Улады абнавілі праграму, якая збірае звесткі пра «дармаедаў»


На гэтым тыдні абнавілася праграма, праз якую ўлады збіраюць інфармацыю аб занятых у эканоміцы, вынікае з афіцыйнага сайту Мінпрацы.

Праграма распрацавана для дзяржорганаў і абмену звесткамі паміж рознымі ведамствамі (напрыклад, мясцовыя выканкамамі – пра працельшчыкаў паслуг ЖКГ). Нацыянальнае кадастравае агенцтва падае праз праграму інфармацыю аб уласніках жылля і тых, у каго ёсць зямельныя ўчасткі. Фізічным асобам падаваць дадзеныя аб сваёй занятасці праз гэта праграмнае забеспячэнне не трэба.

Раней у гэтай праграме не было магчымасці прадстаўляць інфармацыю аб плацельшчыках жыллёва-камунальных паслуг і ўласніках жылля.

Дагэтуль не вядома, колькі чалавек знаходзяцца ў базе «дармаедаў» і колькі з іх ужо аплочваюць поўныя жыроўкі. Ні пра гэта, ні пра тое, колькі сродкаў выдаткавалі на стварэнне самой базы, улады не распавядаюць, хаця патрабаванні апублічыць гэтыя звесткі гучалі з боку грамадства неаднаразова.

Паводле абноўленага «дармаедскага» дэкрэту, планавалася, што незанятыя ў эканоміцы з кастрычніка будуць цалкам аплачваць ацяпленне і газ. Аднак улады перанеслі гэты тэрмін на 1 мая 2020 года. У Саўміне растлумачылі, што прынялі такое рашэнне «для недапушчэння неабгрунтаваных выпадкаў налічэння павялічанай платы за паказаныя паслугі грамадзянам». Ва ўрадзе адзначалі, што інфармацыю для базы не занятых у эканоміцы збіраюць амаль з 50 крыніц. У гэтым ім дапаможа новая праграма.

У лістападзе ўлады абновяць спіс працаздольнага насельніцтва, якое не занята ў эканоміцы. Тым, хто трапіць у яго і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, давядзецца аплачваць па поўных тарыфах гарачае водазабеспячэнне.

КА belsat.eu

Стужка навінаў