Канстытуцыйны суд Украіны канчаткова забараніў прапаганду абодвух рэжымаў, прызнаўшы іх антыўкраінскімі.
Канстытуцыйны Суд Украіны 16 ліпеня пакінуў у моцы рашэнне аб канстытуцыйнасці закону аб асуджэнні камунізму і нацызму, прынятага пасля Еўрамайдану.
Суд падкрэсліў, што права на свабоду думкі і выказванняў і свабоднае выказванне поглядаў і перакананняў не з’яўляецца абсалютным, і можа быць абмежаванае законам у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці або грамадскага парадку.
Паводле суду, закон прынялі для перадухілення паўтору злачынстваў камуністычнага і нацысцкага рэжымаў у будучыні.
«Па крымінальным характары камуністычны і нацысцкі рэжымы былі аднолькавымі, і метады правядзення дзяржаўнай рэпрэсіўнай палітыкі былі аднолькавымі, – гаворыцца ў рашэнні суду. – Гэтыя рэжымы катэгарычна адмаўлялі ў магчымасці існавання незалежнай дзяржавы Украіны, пераследавалі яе прыхільнікаў і заміналі ўкраінскаму нацыянальнаму адраджэнню».
У рашэнні гаворыцца, што абодва рэжымы татальна кантралявалі грамадства, ладзілі рэпрэсіі і вялі палітычны пераслед людзей.
«У выніку некалькі пакаленняў украінцаў […] падвяргаліся абмежаванням грамадзянскіх, палітычных і іншых правоў і свабодаў», – адзначыў у сваім рашэнні суд.
Закон аб забароне прапаганды камунізму і нацызму ўва Украіне прынялі яшчэ ў красавіку 2015 года. Апроч забароны на выкарыстанне савецкай сімволікі дакумент прадугледжваў знос помнікаў камуністычным дзеячам і перайменаванні названых у іх гонар вуліц. Пасля гэтага ўва Украіне знеслі каля дзвюх тысячаў помнікаў Леніну і забаранілі Камуністычную партыя, якая мела сваю фракцыю ў Радзе да падзеяў на Майдане.
У траўні 2017 года 46 дэпутатаў Рады абскардзілі закон у Канстытуцыйным судзе.
Учорашняе рашэнне суду з’яўляецца канчатковым.
ДД belsat.eu