Віктар Бабарыка здаў 120 тысячаў подпісаў у ЦВК


100 тысячаў неабходна для рэгістрацыі ў кандыдаты ў прэзідэнты.

Віктар Бабарыка здаў 120 тысячаў подпісаў, сабраныя за яго, перадае старонка кандыдата. Агулам паводле штабу Бабарыкі на 15 чэрвеня за былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» падпісалася 335 тысячаў чалавек, 270 тысячаў подпісаў ужо праверылі.

Подпісы за Віктара Бабарыку, крыніца: babriko.by

Штаб кандыдата вельмі пільна ставіцца да збору подпісаў. Апроч працэдуры пацверджання подпісаў, быў распрацаваны адмысловы механізм здачы лістоў да камісіяў. Як тлумачаць у ініцыятыўнай групе кандыдата, падпісныя лісты прымаюцца чальцамі камісіі ў журналы, з запісам аб колькасці сабраных лістоў без пэўнай дэталізацыі. Высветлілася, што журнал можа быць зроблены са звычайнага сшытку, з не прашытымі і не з пранумараванымі лістамі.

«Каб вырашыць гэтую задачу было распрацавана праграмнае абсталяванне, якое рыхтуе суправаджальныя лісты, якія ўтрымліваюць інфармацыю аб тым, якія прозвішчы ўтрымліваюцца ў падпісных лістах і які парадак іхнага размеркавання. Гэта вялікі аб’ём працы, аднак зараз мы можам пацвердзіць інфармацыю аб тым, калі здадзены кожны з правераных лістоў, у якім парадку яны размеркаваныя і прозвішчы якіх выбарцаў утрымліваюцца ў кожным з лістоў», – паведамілі журналістам TUT.by у штабе.

У пятніцу 12 чэрвеня гэтыя суправаджальныя лісты не былі прынятыя ЦВК, таксама было адмоўлена ў выдачы кнігі скаргаў і прапановаў.

Збор подпісаў працягнецца да 19 чэрвеня. Сёлета прэзідэнцкія выбары пройдуць 9 жніўня.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў