Улады пагражаюць бацькам, якія прыходзяць на акцыі пратэсту з дзецьмі

Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка заявіў, што ўсе факты ўдзелу дзяцей у незаконных вулічных акцыях атрымаюць прававую ацэнку, іх бацькі панясуць адказнасць. Пра гэта піша БелТА.

Паводле Петрышэнкі, абавязак бацькоў, у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам Беларусі і Канстытуцыяй, абараняць сваіх дзяцей. Прыцягненне непаўналетніх да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах – наўмыснае дзеянне, калі бацькі свядома падвяргаюць сваіх дзяцей небяспекі, лічыць Петрышэнка.

«Падаграванне і стымуляванне несвядомых бацькоў прыводзіць на масавыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы дзяцей не ўкладаецца ні ў якія рамкі дзейных міжнародных прававых нормаў. Гэта недапушчальна», – падкрэсліў віцэ-прэмʼер.

Ён паабяцаў адпаведнымі прававымі механізмамі ў рамках камісіяў па справах непаўналетніх даць прававую ацэнку дзеянням кожнага бацькі, які прыцягваў дзяцей да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Акрамя таго, на думку Ігара Петрышэнкі, правапрымяняльную практыку дзейных заканадаўчых нормаў у частцы абароны правоў непаўналетніх неабходна ўдасканаліць у адпаведнасці з выклікамі, з якімі Беларусь цяпер сутыкнулася.

ІІ belsat.eu

Hавiны