Венедыктаў: Расея мяркуе, што трэба Лукашэнку прапанаваць нейкую цану, і ён прадасца


Галоўны рэдактар расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў працягнуў завочную дыскусію з кіраўніком Беларусі.

У эфіры 11 ліпеня адной з перадачаў Венедыктаў заявіў, што «Расея мяркуе, што трэба прапанаваць нейкую цану, і ён [Аляксандр Лукашэнка. – Рэд. Belsat.eu] прадасца».

«Сапраўды, Аляксандр Рыгоравіч, у Маскве, і вы ведаеце гэта, і вы гэта ведаеце, у Маскве шмат хто лічыць, што трэба вам прапанаваць адэкватную цану, каб вы пагадзіліся на аб’яднанне Расеі і Беларусі. Пры гэтым, Аляксандр Рыгоравіч, цана – гэта не па кішэнях, гэта пасада, і аб’ём паўнамоцтваў. І сапраўды вам было прапанавана ўзначаліць саюзны парламент, і вы правільна сказалі ў інтэрв’ю зноў жа мне, што гэта нейкая фігня», – сказаў ён.

Але, паводле Венедыктава, «па-ранейшаму вельмі шмат якія людзі ў Маскве, у Крамлі і Белым доме лічаць, што проста вам недаклалі».

Hавiны
«У труне кішэняў няма». Лукашэнка паабяцаў, што не прадасць незалежнасць Беларусі
2020.07.09 21:58

Венедыктаў у інтэрв’ю Дзмітрыю Гардону нядаўна заявіў, што цяпер паміж Масквой і Менскам ідзе гандаль наконт інтэграцыі. «Усё гэта пытанне гандлю. Выстаіць Лукашэнка ці не – гэта пытанне цаны. Важна, што прапануюць… Бо ў яго ёсць тавар, але дайце за яго добрую цану», – распавёў ён.

У адказ падчас сустрэчы з прадстаўнікамі найбуйнейшых дзяржаўных медыяў у Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што незалежнасць Беларусі не прадаецца.

«Учора – пазаўчора ў аглядзе я прачытаў, ды і наш сябар Венедыктаў кажа: гэта пытанне цаны, прапануйце Лукашэнка добрую цану, – сказаў ён. – Слухайце, няма той цэны, якую яны могуць мне заплаціць, каб я пайшоў на іх умовы. Няма той цаны! У труне кішэняў няма. Колькі б у цябе мільярдаў не было, на тым свеце табе ніякія мільярды не патрэбныя будуць. Гэта мае перакананні, прынцыпы, ідэалогія».

«Таму мне нічога плаціць не трэба. Гэта не прадаецца. Суверэнітэт і незалежнасць не прадаюцца! І трэба памятаць, што грошы як прыйшлі, так і пойдуць», – дадаў Лукашэнка.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў