Віцебская міліцыя апублікавала сваю версію канфлікта з аршанскім пенсіянерам


Віцебская міліцыя апублікавала відэа, што праўда, з прыкметамі мантажу, канфлікту з аршанскім пенсіянерам, якога яны затрымалі 4 траўня ў Воршы.

На відэа бачна, як мужчына пераходзіць дарогу. Далей ужо размова з міліцыянтамі, дзе чуваць, як пенсіянер адмаўляецца сядаць у машыну супрацоўнікаў міліцыі. Мужчына прызнае, што ён перайшоў дарогу ў неналежным месцы.

Партал orsha.eu паведамляў, што пенсіянеру сталася блага, але на відэа не бачна гэтага моманту. Таксама паведамлялася, што адзін з міліцыянтаў зрабіў падножку, і пенсіянер паваліўся на зямлю. Гэтага моманту на відэа таксама няма.

«Дэманстратыўна лёг на зямлю і стаў качацца ў пылу. Таксама ён катэгарычна адмовіўся прадставіцца: «Вам трэба, вы і высвятляйце». Затым мужчына запатрабаваў лекараў. Медыкі хуткай дапамогі прыехалі, аднак стан мужчыны быў задавальняючы і ў шпіталізацыі ён не меў патрэбы», – паведамляюць у Віцебскім УУС.

Варта яшчэ раз адзначыць, што відэа цалкам не адлюстроўвае сітуацыі, бо змантавана з розных кавалкаў відэа з рэгістратара. Міліцыянты запэўніваюць, што поўную версію яны прынясуць у суд.

На пенсіянера складзеныя два пратаколы: 18.23 КаАП (за парушэнне правілаў дарожнага руху) і 23.4 КаАП (за непадпарадкаванне міліцыянтам). І калі за парушэнне ПДР пенсіянер заплаціць 2 базавыя велічыні, то паодле другога пратаколу яму пагражае штраф ад 2 да 50 базавых або нават арышт.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары