Узняцца са дна. Што чакае хакейны клуб «Дынама» (Менск)?


Што такое хакейны клуб «Дынама» (Менск) узору сезону 2019/2020, і з чым яго ядуць? А ядуць – і яшчэ як – літаральна не пакідаючы жывога месца. Асабліва пасля таго, як каманда дагулялася да найгоршага выніку за ўвесь час выступу ў Кантынентальнай хакейнай лізе.

11-ы чэмпіянат КХЛ прынёс «зубрам» толькі 24-е, перадапошняе агульнае месца і ўсяго 42 набраныя пункты. У сезоне 2013/2014 у зводнай табліцы чэмпіянату былі, праўда, увогуле дваццаць шостымі, але пяць гадоў таму ў КХЛ гулялі 28 камандаў, а не цяперашнія 25. Такім чынам, час праўлення «генералаў», паводле трапнага выразу заслужанага трэнера Беларусі Уладзіміра Крыкунова, давёў клуб да ручкі. І сёлета каманда пачала «аграмадзяньвацца». Ігар Шуневіч пакуль застаўся старшынём назіральнай рады ХК «Дынама» (Менск), але ён ужо сам з падбітым крылом, і кіраўніцтва ў спадчыну мае перайсці да новага міністра ўнутраных справаў – Юрыя Караева. Так павялося дзесяцігоддзямі: «Дынама», як было створанае 96 гадоў таму ГПУ пры НКВД, і дагэтуль застаецца міліцэйскай арганізацыяй. Хіба што можна акрэслена сказаць, што ў сёлетнім «Дынама» «генералаў» будзе менш.

Міхаіл Грабоўскі, Дзмітрый Баскаў, Крэйг Ўудкрафт.
Фота: belsat.eu

На сучасны лад

Абнаўляецца не толькі каманда, але і клуб. Цяпер афіцыйна пасаду генеральнага дырэктара займае не палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Анатоль Курылец, а былы прафесійны хакеіст, брамкар, двухразовы чэмпіён Беларусі і двухразовы ўладальнік Кубка краіны, 40-гадовы Дзмітрый Баскаў. У трэнерскім штабе на сённяшні дзень толькі дзве асобы. Адзін з іх – галоўны трэнер, канадзец Крэйг Ўудкрафт, які ўжо працаваў з камандаю ў сезоне 2016/2017 і паказаў з ёю найлепшы вынік за ўсе гады паводле адсоткаў набраных пунктаў, а таксама вывеў «зуброў» у раўнд плэй-оф КХЛ. І абсалютна новая асоба ў трэнерскім цэху – наш крайні энхаэлавец Міхаіл Грабоўскі, які праз тры гады пасля заканчэння актыўнай кар’еры гульца пастанавіў распачаць карʼеру трэнерскую. На прэс-канферэнцыі ў панядзелак Дзмітрый Баскаў распавёў, што Грабоўскі будзе паралельна выконваць функцыі і генеральнага менеджара, і перакладчыка, каб знакаміты беларускі хакеіст працягваў рознабакова развівацца. З абодвума названымі настаўнікамі пагадненне падпісалі на два сезоны.

Дзмітрый Баскаў.
Фота: belsat.eu

Не да жыравання

З новага гульнявога года «Дынама» будзе мець ці не найменшыя фінансавыя магчымасці ў параўнанні з мінулымі сезонамі. Паводле генеральнага дырэктара, бюджэт клубу скараціўся ў паўтара разу, а заробкі паменшацца нават удвая. І тыя, хто да гэтага часу паставіў свае подпісы пад кантрактамі, гэта ведаюць і сітуацыю разумеюць. У тым ліку і яшчэ адзін вяртанец – 31-гадовы шведскі брамкар Юнас Энрат. У яго былі нядрэнныя прапановы з Нацыянальнай хакейнай лігі, але скандынаў прыняў рашэнне зноў гуляць у колерах «зуброў».

Крэйг Ўудкрафт.
Фота: belsat.eu

Што далей?

Заўтра, 9 ліпеня, каманда афіцыйна выходзіць з адпачынку, а 13-га заязджае на першы перадсезонны кэмп, што прыме цудоўная база ў палескім Пінску. Працягнецца збор два з паловаю тыдні. Затым – турніры ў Ніжнім Ноўгарадзе і Рызе. А перад стартам сезону ў КХЛ (зноў жа на прапанову Дзмітрыя Баскава, які адначасова займае пасаду і намесніка старшыні Федэрацыі хакею Рэспублікі Беларусь) каманда возьме ўдзел у дэбютным разыгранні Суперкубка Беларусі.

Дзмітрый Баскаў.
Фота: belsat.eu

Склад каманды, як і трэнерскі штаб, яшчэ не сфармаваны. Ростар не будзе нараджацца імкліва. Паводле Баскава, ідуць актыўныя перамовы з маладымі хакеістамі, што выступаюць у юніёрскіх лігах Паўночнай Амерыкі, з кіраўніцтвам тых клубаў, за якія выступаюць беларусы, з іхнымі менеджарамі ды асабістымі агентамі. Мэта – пераканаць гульцоў у тым, што правесці хаця б сезон у «Дынама» ім будзе карысней, чым за акіянам. Для навічкоў створаць праглядальныя кантракты. Увогуле ў камандзе павінны загуляць даволі шмат дэбютантаў Кантынентальнай хакейнай лігі. Такія ж самыя праглядальныя кантракты прапануюць і ўзроставым хакеістам. Але ў параўнанні з мінулым сезонам ніхто не атрымаў і пакуль не атрымае павышэння кантрактнай ведамасці што да заробку.

Крэйг Ўудкрафт.
Фота: belsat.eu

Маркетынгавы і камерцыйны аддзелы клубу працягваюць актыўна працаваць на пошук дадатковых фінансавых магчымасцяў, але на сённяшні дзень бюджэт пацярпеў – і пацярпеў значна. Пры гэтым штаб трэнераў практычна сфармаваны, але ўсе прозвішчы будуць афіцыйна агучаныя толькі перад выездам у Пінск, пасля падпісання кантрактаў. Дзмітрый Баскаў прагаварыўся толькі, што трэнерам агульнафізічнага рыхтавання плануюць прызначыць адмыслоўца са Швейцарыі. Задачы на наступны сезон агучаць непасрэдна перад яго пачаткам. Але новы генеральны дырэктар мяркуе, што мінімальнаю мэтаю нават на гэтым пераходна-эксперыментальным этапе трэба ставіць вяртанне ў лік удзельнікаў Кубка Гагарына. Крэйг Ўудкрафт ахвотна ўчапіўся за прапанову давяршыць распачатае два сезоны таму пасля таго, як ад пасады на пачатку чэрвеня адмовіўся беларускі адмыслоўца Аляксандр Андрыеўскі. Хіба што яшчэ паменшылася легіянерская квота гульцоў: клуб пастанавіў абмежавацца чатырма іншаземцамі-палявымі і адным брамкаром.

Зноў загучыць музыка атакі

Якую тактыку альбо мадэль гульні абярэ «Дынама» ў новым, ужо 12-м сезоне КХЛ? Галоўнаму трэнеру прапанавалі прыгледзецца да сціплага абарончага стылю чэмпіёнкі свету – зборнай Фінляндыі, якая здолела сенсацыйна выгуляць планетарнае першынство-2019 у Славаччыне, не маючы пры гэтым зорных выканаўцаў і паставіўшы на агульнакамандную стратэгію дзеянняў на пляцоўцы. Ўудкрафт распавёў, што абавязкова возьме штосьці ад хітрыкаў Суомі – напрыклад, іхнае ўменне гуляць, эканомна размяркоўваючы сілы. Але канадзец пэўны, што поспех найперш прынясе агрэсіўны, сілавы хакей з вялізнай колькасцю кідкоў у браму.

Міхаіл Грабоўскі, Дзмітрый Баскаў, Крэйг Ўудкрафт.
Фота: belsat.eu

На сённяшні дзень «Дынама» яшчэ не абрала сабе фарм-клуб. І адмыслова не надта пільна ўглядаецца ў расейскі рынак з мэтаю далучыць да «зуброў» як мага больш беларусаў, што гуляюць у розных канцах свету, каб было ад гэтай кампаніі болей карысці нацыянальнай зборнай.

Міхаіл Грабоўскі: «Калі спатрэбіцца – згуляю!»

Міхаіл Грабоўскі прызнаўся, што за апошнія два сезоны ён глядзеў хакей збольшага з трыбуны. І з-за лаўкі запасных назіраць за гульнёю ўпершыню давялося на нядаўнім ліпеньскім кэмпе найбольш таленавітых сёння гульцоў, патэнцыйных кандыдатаў у «Дынама» і нацыянальную зборную Беларусі. Прынамсі, асістэнт галоўнага трэнера менскага «Дынама» згадаў уласныя кэмпы, арганізаваныя тут у Беларусі. Іх, летніх лагераў, было пяць на працягу пяці сезонаў у пяці розных мясцінах. Некаторых іх удзельнікаў ён ведае з 10 гадоў і цешыцца, што шмат хто з іх вытрымаў шлях да дарослага хакею.

Міхаіл Грабоўскі.
Фота: belsat.eu

Наконт развітальнага матчу былы цэнтрфорвард менскага «Юнацтва», ніжнякамскага «Нефтехимика», маскоўскага «Дынама», «Toronto Maple Leafs», маскоўскага ЦСКА, «Washington Capitals» і «New York Islanders» абяцаў падумаць разам з кіраўніцтвам федэрацыі, але зусім не выключыў, што ў выпадку форс-мажору будзе гатовы ўпершыню ў карʼеры выйсці на пляцоўку і за менскае «Дынама».

Паводле новых правілаў

Напрыканцы – яшчэ адзін важны момант. Як вядома, Міжнародная федэрацыя хакею на лёдзе (IIHF) дзеля павышэння відовішчнасці рэкамендавала нацыянальным федэрацыям перабудоўвацца на трэнаванні ды гульні ў меншых, чым гэтак званыя еўрапейскія, каробках.

Міхаіл Грабоўскі.
Фота: belsat.eu

Як вядома, у нас лічыцца класічнаю пляцоўка 60 на 30 метраў. Але паўночнаамерыканскі варыянт вузейшы – 60 на 26. Паводле Дзмітрыя Баскава, цяпер «Менск-Арэна» не мае тэхнічнай магчымасці перайсці на гэтыя памеры, на якіх і зладзяцца найбліжэйшыя чэмпіянаты свету. Галоўная крытая пляцоўка краіны можа звузіць барты максімальна да гэтак званых фінскіх 28 метраў. Але і гэта, паводле Міхаіла Грабоўскага, – вялізны плюс. У складзе «Дынама» шмат фактурных, высокіх «дэфаў», як той жа Алег Евенка, а значыць, абарона зможа гуляць больш мабільна, а нападнікі хутчэй вяртацца да сваёй брамы.

Дарэчы, КХЛ ад новага сезону прапанавала пасля змяшчэння вонкавай лініі на 65 сантыметраў намаляваць і яшчэ адну, зону ў форме трапецыі за брамаю, пасля чаго брамкар зможа гуляць толькі ў яе межах, а не дзеяць на ўсёй пляцоўцы. Крананне шайбы ў іншых месцах лядовага палатна прывядзе да малога штрафу. Гэтыя змяненні дазволяць павысіць дынаміку і тую ж відовішчнасць гульні. Зразумела, пасля пераносу вонкавых лініяў крыху ссунуцца і колы ўкіданняў. «Дынама» гатовае да тэхнічных зменаў і рушыць да зменаў ментальных. Прынамсі, як запэўніла кіраўніцтва клубу і трэнеры, наступны сезон для «зуброў» не будзе падобны ні да аднаго папярэдняга – з розных гледзішчаў.

Аляксандр Пуціла, «Белсат»

Стужка навінаў