Улады створаць агенцтвы для дзяржаўных закупаў. Гэта зменшыць карупцыю?


Тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў тэкст праекту ўказу Аляксандра Лукашэнкі, які прадугледжвае стварэнне спецыялізаваных агенцтваў, што будуць весці фінансавыя справы і ажыццяўляць дзяржаўныя закупы бюджэтных арганізацыяў. Belsat.eu разбіраўся, да чаго можа прывесці рэалізацыя новага ўказу.

Указ падрыхтаваны «ў мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў». Мяркуецца, што пасля падпісання дакумент мусіць набыць сілу з 1 студзеня 2020 года.

Дакумент прадугледжвае, што выканкамы на ўсіх узроўнях атрымліваюць права ствараць агенцтва, якія будуць займацца фінансамі бюджэтных арганізацыяў, ажыццяўляць дзяржаўныя закупы і шэраг іншых функцыяў. Сярод такіх арганізацыяў – установы аховы здароўя, культуры, сацыяльнага абслугоўвання і спорту, што падпарадкоўваюцца выканкамам.

Агенцтва будуць фінансавацца з мясцовых бюджэтаў. Пры гэтым агенцтва і самі атрымаюць магчымасць «ажыццяўляць дзейнасць, якая прыносіць даходы» (якую – не ўдакладняецца). Бюджэтныя арганізацыі ў сваю чаргу будуць накіроўваць у агенцтвы сродкі, што засталіся ад выплаты падаткаў, «у якасці стымулюючых выплатаў». Сродкі гэтыя мусяць пайсці на прэміі працаўнікам.

Штат бюджэтных арганізацыяў праз дэлегаванне часткі функцыяў плануецца скараціць. Колькі працаўнікоў будзе ў саміх агенцтвах, урад вызначыць асобна.

Кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, юрыст і эканаміст Сяргей Балыкін лічыць, што ідэя пазбавіць бюджэтныя арганізацыі неўласцівых ім функцыяў – правільная. Аднак цяпер важна, каб добрую ідэю не загубілі выканаўцы.

Сергей Балыкін. Скрыншот з эфіру “Белсат”

«Па-першае, сапраўды, разумна перадаць функцыю дзяржаўных закупаў адзінаму спецыялізаванаму агенцтву. Лекары няхай лечаць, настаўнікі – вучаць, а закупамі займаюцца спецыялісты ў гэтай сферы. Гэта дазволіць прыбраць спецыялістаў па закупам, перавесці іх у гэтыя агенцтва, а можа і скараціць колькасць. Гэта дазволіць стварыць адзіную практыку закупаў, а не як цяпер, калі кожная арганізацыя (школа, шпіталь і г.д.) зацвярджае свае правілы. Па-другое, у ідэале гэта мусіць спрыяць зніжэнню карупцыі, бо будзе створана незалежная структура, якая гэтым будзе займацца.

Але ў нашай краіне любую здаровую ідэю можа пераўтварыць у ідыятызм. Можна асцерагацца таго, што гэта будзе даведзена на абсурду, агенцтва будуць незалежнымі толькі фармальна, а насамрэч кантралявацца тымі ж арганізацыямі, што і раней», – кажа Балыкін у інтэрв’ю belsat.eu.

Звяртае на сябе ўвагу, што, паводле праекту ўказу, выканкамы будуць ствараць агенцтвы для вядзення фінансавых справаў тых арганізацыяў, якія гэтым жа выканкамам і падпарадкоўваюцца. Аднак Балыкін не бачыць у гэтым прынцыповага супярэчання.

«Ну, напрыклад, ствару я, як прыватная асоба, некалькі арганізацыяў. А для кіравання гэтымі арганізацыямі дадатковую структуру. Што тут кепскага, калі мне так зручней кіраваць? Так робіць і выканкам, ствараючы спецыялізаваныя агенцтва. Можна, вядома, было б зрабіць асобную структуру або грамадскую арганізацыю, але вырашылі інакш. У гэтым няма вялікай праблемы. Галоўнае – як усё гэта будзе рэалізоўвацца», – адзначае ён.

Аб’ектыў
Урад прыдумаў, як перамагчы адкаты ў дзяржзакупах
2018.06.28 22:17

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў