З 7 красавіка мяжу Украіны можна будзе перасекчы толькі на аўтатранспарце і толькі ў вызначаных пунктах пропуску. Паводле Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, працаваць будуць усяго 19 пунктаў пропуску.
Урад Украіны ўнёс карэктывы ў пастанову «Аб часовым закрыцці некаторых памежных пунктаў пропуску і кантрольных пунктаў і спыненні руху пешаходаў па іх».
«З улікам зменаў з 00.00 гадзінаў 7 красавіка 2020 года часова будуць зачыненыя 115 пунктаў пропуску, яшчэ ў 28 пунктах пропуску часова спыніцца пешаходны пераход», – удакладнілі ў памежнай службе.
З улікам усіх абмежаванняў, па стане на 7 красавіка, працаваць будуць толькі 19 пунктаў пропуску, дзе можна перасякаць дзяржаўную мяжу Украіны ўласным транспартным сродкам.
Мяжу з Беларуссю можна перасякаць у пяці пунктах пропуску.
У сувязі з пандэміяй каронавірусу SARS-CoV-2 Украіна цалкам закрыла межы з 27 сакавіка.
Паводле Інстытуту Джона Хопкінса, па стане на 6 красавіка ва Украіне выяўлена 1319 інфікаваных на каронавірус. Ахвярамі інфекцыі сталі 38 асобаў.
СК belsat.eu