«Вас вінавацяць у тым, што махалі рукамі і паказвалі птушку»: суд над раварысткаю за ўдзел у нядзельным маршы


30 верасня ў Магілёве судзілі Вольгу Серакову. Суд Ленінскага раёну Магілёва аштрафаваў яе на 5 базавых велічыняў, і гэта пакуль што найменшы ў горадзе штраф за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

На спадарыню Вольгу склалі ўжо 2 пратаколы адміністратыўнага правапарушэння за ўдзел у нядзельных маршах. І пагражаюць трэцім. Жанчына прыязджае на акцыі на ровары ды казаць пра гэта ні ў міліцыі, ні ў судах не баіцца.

«Я згодная з тым, што 6 верасня ішла ў калоне пратэстоўцаў, але не прызнаю, што сваймі дзеяннямі нейкім чынам магла парушыць закон. На маю думку, усё было добра, ні я, ні іншыя людзі нічога не парушалі. Нават правілаў дарожнага руху. А права выказваць сваё меркаванні нам гарантуе Канстытуцыя», – заявіла Вольга Серакова на судзе.

Вольга Серакова на судзе.
Фота: «Белсат»

Адміністратыўны пераслед за ўласную пазіцыю адчуў і сын Вольгі Сераковай, Васіль. Ён ужо адседзеў 5 содняў у ізалятары часовага ўтрымання. Фармальна мужчыну пакаралі за ўдзел у акцыі пратэсту, а фактычна – за бел-чырвона-белы сцяг. Васіля Серакова затрымалі перад пачаткам акцыі 23 верасня – у дзень інаўгурацыі Лукашэнкі. Ён выходзіў з гандлёвага цэнтру «Атрыум» з сябрам, абодвух забралі амапаўцы. Пасля сябра адпусцілі, а Васіля адвезлі ў ізалятар, бо ў ягоным заплечніку знайшлі бел-чырвона-белы сцяг. Суд адправіў Васіля на содні, не зважаючы на тое, што ўдома ў яго засталіся двое малых дзяцей.

Калі сына затрымалі, Вольга Серакова разам з мужам да ночы прастаялі каля Ленінскага РАУС. «Нам нічога не казалі пра сына, мы не ведалі, дзе ён. Калі ў будынак заехала хуткая дапамога, маё сэрца закалацілася. Я вельмі спужалася і стала патрабаваць, каб нам сказалі, да каго прыехала хуткая», – згадвае жанчына тую страшную ноч.

Марш 6 верасня ў Магілёве.
Фота: «Белсат»

Раніцаю 24 верасня спадарыня Вольга збірала перадачу для сына, калі ў дзверы пазванілі. Гэта ўчастковы прывёз позву для яе самой у Ленінскі РАУС. Жанчыну адвезлі ў РАУС, там сфатаграфавалі, узялі адбіткі пальцаў і адпусцілі да суда.

Паказальна, што на суд і да маці, і да сына прыйшлі больш за дзясятак людзей. Такім чынам сябры пастанавілі падтрымаць сям’ю Сераковых. У абодвух выпадках для разгляду справы давялося вылучыць цэлую залу. Хоць Сераковы з Расеі, але ў Магілёве жывуць доўгі час, і іх тут ведаюць. Спадарыня Вольга – сябра Таварыства беларускай мовы і клубу аматараў падарожжаў «Чароўны ўспамін». У перапынку ў судовым паседжанні Вольга распавяла, што праз ейную грамадзянскую пазіцыю сваякі з Расеі палічылі яе здрадніцаю: «Раз я выступаю на маршах пратэсту, значыць, я супраць Расеі, думаюць родныя».

Вольга Серакова на судзе.
Фота: «Белсат»

На судзе Вольга Серакова даводзіла, што менавіта прывяло яе на нядзельныя маршы: «У жніўні я зарэгістравалася назіральнікам на выбарах. Але мяне пазбавілі права назіраць – не дапусцілі праз новую норму: максімум 3 назіральнікі на ўчастку. Такім чынам я страціла давер да працэдуры выбараў у Беларусі».

А вось да мірных шэсцяў жанчына, наадварот, ставіцца прыязна. «Усё было добра, людзі паводзілі сябе па-сяброўску, таму я без перасцярогі туды ішла», – казала яна на судзе.

Фотарэпартаж
Шматтысячны марш «народнай інаўгурацыі» і больш за 230 затрыманых. ФОТА
2020.09.27 22:19

Згодна з пратаколам адміністратыўнага парушэння, 6 верасня Вольга Серакова прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсці і махала рукою з мэтаю выразіць незадавальненне з хады выбараў. Згодна з тлумачэннямі жанчыны, яна ішла ў калоне і каціла побач з сабою ровар.

«Вас вінавацяць у тым, што махалі рукамі! Вы паказвалі рукамі птушку!» – кажа суддзя. Па зале праносіцца смяшок неразумення. «Што значыць, махала рукою? Якую птушку?» – пытае спадарыня Вольга. «А ці бачылі вы працаўнікоў міліцыі? Ці папярэджвалі яны вас пра адказнасць?» – далей пытае суддзя. «Так, міліцыя прысутнічала на маршы. Але я засталася на знак салідарнасці. Я палічыла, што гэта правільна», – выказалася Вольга Серакова.

Hавiны
«Нанасілі ўдары па спіне і бакам». Як збівалі ў Магілёве пасля выбараў
2020.08.18 18:17

Таксама жанчына прыгадала суддзі, што ў Магілёве людзі пазбаўленыя магчымасці ладзіць масавыя мерапрыемствы ў цэнтры гораду. Грамадзянам і грамадскім аб’яднанням вылучылі толькі адну пляцоўку для імпрэзаў – стадыён «Хімік» у спальным раёне. Які цяпер яшчэ і зачынены на рамонт.

Пасля суда Вольга Серакова напісала заяву, каб ёй далі растэрмінаванне на аплату штрафу. Пенсіянерка не можа за 1 месяц сплаціць 135 рублёў (5 б. в.) у дзяржаўны скарб. Заяву спадарыні Вольгі будуць разглядаць асобна і пасля паведамяць пра рашэнне.

А наперадзе ў жанчыны яшчэ як мінімум адзін суд за ўдзел у іншым маршы пратэсту. Пратакол ужо складзены.

Hавiны
«Сама зайшла ў аўтазак за мужам і бацькам». Як сям’я Афанасьевых ходзіць на пратэсты ў Магілёве
2020.10.01 10:48

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў