Унікальны фота- і відэамантаж: апыніся ў беларускім горадзе ХІХ–ХХ ст.


Шыкоўныя будынкі з кадраў чорна-белай «хронікі» Гомлю – насамрэч трохмерныя камп’ютарныя мадэлі, а пешаходы – сучасныя акторы. Вуліцы 100-гадовай даўніны ажывілі аўтары фільму «Рэпрэсаваная архітэктура», знятага для «Белсату».

Дакументальная стужка распавядае пра лёс таленавітага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, які стварыў адныя з найпрыгажэйшых будынкаў Гомлю. Ягоная карʼера імкліва развівалася да рэвалюцыі. Пасля ён, нягледзячы на перашкоды, працягваў дзейнасць. Станіслаў Шабунеўскі паспеў папрацаваць у розных архітэктурных стылях, і ў межах кожнага стварыў свой шэдэўр.

Але савецкай уладзе шэдэўры былі не патрэбныя. Праекты Шабунеўскага, якія перажылі Другую сусветную вайну, пазносілі або перарабілі да непазнавальнасці. Мала хто з жыхароў Бабруйску ведае, што хрушчоўка, якую яны штодня мінаюць па дарозе на працу, калісьці была… шыкоўнейшым касцёлам.

Дзякуючы архіўным планам, стваральнікі фільму «Рэпрэсаваная архітэктура» аднавілі ў 3D першапачатковы выгляд будынкаў, якія існуюць дагэтуль, але былі зменены да непазнавальнасці ў савецкі перыяд. І калі лёс праектаў Шабунеўскага быў вядомы, як ён правёў свае апошнія дні, мы не ведаем. Адказаць на гэтае пытанне спрабуюць аўтары стужкі Марыя Булавінская і Сяргей Ляпін.

ІА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары