перадухіліць іх выдачу «несяброўскім краінам». Пра якія менавіта дзяржавы вядзецца гаворка – не ўдакладняецца.
Пад дзеянне закону падпадаюць замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія аказвалі дапамогу падраздзяленням Узброеных сіл Украіны, іншым сілавым падраздзяленням або добраахвотніцкім фарміраванням у зоне правядзення антытэрарыстычнай аперацыі. Іхнае перабыванне ва Украіне лічыцца законным, у тым ліку ў выпадках, калі папярэдні пашпарт пратэрмінаваны.
Законам прадугледжана, што замежнікі, якія ваявалі за Украіну, не могуць быць прымусова вернутыя ў краіну паходжання або трэцюю краіну, якая здзейсніла акт агрэсіі супраць Украіны, ці ў краіну, якая не прызнае тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны, або адмаўляецца прызнаваць проціпраўнасць замахаў на тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны, у прыватнасці, галасавала супраць Рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН «Аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны» ад 27 сакавіка 2014 г. № 68/262 ».
Такім чынам, гаворка аўтаматычна вядзецца і пра Беларусь, якая галасавала супраць згаданай рэзалюцыі, у фарватары палітыка Крамля.
Паводле звестак Belsat.eu, ад 200 да 500 беларусаў бралі ўдзел у канфлікце на Данбасе на баку Украіны з 2014 года. Вярнуцца ў Беларусь гэтыя людзі не могуць, бо супраць большасці з іх распачатыя крымінальныя справы. Добраахвотнікі некалькі гадоў дабіваліся прыняцця адпаведнага закону, які б спрасціў працэдуру атрымання ўкраінскага пашпарту і забараніў магчымую экстрадыцыю па запыце беларускіх спецслужбаў.
Закон уступае ў сілу праз два месяцы з дня яго апублікавання.
КА belsat.eu