«Усе нам дапамагаюць. І вы дапамажыце». У Магілёве за хабар судзяць экс-чыноўніцу


6 лістапада былая начальніца ўпраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкаму Ірына Жаббарава паўстала перад судом Кастрычніцкага раёну. Яе абвінавачваюць у атрыманні хабару паводле ч.1, ч.2 арт. 430 Крымінальнага кодэксу.

Разам з Ірынай Жаббаравай па справе праходзіць і генеральны дырэктар ЗАО «Лазарныя шоў-сістэмы» Аляксандр Лексакоў. Паводле следства, менавіта ён даваў Жаббаравай грошы. Лексакову інкрымінуюць ч.1 арт. 431 Крымінальнага кодэксу.

Ірына Жаббарава знаходзіцца пад вартай з моманту затрымання 13 сакавіка 2020 года. Фота belsat.eu

Ірына Жаббарава з 2014 году займала пасаду намесніка начальніка аддзелу культуры Магілёўскага гарвыканкаму, а з 2018 году была начальнікам гэтага ўпраўлення. У ейныя абавязкі таксама ўваходзіла арганізацыя і правядзенне гарадскіх святаў.

Паводле следства, Жаббарава з 2015 па 2020 гады атрымлівала хабар ад прыватнага прадпрыемства «Арт-канцэрт» і ЗАО «Лазарныя шоу-сістэмы» за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў яе кампетэнцыю. А менавіта за заключэнне дамоваў на аказанне паслугаў для правядзення гарадскіх святаў з гэтымі ўстановамі.

Аляксандр Лексакоў зрабіў чыстасардэчнае прызнанне па ўсіх эпізодах. Фота belsat.eu

На паседжанні 6 лістапада дзяржаўны абвінаваўца пракурор Таццяна Касцюшка пералічыла імпрэзы, пры арганізацыі якіх Ірына Жаббарава нібыта атрымала хабар:

  • 2015 год. Канцэрт «Мой горад славы легендарнай» з элементамі рэканструкцыі фарсіравання Дняпра пры ўдзеле прыватнага прадпрыемства «Арт-канцэрт».
  • 2016 год. Святочны канцэрт для працоўных калектываў па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёва пры ўдзеле ЗАО «Лазарныя шоў-сістэмы».
  • 2017 год. Канцэрт, прысвечаны 750-годдзю заснавання Магілёва пры ўдзеле прыватнага прадпрыемства «Арт-канцэрт».
  • 2019 год. Святочныя канцэрты «Магілёў і Я – разам мы Сям’я!» і «Магілёў у маім сэрцы» пры ўдзеле прыватнага прадпрыемства «Арт-канцэрт».
  • 2019 год. Театралізаваны канцэрт «Салдатамі былі ўсе» пры ўдзеле прыватнага прадпрыемства «Арт-канцэрт».
  • 2019 год. Лазернае шоў на фасадзе ГЦ «Атрыум» пры ўдзеле ЗАО «Лазарныя шоў-сістэмы».
  • 2020 год. Святочны канцэрт для працоўных калектываў па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёва пры ўдзеле ЗАО «Лазарныя шоў-сістэмы».

Аляксандру Лексакову інкрымінуецца толькі апошні эпізод. А дырэктар прыватнага прадпрыемства «Арт-канцэрт» Павал Мажэйка ўвогуле не праходзіць абвінавачаным па справе.

Экс-чыноўніца Ірына Жаббарава ў судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва. Фота belsat.eu

Затрыманне

Жаббараву і Лексакова затрымалі 13 сакавіка 2020 года. Паводле Лексакова, у гэты дзень ён перадаў Жаббаравай 550 рублёў на паркоўцы ля гандлёвага цэнтру «Е-Сіці» у Магілёве. Праз некалькі гадзін яго затрымалі на дарозе М4 і вярнулі ў Магілёў. У Камітэце дзяржаўнай бяспецы па Магілёўскай вобласці Лексакоў напісаў яўку з павіннай і прызнаўся па ўсіх эпізодах. Мужчына сведчыў супраць двух магілёўскіх чыноўнікаў, але імя другога ў судзе не прагучала.

«Упершыню Ірына Жаббарава запрасіла ЗАО «Лазарныя шоў-сістэмы» для арганізацыі свята ў Магілёве ў 2015 годзе. Тады мы былі на піке сваёй дзейнасці. Мы паспяхова правялі Чэмпіянат свету па хакею ў Менску, у нас было шмат добрых водгукаў. І канкурэнтаў у нас у Беларусі амаль не было», – распавёў Аляксандр Лексакоў на судзе.

Як прызнаецца Лексакоў, першыя грошы Жаббаравай ён перадаў у 2016 годзе, яны сустрэліся ў падземным пераходзе на станцыі метро «Магілёўская» у Менску. Грошы – 2 млн беларускіх рублёў да дэнамінацыі – знаходзіліся ў фірмовым буклеце ЗАО «Лазарныя шоў-сістэмы», якія Лексакоў паклаў у сумку Жаббаравай.

«Я сам для сябе зразумеў, што Жаббаравай неабходна плаціць. З яе боку не было канкрэтных словаў, але я зразумеў менавіта так. Аднойчы яна сказала мне, што ў іх ёсць пэўныя фінансавыя праблемы, усе ім дапамагаюць і трэба, каб я таксама дапамагаў. Я сам вызначыў памер гэтай «дапамогі» – каля 10% ад сумы дамовы і аддаваў гэтыя грошы Жаббаравай», – патлумачыў Аляксандр Лексакоў на судзе.

Справу Ірыны Жаббаравай разглядае суддзя Алена Селядцова. Фота belsat.eu

Ірына Жаббарава сваёй віны ў судзе не прызнала. Аляксандр Лексакоў прызнаў віну цалкам.

На паседжанні 6 лістапада адвакат Жаббаравай падала хадайніцтва аб змене меры ўтрымання на любую, не звязаную з утрыманнем пад вартай. Старшыня суду Алена Селядцова адхіліла яго.

Ірына Жаббарава знаходзіцца пад вартай з моманту затрымання – ужо дзявяты месяц. Спачатку яе ўтрымлівалі ў Следчым ізалятары КДБ у Менску, а цяпер яна знаходзіцца ў Магілёўскай турме №4. Аляксандр Лексакоў чакае судовага выраку на волі пад падпіскай аб нявыездзе.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў