Урад паабяцаў пазбавіцца нізкааплатных працоўных месцаў да 1 ліпеня. Эксперт: гэта папулізм


У інтэрв’ю каналу «Беларусь 1» першы віцэ-прэмʼер Аляксандр Турчын паведаміў, што ўлады маюць намер узяцца за прадпрыемства, на якіх сярэдняя зарплата не дацягвае да 400 рублёў. З наступнага года возьмуцца за прадпрыемствы, дзе сярэдні заробак недацягвае да 500 рублёў.

Турчын адзначыў, што ўладу хвалююць кампаніі, што плацяць сваім працаўнікам нізкія заробкі. Такія прадпрыемствы ўрад будзе «вельмі жорстка» кантраляваць.

«Першы этап – арганізацыі, якія плацяць людзям менш за 400 рублёў. Мы паставілі задачу, каб да 1 ліпеня такіх прадпрыемстваў не было», – адзначыў першы віцэ-прэм’ер.

На думку Турчына, у гэтай справе трэба ўлічыць два складнікі – эфектыўная праца і кіраўніцкія рашэнні.

«Калі вы бачыце, што прадпрыемства не можа нармальна працаваць, то прымайце кіраўніцкае рашэнне: далучайце, прадавайце, ліквідуйце. Пры гэтым безумоўна працаўладкаваўшы людзей. Але плаціць такі заробак недапушчальна», – кажа Турчын.

Першы віцэ-прэмʼер таксама адзначыў, што міністру па падатках і зборах далі заданне праверыць, ці легальны выплачваецца заробак на прадпрыемствах або «ў канвертах».

З 1 студзеня 2020 года ўрад мае намер узяцца за прадпрыемства, на якіх сярэдні заробак недацягвае да 500 рублёў.

Эканаміст Леанід Злотнікаў у размове з belsat.eu адзначыў, што задача пазбавіцца нізкааплатных працоўных месцаў выглядае нерэальнай і такога кшталту заявы можна лічыць звычайным папулізмам.

«Адкуль яны возьмуць гэтыя грошы? Трэба, каб прадпрыемства стваралі больш дадатковай вартасці, каб прадукцыйнасць працы расла, каб эканоміка стварала больш прадуктаў. Тады прадпрыемства неяк ужо размяркуюць грошы паміж працаўнікамі. А калі ўрад не стварае эфектыўную эканоміку, а толькі дзеліць тое, што есць – гэта папулізм, асуджаны на правал», – адзначае эксперт.

Паводле Белстату, сярэдні заробак беларусаў за красавіка склаў 1073,7 рубля. Самы нізкі сярэдні заробак у працаўнікоў цырульняў і салонаў прыгажосці (555 рублёў), працаўнікоў культуры (576 рубля) і сацработнікаў (578 рубля). У адукацыі сярэднія сакавіцкія заробкі склалі 728 рублёў, у ахове здароўя – 782.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў