Вячорка: «Вялікія маршы вернуцца»


Франак Вячорка ў эфіры Белсат. Скрыншот

Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях замежнай палітыкі Франак Вячорка ў эфіры «Белсат» распавёў пра планы штабу ў некалькіх накірунках.

Вялікія маршы вернуцца

Дарадца Ціханоўскай адзначыў, што масавыя маршы вернуцца праз некалькі тыдняў, калі надвор’е стане больш спрыяльным: «Магчыма, гэта будзе канец лютага альбо пачатак сакавіка, калі хваля нацыянальных маршаў зноў успыхне. І тады ўжо Лукашэнку мала не пакажацца.

Мы абмяркоўвалі даўным-даўно ўзнаўленне вялікіх маршаў і з Паўлам Латушкам і з усімі іншымі палітычнымі лідарамі. Як толькі будзе адпаведная нагода, гэта можа быць і 25-га сакавіка, такі марш будзе праведзены. Марш будзе праведзены пад слоганам «Мы вяртаемся на вуліцу. Горад наш». Ён будзе адбывацца і ў Менску, і ў вялікіх гарадах. Але гэта ўсё будзе падрыхтавана, анансавана. Гэта ўсё будзе часткай супольных дэмакратычных сілаў, які будзе прэзентаваны неўзабаве».

Тэлефанаванні пратэстным дварам і сродкі сувязі

Практычна кожную суботу Святлана камунікуе з адным ці некалькімі дварамі па відэасувязі. Па словах Вячоркі, такая сувязь ёсць больш чым з 50-цю дварамі Менску і рэгіёнаў: «Людзі збіраюцца па хатах, па падʼездах, па некалькі чалавек. Яны задаюць пытанні палітычным лідарам і раяцца, што рабіць далей, распавядаюць пра свае планы і цікавяцца, якія дасягненні на міжнароднай і палітычнай арэне. Такая камунікацыя працягваецца некалькі месяцаў у форме каардынацыі двароў і палітычных лідараў.

І яна дае свой плён: людзі атрымліваюць падтрымку, а палітычныя лідары атрымліваюць фідбэк».

Самаарганізацыя людзей у дваровых і міждваровых супольнасцях дапамагае, па меркаванні Вячоркі, рабіць пратэст больш моцным: «Вы бачыце, што цяпер менш затрыманняў на акцыях. Чаму? Бо людзі мяняюць час збору, ствараюць адмысловыя сакрэтныя чаты, дзе спачатку абмяркоўваюць тактыку, а потым выносяць гэта на больш шырокія чаты. Дамаўляюцца з іншымі раёнамі, каб маршы маглі злучыцца ў нейкім месцы, пра нейкую тэматыку, пра сумесны пашыў сцягоў і плакатаў, выдумляюць новыя формы.

Сёння, напрыклад, у некалькіх раёнах зрабілі вывешванне сцягоў у пэўны час. Што ані камунальнікі, ані міліцыянты не маглі на гэта зрэагаваць. Нашая задача – зрабіць гэтую працу больш структурнай і больш бяспечнай, каб як мага менш людзей трапляла за краты і каб як мага больш людзей адчувалі сябе ўпэўнена і выходзілі на вуліцу.

Мы дапамагаем інфармацыяй, камунікацыяй. Неўзабаве дапаможам і сродкамі сувязі, каб людзі маглі камунікаваць нават у выпадку адключэння інтэрнэту. Для гэтага мы актыўна працуем з замежнымі ўрадамі»

Віртуальныя ябацькі

Франак Вячорка адзначыў, што зараз ідзе віртуальная барацьба: «Арганізаваны штаб ябацек. Частка з іх супрацоўнічае з аператыўна-аналітычным цэнтрам пры прэзідэнце [Лукашэнку], частка з іх наймалася асобна па іншых каналах. Але ўсё гэта, па факце, праца спецслужбаў.

Што яны робяць? Запускаюць інтрыгі, запускаюць чуткі, сеюць недавер, кажуць, што штабы не працуюць, адарваліся ад людзей, усе перасварыліся, фонды не плацяць грошы, усіх прадалі, рэвалюцыю злілі і гэтак далей. Нельга на гэта паддавацца і нельга гэта пашыраць. Заўжды трэба шукаць пацвярджэнне інфармацыі, наколькі гэта магчыма.

Зараз ёсць прамая сувязь з офісам Ціханоўскай, з Каардынацыйнай Радай, дзе можна нешта праверыць, атрымаць адказ.

Ці можам мы супрацьстаяць? Можам! Калі будзем пашыраць абʼектыўную інфармацыю, інфармацыю з такіх рэсурсаў, як «Белсат», «Наша Ніва», радыё «Свабода», «Еўрарадыё», TUT.BY, KYKY – усе тыя, хто правярае інфармацыю перад публікацыяй.

Вельмі важна ўдзельнічаць у дыскусіях і спыняць троляў, баніць правакатараў, каб яны не засмечвалі правакацыямі прастору. Памятайма, што сапраўды супраць нас вядзецца добра арганізаваная інфармацыйная барацьба, мэта якой – нас дэмаралізаваць. Так давайце не дадзім ворагам гэтага зрабіць».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў