Упраўленне справамі Лукашэнкі засталося адзіным прэтэндэнтам на ўкраінскі «Сбербанк», – СМІ


Сбербанк Украіны. Фота - Delo.ua

Расейская газета «Коммерсант» паведамляе, што на куплю ўкраінскага «Сбербанка» застаўся адзіны прэтэндэнт – «Парытэтбанк», які належыць Упраўленню справамі прэзідэнта Беларусі.

Па дадзеных выдання, іншы прэтэндэнт на куплю банку – украінскі бізнесовец Валерый Харашкоўскі – адмовіўся ад гэтай ідэі праз «санкцыйныя рызыкі». У выніку адзіным прэтэндэнтам апынуўся беларускі «Парытэтбанк», неабходны пакет дакументаў ад якога Нацбанк Украіны атрымаў яшчэ 21 снежня.

«Сбербанк» (Украіна) належыць расейскаму «Сбербанку» і ўваходзіць у топ-7 украінскіх банкаў. Размовы аб яго продажы актывізаваліся пасля ўвядзення ўкраінскім урадам санкцыяў, якія, у прыватнасці, забараняюць расейскаму банку праводзіць аперацыі на карысць матчыных структураў.

Ключавой праблемай, якую ўкраінскія санкцыі стварылі расейскім дзяржбанкам, стала немагчымасць вярнуць значныя міжбанкаўскія крэдыты, выдадзеныя іх украінскім структурам. Па словах крыніцаў «Коммерсанта», здзелку з «Парытэтбанк» плануецца структураваць так, каб расейскі «Сбербанк» змог вярнуць частку міжбанка на ўкраінскую «дачку» праз беларускую – БПС-банк (беларускую «дачку» Сбербанка). Санкцый афіцыйнага Кіева супраць расейскіх банкаў прадугледжваюць «перадухіленне вываду капіталаў за межы Украіны на карысць звязаных з банкамі асобаў». Абмежаванняў на разлікі беларускага «Парытэтбанка» з беларускім жа БПС-банкам няма.

Фота – myfin.by

Адзінай праблемай у гэтай здзелкі, па дадзеных «Коммерсанта», можа апынуцца фігура кіраўніка Упраўлення справамі прэзідэнта Беларусі Віктара Шэймана, якія застаецца пад заходнімі санкцыямі. Хаця ў дакументах «Парытэтбанка» Шэйман нідзе не фігуруе.

«Уваходжанне ў банкаўскую сістэму Украіны – нармалёвы працэс. Гэта магутны рынак, гэта магчымасць фінансаваць розныя гандлёвыя здзелкі. Калі б «Парытэтбанк» быў прыватным, калі б гэта была прыватная экспансія – я б цалкам вітаў гэтае рашэнне. Але мяне трохі бянтэжыць, што гэта дзяржаўная структура, адзін з буйнейшых холдынгаў Беларусі. Таму здзелка можа набыць трохі іншы змест, можа паўстаць пэўны канфлікт інтарэсаў. Але паглядзім, як будуць развівацца падзеі», – адзначыў у размове з belsat.eu эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Парытэтбанк» – 15-й банк Рэспублікі Беларусь па памерах актываў. 99,83% банка валодае Ўпраўленне справамі прэзідэнта – Упраўленне выкупіла яго ў Нацбанка Беларусі ў 2014 годзе.

Віктар Шэйман, 2011 год. Фота – EFE/David Fernandez

Упраўленню справамі прэзідэнта падкантрольныя дзясяткі арганізацыяў: нацыянальныя паркі, запаведнікі, гатэлі і курортныя комплексы (у тым ліку, у Крыме, краінах Балтыі і на Каўказе), культурна-забаўляльныя аб’екты, аўтатранспартная ўстанова, прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Усяго Ўпраўленне справамі прэзідэнта валодае больш чым 400 абʼектамі нерухомасці і больш чым 100 арганізацыямі. Упраўленне непасрэдна падпарадкоўваецца Лукашэнкі.

Упраўленне справамі прэзідэнта з 2013 года ўзначальвае Віктар Шэйман – адна з найбольш вядомых і скандальных асобаў у атачэнні Лукашэнкі. У розныя гады Шэйман быў кіраўніком Савета бяспекі, генеральным пракурорам і кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта.

Праваабаронцы лічаць, што Шэйман быў датычны да выкраданняў і забойстваў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. У 2004 годзе аб дачыненні Шэймана да «эскадронам смерці» было сказана ў адмысловым дакладзе дэпутата Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдыса, які праводзіў уласнае расследаванне. У 2006 годзе ў дачыненні да Шэймана былі ўведзеныя заходнія санкцыі – прычым ён і яшчэ чатыры падазраваных па справе аб выкраданні ў Беларусі застаюцца пад санкцыямі да гэтага часу.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары