Улады патрабуюць ад Чэрачня прызнаць колькасць агучаных ЦВК подпісаў


Ад патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнты Сяргея Чэрачня ўлады патрабуюць прызнаць, што яго штаб здаў 143 тысячы подпісаў, хаця прадстаўнікі палітыка распавялі, што здалі ў камісіі ўсяго 106 тысячаў подпісаў, піша «Наша ніва».

Раней у штабе палітыка Сяргея Чэрачня агучылі, што ў выбарчыя камісіі здалі ўсяго 106 500 подпісаў. Але ЦВК падлічыла, што за Чэрачня прынялі 143 100 подпісаў. Прадстаўнікі Чэрачня заявілі, што не ведаюць, адкуль з’явіліся яшчэ больш за 36 тысячаў подпісаў і сказалі, што гэтае пытанне не да іх.

Патэнцыйны кандыдат распавёў, што з ім праводзілі прафілактычныя гутаркі, каб ён прызнаў сваю «памылку» і публічна пагадзіўся з лічбай, агучанай у ЦВК. Палітык не называе ведамства, прадстаўнікі якога ціснулі на яго.

Кампрамісам стала заўвага на сайце палітыка і сацыяльных сетках пра колькасць подпісаў.

«Сабранай, праверанай і пададзенай намі колькасці подпісаў для рэгістрацыі дастаткова. 143 109 подпісаў, якія засталіся пасля правярання ЦВК, для рэгістрацыі таксама дастаткова. Мы выступаем за далейшы ўдзел усіх дэмакратычных сілаў у гэтых выбарах для пераменаў, неабходных Беларусі», – гаворыцца ў заяве.

Паводле ЦВК, неабходную колькасць подпісаў здалі Аляксандр Лукашэнка (1 939 572 подпісаў), Віктар Бабарыка (165 744 подпісы), Сяргей Чэрачэнь (143 109 подпісаў), Ганна Канапацкая (146 588 подпісаў), Андрэй Дзмітрыеў (106 841 подпіс), Святлана Ціханоўская (104 757 подпісаў)

Але Сяргей Чэрачэнь на сваёй старонцы паведамляў, што сабраў 106 тысячах подпісаў, аднак у выніку ў яго апынулася 143 109. Падобная сітуацыя і ў Ганны Канапацкай: яна заяўляла, што сабрала 110 тысячаў подпісаў, але пасля праверкі ЦВК іх стала на 36 тысячаў болей.

У той жа час учора, 29 чэрвеня, масава не залічваліся подпісы, сабраныя за Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу.

СК belsat.eu

Стужка навінаў