Умацуецца ці паслабіцца? Што чакае беларускі рубель у найбліжэйшыя месяцы


На гандляваннях Беларускай валютна-фондавай біржы курс еўра, усталяваны на 31 студзеня, знізіўся ў параўнанні з папярэднім днём на 0,05 % і склаў 2,4683 руб. На 0,04 % да 2,1584 руб. патаннеў і долар. І толькі расейскі рубель вырас у кошце – на 0,35 % да 3,2672 бел. руб. за 100 расейскіх.

Апошнія гандляванні цалкам адлюстроўваюць сітуацыю са складнікамі беларускага трохвалютнага кошыка цягам усяго студзеня.

Гэтак, за першы месяц 2019 г. еўра ў Беларусі патаннеў на 0,21 % (у канцы мінулага года ён каштаваў 2,4734 руб.).

Курс долара знізіўся ў студзені на 0,06 % (быў 2,1598 руб.).

А вось расейскі рубель падаражэў ажно на 4,96 % (на 31 студзеня за 100 рас. руб. давалі 3,1128 бел. руб.).

Агулам да кошыка валютаў беларускі рубель аслаб за студзень на 2,4 %.

Курс беларускага рубля будзе расці

Як мяркуе навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру BEROC Алег Мазоль, у бліжэйшыя некалькі месяцаў курс беларускага рубля будзе ўмацоўвацца – як да кошыка валютаў у цэлым, гэтак і да долара ў прыватнасці. Пра гэта ён заявіў у каментары Belsat.eu.
Прычыны росту нацыянальнай валюты суразмоўца бачыць у росце сусветных коштаў на нафту, а таксама ў тым, што на бліжэйшыя тры месяцы ў Беларусі прыпадае выплата падаткаў фізічнымі асобамі. «Павысіцца попыт на рублі, бо людзі будуць здаваць валюту, каб плаціць падаткі», – адзначыў эксперт.

На думку Алега Мазаля, у гэты перыяд нават можа штучна завышацца курс беларускага рубля, каб за кошт гэтага дадаткова прыцягнуць валюту, у тым ліку для Нацыянальнага банку. Умацавацца рубель можа прыкладна на 2 %, прагназуе суразмоўца.

Што да негатыўных фактараў, якія б маглі паўплываць на курс беларускай валюты, дык тут галоўная пагроза сыходзіць ад знешніх рызык, перадусім ад магчымай эскалацыі канфлікту паміж Расеяй і ЗША, што можа прывесці да ўзмацнення санкцыяў у дачыненні да РФ. Гэта стала б шокам для расейскага рубля, а праз яго перадалося б і беларускаму, падкрэсліў прадстаўнік BEROC.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары