Варшава не выдала Менску прадпрымальніка і актывіста, які ўцёк ад пераследу за падтрыманне апазіцыі


Акруговы суд Варшавы прыняў рашэнне аб забароне экстрадыцыі палітуцекача Аляксея Дрыка ў Беларусь. Прадпрымальніка, які ў 2011-2013 гадах падтрымоўваў апазіцыю, спрабаваў завербаць КДБ. Пасля таго як ціск узмацніўся, Аляксей з’ехаў у Польшчу.

Менск высунуў супраць Дрыка абвінавачанні ў нясплаце падаткаў буйнога памеру, фальсіфікацыі дакументаў і падатковай дэкларацыі, генеральная пракуратура Беларусі звярнулася да Варшавы з патрабаваннем экстрадыцыі актывіста з Польшчы. Суд меўся вызначыць, наколькі патрабаванне Менску адпавядае рэчаіснасці.

«Нарэшце разгляд справы завершаны. Суддзя акруговага суда Варшавы прыняла рашэнне аб недапушчальнасці маёй экстрадыцыі. Гэтае рашэнне падтрымала і пракуратура. Раней, перад судом Рада ў справах палітуцекачоў прыняла рашэнне пра наданне мне статусу палітычнага ўцекача», – адзначыў Аляксей Дрык.

Аляксей Дрык прыехаў у Польшчу ў 2014-м годзе пасля пераследу з боку КДБ і спробаў яго завербаваць. Актывіст кажа, што браў удзел у акцыях беларускай апазіцыі з 2006 года, займаўся таксама друкам улётак. У 2011-м годзе малады чалавек распачаў прадпрымальніцкую дзейнасць – адкрыў сваю друкарню, у якой і рабіў друк апазіцыйных матэрыялаў.

Hавiны
Менск патрабуе ад Польшчы выдаць прадпрымальніка, які друкаваў улёткі для апазіцыі
2018.04.13 16:44

Аляксей Дрык атрымаў неабходныя дакументы, ранейшыя абмежаванні, накладзеныя на яго судом, знятыя. Праўда, да гэтага часу актывіст застаецца ў базе вышуку Інтэрполу.

«Хачу падзякаваць руху салідарнасці «Разам», руху«За Свабоду», Хельсінкскаму камітэту. Усім, хто прыходзіў на судовыя паседжанні. Гэта было вельмі важна», – кажа Аляксей.

Разгляд справы Аляксея Дрыка ў Польшчы цягнуўся фактычна 4 гады.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў