У Турцыі адбываецца начны вайсковы пераварот.
Войска скарысталася адсутнасцю ў сталіцы прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана (ён адпачываў у Ізміры) і зрабіла спробу правесці вайсковы пераварот. Узяць пад кантроль усю інфраструктуру не атрымалася, на вуліцах адбываюцца баі паміж паліцыяй і войскам.
04:07 Трыццаць жаўнераў, што бралі ўдзел ў вайсковым перавароце, склала зброю на плошчы Таксім у цэнтры Стамбула.
04:05 Турэцкія спецслужбы выявілі 104 удзельнікаў вайсковага бунту.
04:04 Reuters падае, што Эрдаган прызямліўся ў Стамбуле. Яго вітае натоўп людзей.
03:14 Лятак Эрдагана робіць спробу прызямліцца ў стамбульскім аэрапорце.
Гістарычная даведка Цягам апошніх ста гадоў у Турцыі адбыліся тры вайсковыя перавароты. Падчас апошняга, у 1980-м, войска захапіла ўладу ў выніку ўзброенага канфлікту паміж правымі і левымі. Узровень палітычнага гвалту дасягнуў на той момант свайго піку: колькасць загінуўшых у 70-я гады XX стагоддзя ацэньваецца ў пяць тысяч чалавек; штодня гінулі дзясяткі людзей.
У выніку змяшчэння ўраду Нацыянальнаю радаю бяспекі (так называлі сябе вайскоўцы) прэзідэнтам стаў лідар ваенных Кенан Эўрэн. За тры гады, з 1980-га па 1983-й, у Турцыі прынялі каля 800 законаў, якія замацоўваюць уладу вайскоўцаў.
Пасля перавароту сябраў левых і правых партыяў судзілі паводле вайсковых законаў. Каля 230 тысяч чалавек былі асуджаныя, 14 тысячаў чалавек пазбавілі грамадзянства.
У 2012 годзе Кенана Эўрэна і былога камандуючага ВПС краіны Тахсіна Шахінкая судзілі за пераварот і звяржэнне законнага ўрада ў 1980 годзе. На той момант Эўрэну споўнілася 94 гады; Шахінкаю – 86. Абодва былі асуджаныя на пажыццёвае зняволенне; у чэрвені 2014 года прыгавор уступіў у сілу. Абодвух генералаў разжалавалі ў шараговыя. Летась абодва памерлі.
02:57 У войску адбыўся раскол. Камандуючы 2-м вайсковым корпусам заявіў, што гатовы ісці на Стамбул, каб зачысціць яго ад змоўнікаў і баламутнікаў.
01:52 Стала вядома, што Баўгарыя высылае на мяжу з Турцыяй вайсковыя атрады.
01:50 Каля турэцкага парламенту выбухнула бомба. Ахвяраў няма.
02:35 Дыпламаты спяць. Беларускае МЗС пакуль не рэагуе на вайсковы пераварот у Турцыі.
02:34 Паліцыя спрабуе не дапусціць перавароту, войска адкрывае агонь па паліцыянтах. Паводле «Stratfor», у выніку абстрэлаў Анкары загінулі 17 афіцэраў турэцкай паліцыі.
ДД, belsat.eu