Былы кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала сёння падаў дакументы на рэгістрацыю ў кандыдаты ў прэзідэнты. Ён перадаў у ЦВК 160 тысячаў подпісаў за сваё вылучэнне.
У каментары «Белсату» Валерый Цапкала зазначыў, што нерэгістрацыя яго як кандыдата будзе значыць, што выбары адмененыя.
«Мы вельмі спадзяемся, што асноўныя «рэйтынгавыя» кандыдаты будуць зарэгістраваныя», – падкрэсліў ён.
Валерый Цапкала перадусім плануе абапірацца на ініцыятыўнасць грамадзянскай супольнасці. Ён распавёў, што ўражаны неабыякавасцю беларусаў.
«Як яны праяўляюць сваю грамадзянскую пазіцыю, як яны запісваюцца ў актыў мясцовых камісіяў. Вельмі шмат з’явілася новых інструментаў праз развіццё інфармацыйных тэхналогіяў, якія здолеюць зрабіць працэдуру падліку галасоў больш празрыстай».
Ён падкрэсліў, што Канстытуцыя і выбарчае заканадаўства – перадусім.
«Мы мусім усе паважаць Канстытуцыю і выбарчае заканадаўства. І самае галоўнае – паважаць права беларускага народа на той палітычны курс, які ён хоча. Ягонае права абіраць кіраўніка, які павядзе беларускі народ на 5 год. Аніхто не мае права быць вышэй за закон».
Валерый Цапкала выказаўся і аб рэферэндуме, які ініцыявала каманда Віктара Бабарыкі. Ён зазначыў, што варта ім займацца ўжо пасля выбараў.
«Сёння можна патануць у бюракратычных працэдурах… Натарыяльна заверыць подпісы ўсіх чальцоў ініцыятыўнай групы, абраць пытанне на рэферэндум. Пры самым аптымістычным сцэнары гэтая справа зацягнецца прыкладна на 8 месяцаў. А да прэзідэнцкіх выбараў застаецца паўтары месяцы. Неабходна, каб усе кандыдаты сёння засяродзіліся на галоўным парадку дня. А сёння гэта – змена цяперашняга курсу», – сказаў Валер Цапкала.
КТ belsat.eu