«Вы жывёлы і ў вас няма правоў». Аповед менчука пра катаванні на Акрэсціна


Мянчук Андрэй, якога затрымалі падчас першых дзён пратэстаў, пагадзіўся распавесці «Белсату» пра свой досвед кантактаў з сілавікамі.

Андрэя затрымалі ўначы 10 жніўня побач з домам на вуліцы Веры Харужай у Менску. Да яго пад’ехалі мікрааўтобусы без апазнавальных знакаў і без нумароў дзяржрэгістрацыі. Адтуль выбеглі людзі ў масках і шаломах з дручкамі і, не паказаўшы дакументаў і не патлумачыўшы абставінаў, груба прымусілі прайсці да мікрааўтобуса.

На станцыі метро Пушкінская. Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. Здымак мае ілюстратыўны характар.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

«Груба і з ужываннем фізічнай сілы запіхнулі ў аўтобус і пачалі збіваць. Адзін з тых, хто нападаў, ударыў мяне па твары берцам. Далей мяне павезлі, а потым перагрузілі ў аўтазак. Падчас перагрузкі людзі былі замаскіраваныя, ужывалі фізічную сілу і не прад’яўлялі ніякіх дакументаў і ніякіх патрабаванняў. Мяне змясцілі ў камеру аўтазака, разлічаную на адну асобу, з яшчэ двума людзьмі. Варушыцца і дыхаць у аўтазаку было цяжка. Нас павезлі ў невядомым кірунку. Мы падумалі, што нас вязуць на Акрэсціна ў ЦІП», – распавёў Андрэй.

Па дарозе ў аўтазаку ён здолеў даслаць жонцы паведамленне, што яго затрымалі.

«Яшчэ раз пачую гукі – зламаю палец, а далей руку»

На Акрэсціна людзей па адным пачалі выкідваць з аўтазака. Усе дзеянні суправаджаліся крыкам, лаянкай і матам.

«Далей нас паставілі на калені тварам да сцяны і паднятымі ўверх рукамі. Нам сказалі «вы жывёлы, і ў вас няма правоў», «мы будзем рабіць з вамі ўсё, што захочам». Гэта былі людзі ў форме міліцыі і ў форме спецпадраздзяленняў. Да нас перыядычна падыходзілі розныя супрацоўнікі міліцыі і білі дручкамі, а таксама абражалі. На каленях мы прастаялі каля 4 гадзінаў, увесь гэты час нас збівалі і зневажалі маральна. Нас прымушалі перасоўвацца на каленях уздоўж плота і ўвесь час глядзець уніз. Твары называлі «мордай», чалавека і грамадзяніна – «жывёлаю», «пачварай», – прыгадвае Андрэй.

Вадамёты побач з універсамам «Рыга». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. Здымак мае ілюстратыўны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Затым затрыманых завялі ў будынак на першы паверх. Іх прымусілі стаць на калені, і на каленях зняць усю вопратку, а каштоўныя рэчы скласці ў пакет. Усе каманды і дзеянні суправаджаліся абразамі і матам.

Пасля калідора затрыманых змясцілі ў камеру №3. Затым у гэтую ж камеру завялі яшчэ людзей. Праз гадзіну ў камеры апынулася 30 асобаў на 6 спальных месцаў. У камеры не было вентыляцыі, мыла, туалетнай паперы, пасцельных прыналежнасцяў.

На Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

«На любыя нашы просьбы рэагавалі рэзка і з агрэсіяй. Пры гэтым нам ніхто не тлумачыў, за што мы затрыманыя, і ніхто не знаёміў з пратаколамі. А таксама не казалі, калі нас выпусцяць, ці калі будзе суд. Падчас чарговай просьбы дзверы камеры адкрыў наглядчык і сказаў: «Яшчэ раз пачую гукі – зламаю палец, а далей руку. Мне сказалі рабіць з вамі ўсё, што я захачу». Пратакол затрымання ніхто не складаў, родным і блізкім не паведамлялі. Мы разумелі, што мы не затрыманыя, а выкрадзеныя і знаходзімся ў палоне», – адзначыў суразмоўца.

Са сваёй камеры ён усцяж чуў крыкі і стогны на калідоры, пагрозы фізічнай расправы і пагрозы катаванняў над безабароннымі людзьмі.

«Мы разумелі, што ў выпадку, калі мы пачнем патрабаваць выконваць нашыя правы і дзейнічаць у рамках ПВКаАП, нас пачнуць збіваць і калечыць, таму, моўчкі, чакалі на нашую долю», – распавёў Андрэй.

«Увечары пачаліся катаванні над затрыманымі»

Раніцаю пасля пераклічкі ў камеру прыйшла медпацаўнік. Яна адмовілася аглядаць у камеры людзей, якія мелі гематомы ды хранічныя захворванні. Таксама яна адмовілася даць таблеткі для хранічна хворых, не агледзела раны і не зрабіла перавязку, не рэагавала на тое, што ўва ўсіх у камеры пачаўся кан’юктывіт.

Інтэрв’ю
«Я пабачыў, як для нас рыхтуюць канцлагер. Думаў, нас прывезлі, каб забіць»
2020.08.21 12:24

Увесь дзень 10 жніўня затрыманых трымалі ў няведанні, з пратаколамі не знаёмілі і не кармілі.

«Увечары пачаліся катаванні над затрыманымі. Іх заводзілі ў калідор, распраналі дагала і збівалі дубінкамі. Асабліва жорсткаю была жанчына і ахоўнік па мянушцы «Тыгр». Збівалі тых, хто слабы, збівалі тых, хто не мог стаяць на каленях. Збіццё суправаджалі крыкі, абразы ды мат. Тыя, хто біў, крычалі: «Свабоды вам мала, сукі!», «Сядзі ўдома, а не на мітынгі хадзі, падла!», «Дзе вашая Ціханоўская?!», «Прэзідэнт даў вам працу, а вы, сукі, не шануеце!», «Здымі гэтую підарскую белую бранзалетку!», «Давайце апусцім яго!», «Я праз вас другі дзень працую!», «Па хлебушак ён пайшоў – сядзі ўдома, падла, глядзі БТ!», «Хворы, а не …й на мітынгі хадзіць!», «Рэвалюцыі вам захацелася – вось вам рэвалюцыя!», «Ты, сука, мой горад вырашыў разбурыць!», «Гасі яго!». Асабліва моцна білі тых, хто меў нацыянальныя беларускія сімвалы. Білі таксама жанчын і дзяўчат. Збіццё людзей працягвалася да самай раніцы», – сказаў Андрэй.

Сілавікі ў раёне ст. метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 11 жніўня 2020 года.
Фота: Валерый Шарыфулін / TASS / Forum

Паводле яго словаў, затрыманым «давалі зразумець, што закону няма, а людзі з дубінкамі стаяць над законам і могуць вяршыць лёсы людзей».

«Самае жудаснае, што тыя, хто збіваў людзей, атрымлівалі велізарнае задавальненне ад гэтых дзеянняў. Цэлую ноч усе людзі ў нашай камеры пакутавалі ад недахопу кіслароду. Мы прасілі ўключыць вентыляцыю ці прынамсі адкрыць акно для прыёму ежы ў дзвярах. На ўсе нашыя просьбы мы атрымлівалі адмову і пагрозы фізічнай расправы», – распавёў былы вязень Акрэсціна.

«Мужчыны збівалі жанчын»

11 жніўня затрыманых усцяж не кармілі і не давалі ніякай інфармацыі. Днём іх усіх перапісалі на відэакамеру. А частку людзей вывелі з камеры ў невядомым кірунку, у камеры засталося 24 асобы.

«Дыхаць стала значна лягчэй. Як толькі сцямнела, катаванні і здзекі над людзьмі ў калідоры працягнуліся. Мы ўсю ноч чулі крыкі і мат наглядчыкаў, а таксама стогны збітых і зняважаных людзей. Спаць было немагчыма, нават нягледзячы на ​​тое, што нас у камеры стала менш, таму што ты разумеў, што за сценкай катуюць людзей, а ты нічым не можаш ім дапамагчы. Гэтай ноччу здзекі былі больш жорсткія, чым мінулай.

Жанчына ўвесь час казала, што трэба «апусціць», пагражала «вы… ць у дупу». Мужчыны збівалі жанчын. Адну дзяўчыну збілі да такога стану, што яна ўжо нават не ўсхліпвала. Хлопца з праблемамі дыхання, які стагнаў, збілі ўдваіх драчкамі, а потым цешыліся над гэтым і перадражнівалі яго.

Грамадзяніна Украіны збілі за тое, што ён на рэпліку наглядчыка «Слава Украіне» адказаў «Героям слава!», – распавёў Андрэй.

Hавiны
«Тое, што робяць сілавікі, – гэта генацыд». Менчука абстралялі гумовымі кулямі за сто метраў ад дому
2020.08.14 13:31

Упершыню паесці затрыманым прынеслі ў абед 12 жніўня. Ім далі кашу, хлеб і гарбату. Частка хлеба затрыманыя пакінулі на выпадак, калі іх пазней карміць не будуць.

«Днём нас усіх, акрамя 6 асобаў, выклікалі ў суд (на той момант у камеры было 24 асобы). Пасля абеду мяне вывелі з камеры і павялі ў суседні будынак ІЧУ на 4-ы паверх. Там паставілі тварам да сцяны і сказалі глядзець у падлогу. Падышла мая чарга, і мяне завялі ў пакой. Там былі мужчына гадоў 50-і ды жанчына. Мужчына сказаў, што цяпер будзе выязное паседжанне. Ці быў гэты мужчына суддзёй, невядома, ніякіх дакументаў мне не прад’яўлялі. З правамі мяне не азнаёмілі і не прапанавалі скарыстацца законным правам на абарону сваіх інтарэсаў і адваката. Раней пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні мне ніхто не паказваў і не прасіў падпісаць. Суддзя зачытаў мне пратакол, пасля якога я даў свае тлумачэнні, частка з якіх патрапіла ў пратакол судовага пасяджэння. Напрыклад, мяне ніхто не спытаў, ці згодны я з пратаколам. Я самастойна праявіў ініцыятыву і даў тлумачэнні. Так, я растлумачыў, што мяне выкралі 10 жніўня а 2:40 побач з домам, адкуль я збіраўся накіравацца ў службовую камандзіроўку ў Мазыр і прасіў не ўжываць адміністрацыйны арышт, бо мне неабходна выплаціць зарплату свайму калектыву ў колькасці 12 асобаў», – сказаў Андрэй.

На станцыі метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

У адказ суддзя прызначыў яму 15 содняў адміністрацыйнага арышту, якія нібыта можна абскардзіць цягам 5 содняў. З пратаколам судовага паседжання яго пры гэтым не азнаёмілі, копію пастановы не выдалі, а яго самога вярнулі назад у камеру.

«Некаторыя пачыналі губляць прытомнасць»

«Увечары ў нашу камеру завялі 10 асобаў, якія да гэтага часу знаходзіліся на вуліцы ў камеры для прагулак. Яны нам распавялі пра катаванні і здзекі. Іх распранулі дагала і прымушалі стаяць на каленях па некалькі гадзінаў, потым іх у колькасці 50 асобаў завялі ў бетонную камеру для прагулак, што не мае даху. Ім не давалі спаць, не давалі вады і схадзіць у прыбіральню. Мы вельмі ўсцешыліся, што не з’елі ўвесь хлеб у абед, хоць і вельмі хацелася. Вядома ж, мы ўвесь хлеб аддалі новым людзям у камеры, якіх катавалі на вуліцы. Так у камеры стала 34 асобы на 6 ложкаў. Дыхаць было немагчыма. Відаць было, што некаторыя пачыналі губляць прытомнасць. Мы ўсе не спалі. Месца было так мала, што мы не маглі ўсе сесці. Перыядычна хтосьці стаяў», – адзначыў суразмоўца.

Раніцай людзей сталі выводзіць з камеры ў невядомым кірунку. Днём Андрэя вывелі з камеры ў дворык і паставілі на калені, а потым загрузілі ў аўтазак, не сказаўшы, куды іх адправяць. Іх прывезлі ў ЛПП-3 пад Слуцкам. Там затрыманых адправілі ў лазню, пакармілі і размясцілі ў казарме, выдаўшы пасцельную бялізну.

Менск. Станцыя метро «Пушкінская».
Фота: Вадзім Заміроўскі / TUT.BY

«Цяпер нас кармілі па раскладзе, не прыніжалі і не зневажалі, далі чалавечыя ўмовы. Цягам 5 дзён мае родныя і блізкія не ведалі, дзе я знаходжуся, і што са мной адбываецца. Мне ўдалося толькі напісаць смс у момант затрымання ў аўтазаку. Больш ніякай інфармацыі яны не атрымалі. Толькі 14 жніўня праз валанцёраў маім родным атрымалася высветліць, дзе я знаходжуся. 14 жніўня ў 20:00 мяне выпусцілі з ЛПП са Слуцку, і я накіраваўся дадому», – падкрэсліў Андрэй.

Сваё затрыманне ён расцэньвае як выкраданне і катаванні.

«Можна сказаць, што я трапіў у цяперашні гестапа, і не ўва сне, а ў яве», – сказаў на заканчэнне ён.

МГ/ТП belsat.eu

Стужка навінаў