Вешальнікі, якія не стануць сымонамі-музыкамі


На сцэне Купалаўскага тэатру адбываюцца прэм’ерныя паказы пʼесы Марціна Макдонаха «Вешальнікі».

Не адразу знаходзіш адказ: чым пʼеса так уразіла рэжысёра Віталя Краўчанку?

Па словах выканаўцы адной з галоўных роляў, актрысы Крысціны Дробыш, рэжысёр казаў на рэпетыцыях, што было б цікава паставіць падобны твор на сцэне галоўнага тэатру еўрапейскай краіны, дзе смяротнае пакаранне так і не адмянілі.

Рэжысёр-пастаноўшчык Віталь Краўчанка. Фота прадастаўлена Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы

Але ў самой пʼесе, дзе распавядаецца пра былога вешальніка, які адкрыў паб і з непрыхаванай радасцю згадвае ў газетных інтэрвʼю пра сваю «слаўную» прафесію, не адчуваецца, каб гучалі ноткі пратэсту супраць смяротнага пакарання, не чуваць такой ужо выразнай крытыкі рамяства ката, не праводзяцца нейкія алюзіі з нашай явай. На сцэне звычайны самалюбівы чалавек, для якога прызнанне ўласнай вартасці важней за любоў да сям’і і сяброўства. З такім жа поспехам гэта мог быць і мяснік, і мастак, і дызайнер і стаматолаг – хто заўгодна.

Ігар Дзянісаў у галоўнай ролі вешальніка Гары Уэйда. Фота прадастаўлена Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы

Ігар Дзянісаў стварае вобраз непрыемна-зʼедлівага эгацэнтрыка. Герою важна, каб яго лічылі сапраўдным каралём. І ён мае сваю світу – каларытных наведнікаў паба (якіх ярка іграюць Антон Макуха, Мікола Кучыц, Дзмітрый Есяневіч, Аляксей Зелянко).

Зусім іншай выглядае яго дачка, увасобленая згаданай Крысцінай Дробыш. Артыстка тонка на адных нюансах іграе дзяўчыну, амаль падлетка, якая пакутуе ад таго ў ЧЫЁЙ сям’і вымушана жыць. Яна дзікаватая, нервова-надламаная.

Іван Кушнярук у ролі Пітэра Муні, незнаёмца. Фота прадастаўлена Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы

Паводле сюжэту, дачка вешальніка нечакана знікае. Бацька падазрае, што яе выкраў маньяк. Страх згубіць дзіця як быццам прымушае героя Дзянісава хоць на хвілінку забыць пра сябе.

Гэтыя сцэны драматургічна найбольш цікавыя і, як ні дзіўна нагадваюць… «Сымона-музыку». Чаму? Бо ў шэдэўры Якуба Коласа адбываецца па сутнасці тое ж самае: бацькам пляваць на свайго сына. Ён іх раздражняе, злуе, сваёй непадобнасцю. З яго здзекуюцца, кпяць. Тое ж самае адбываецца і ў пʼесе Макдонаха. Ці не кожны герой з «Вешальнікаў» зняважліва выказваецца пра бедную дзяўчыну. У «Сымоне-музыке» тата праганяе сына з хаты. Дакладней, проста хоча прыстрашыць, але сынок паверыў і сышоў назаўсёды. Здзеклівая абыякавасць да гераіні Крысціны Дробыш прымушае і яе збегчы з гэтага страшнага месца.

Інфернальнасць паба падкрэсліваецца яго насычана чырвоным, амаль крывавым, колерам (сцены, бар, прыступкі), які ў спалучэнні з жоўтымі крэсламі стварае пачуццё дадатковага дыскамфорту.

Сцэна са спектакля. Фота прадастаўлена Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы

Калі пераглядаеш спектакль, то звяртаеш увагу не столькі на вастрыню сюжэту, ці нечаканую драматургію, а на саміх персанажаў.

Перад намі аднолькава непрыемныя ў сваіх жарсцях героі. Адныя (наведнікі паба) жыць не могуць без піва. Галоўны герой – патанае ў славалюбстве. Былы памочнік вешальніка (шыкоўная роля Аляксандра Казелы) – аматар сексуальных вычварэнняў. Злавесны незнаёмы, пра якога думаюць, што ён галоўны маньяк (цікавая роля Івана Кушнярука) – фанат неапраўданай рызыкі. Кожны раб сваіх жарсцяў. І кожны аднолькава абыякавы да іншых. Трэба каб здарылася нешта па-сапраўднаму страшнае (знікненне дачкі), каб хаця б на кароткі час вырваўся з палону абыякавасці сам вешальнік і яго жонка (арыгінальная роля Юліяны Міхневіч).

Рэжысёр-пастаноўшчык Віталь Краўчанка. Фота прадстаўлена Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы

Таму спектакль, які пастановачна і па-мастацку вырашаны дастаткова традыцыйна, цікавы ў першую чаргу гэтай несуцяшальнай думкай. Віталь Краўчанка з ненавязлівай настойлівасцю праводзіць думку аб тым, што якія б жахлівыя рэчы вакол не адбываліся, калі гэта не закране асабіста нас, то і хай.

Рэжысёр не становіцца на банальныя рэйкі асуджэння падобнай з’явы. Ён проста канстатуе, што абыякавасць – фізіялагічна нармальны стан чалавека. Гэта нам уласціва так жа, як, скажам, кракадзілу ўхапіць антылопу, што прыйшла на вадапой. Ну, а калі ты не хочаш стаць кракадзілам, то асуджаны быць дзіваком. Такім, якім быў Сымон-музыка, альбо няшчасная дачка вешальніка.

Сяргей Піліпчэня/Belsat.eu

Стужка навінаў