«Усе сталі як мінімум доларавымі мільянерамі». Лукашэнка абмяжуе забудоўнікам рэнтабельнасць


Пры будаўніцтве жылля за кошт сродкаў грамадзянаў забудоўнікам зацвердзяць ліміт рэнтабельнасці на ўзроўні не вышэй за 5 %. Адпаведны ўказ разглядаўся 14 студзеня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.

Падчас нарады Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў багачоў, што зрабілі грошы на будаўніцтве жылля.

«У нас тыя прадпрымальнікі, прыватнікі, бізнесоўцы, якія займаюцца будоўляй, асабліва будуюць жыллё (яны проста рвуцца ў гэтую сферу), усе сталі як мінімум доларавымі мільянерамі. Хутка, ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў. Усе, хто сур’ёзна займаўся гэтым будаўніцтвам. Паўстае пытанне, адкуль такі спрыт? Нават Амерыка не ведала такіх тэмпаў, – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. – Узнікае пытанне, адкуль так хутка разбагацелі гэтыя людзі? Дзякуй богу, што разбагацелі, няма пытанняў. Але толькі багацець трэба за свой кошт. Трэба багацець за сваю працу. А не тое, што, спасылаючыся на нейкую рынкавую эканоміку, разбагацелі за кошт тых, хто купляе гэтае жыллё. Гэта ненармальна».

Лукашэнка падчас нарады 14 студзеня. Фота – president.gov.by

Ён адзначыў, што Завод эфектыўных прамысловых канструкцыяў прадэманстраваў, што забудоўнік можа паспяхова развівацца і пры рэнтабельнасці ў 5 %.

«Мне тут дакладваюць, што, калі мы гэтым шляхам пойдзе, будуць вымывацца нейкія фінансавыя сродкі, і прадпрыемствы ў выніку паваляцца. Усе вы маеце жыллё, і неблагія. Не забывайце, што ёсць яшчэ тыя, хто мае патрэбу ў жыллі, мы павінны ім дапамагаць. Нашая дапамога перш за ўсё заключаецца ў тым, каб мы дапамаглі ім пабудаваць жыллё па даступных цэнах», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка спытаў, чаму прадпрыемствы не могуць працаваць пры рэнтабельнасці 5 %.

«Не могуць – тады няхай чакаюць у чарзе: што застанецца – аддамо ім. Мы аддамо будаваць жыллё тым, хто хоча будаваць, груба кажучы, з пяціпрацэнтнай рэнтабельнасцю, з меншымі выдаткамі, з больш нізкімі коштамі. Мы не будзе адбіраць – прыватныя, дзяржаўныя. Вось цана – у яе трэба ўкласціся. У нас не багатыя людзі, каб плаціць падвойны кошт за жыллё і дапамагаць багачам набіваць кішэні», – адзначыў ён.

Як сябры Лукашэнкі выводзяць грошы ў афшор. Расследаванне «Белсату»

Пасля нарады віцэ-прэм’ер Уладзімір Кухараў паведаміў БелТА, што пры будаўніцтве жылля за кошт сродкаў грамадзянаў забудоўнікам зацвердзяць ліміт рэнтабельнасці не вышэй за 5%.

«Кіраўніком дзяржавы падтрыманы праект указа. У гэтым указе прапануецца забудоўнікам, якія будуюць жыллё з прыцягненнем сродкаў грамадзянаў, усталяваць лімітавую рэнтабельнасць не вышэй за 5%. Таксама прапануецца, што ў выпадку, калі забудоўнік будзе будаваць жыллё за кошт уласных сродкаў і затым яго рэалізоўваць грамадзянам, то гэта норма распаўсюджвацца не будзе. Акрамя таго, гэтая норма не будзе распаўсюджвацца на будаўніцтва жылля для юрыдычных асобаў», – сказаў віцэ-прэмʼер.

Паводле Кухарава, дадзеная норма таксама не будзе распаўсюджвацца на інвестыцыйныя дамовы, якія былі заключаны раней ці на працягу паўгода пасля прыняцця ўказа. Ён падкрэсліў, што гэты ўказ дазволіць знізіць кошт жылля для ўсіх грамадзянаў.

У Instagram выклалі відэа з Лукашэнкам на гала-вячэры ў рэстарацыі «Лябяжы»

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары