У Беларусі затрыманы чалавек, які ў суседняй краіне раскрываў асобы паліцэйскіх і нацгвардзейцаў нібыта для іх пераследу. Пра гэта ў Палаце прадстаўнікоў заявіў міністр унутраных справаў Юрый Караеў, піша БелТА.
Юрый Караеў распавёў, што на тэрыторыі Беларусі гэты чалавек хаваўся паўгода: «Злоўлены на тым, што ў суседняй краіне на акцыях вылічаў паліцэйскіх і нацгвардзейцаў з мэтай высвятлення, стварэння цэлай праграмы іх пераследу».
«Не ведаю, ці з’яўляецца ён агентам спецслужбаў, гэтага пакуль сказаць не магу. Але ён удзельнічаў у такім праекце, пераследаваў паліцэйскіх і нацгвардзейцаў», – адзначыў міністр.
«Была цэлая арганізацыя, усе затрыманыя», – дадаў ён.
Караеў не назваў ні імёны затрыманых, ні краіну, дзе тыя нібыта займаліся раскрыццём асобаў сілавікоў. Але хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра Расею.
У пачатку чэрвеня блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал «Папаратор» паведаміў пра затрыманне 28-гадовага грамадзяніна РФ Дзмітрыя Папова, які быў звязаны з камандай «Краіна для жыцця». У Расеі Папоў датычны да праекту «Сканер»: ягонай мэтай было раскрыццё імёнаў расейскіх сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў збіцці грамадзянаў падчас жорсткіх разгонах мірных акцыяў пратэсту ў Маскве.
Караеў таксама не патлумачыў, паводле якога артыкула крымінальнага кодэксу вінавацяць затрыманых і ці ёсць сярод іх грамадзяне Беларусі.
ІІ belsat.eu