Убачылі шлагбаўм і адразу спыніліся. У Берасці адкрылася незвычайная выстава


«Стык» – так называецца сумесная выстава паляка Паўла Матышэўскага і беларуса Сяргея Шабохіна. Яна адкрылася ў прасторы берасцейскім тэатры «Крылы Халопа» 23 лютага.

Уваход на выставу дазваляўся толькі ў бахілах. Спецыяльна для выставы прастора «Крылы Халопа» была цалкам трансфармаваная. На выставе было прадстаўлена 22 экспанаты, а на ўваходзе стаяў шлагбаўм. Дарэчы, ён таксама быў часткай выставы. Але наведвальнікі вырашылі, што перад ім трэба спыніцца і стаяць. Хоць гэта было зусім не абавязкова.

«Кантрабанда біаматэрыялу» Сяргея Шабохіна

– Мы пра гэта і кажам, што большасць бар’ераў людзі ствараюць сабе самі. Мы хочам сказаць, што свет адкрыты, і межы трэба пашыраць і нават разбураць. Вось аб чым выстава, – распавяла «Белсату» куратарка выставы Ліза Міхальчук.

Традыцыйная польская вышыўка разбурае гендарныя стэрэатыпы

Мастак Павал Матышэўскі кажа, што паміж людзьмі шмат межаў. У тым ліку сацыяльныя межы, межы ў сямейных стасунках. Але так не павінна быць.

Мастак Павал Матышэўскі распавядае пра свае працы і сэнс праекту

 

– Напрыклад, жанчыны робяць такую ж працу, як і мужчыны, але атрымліваюць за гэта меней грошай. І гэта няправільна. Мая цётка – вельмі набожная каталічка. Але яна запрашае мяне ў госці разам з маім хлопцам. Здаецца, да гэтых зменаў усе даўно саспелі, але тэма [аднаполых стасункаў. – Belsat.eu] дагэтуль застаецца табуяванай. У нашым жыцці шмат розных бар’ераў, і мы хочам з дапамогай гэтай выставы заахвоціць людзей думаць ды пашыраць межы, – распавёў «Белсату» Павал Матышэўскі.

«Стык» – твор на падставе скрыншоту з мапы «Гугла». У той час, як афіцыйныя межы застаюцца нязменнымі, рака робіць свае праўкі

Творы раскрываюць разнастайныя аспекты парушэнняў барʼераў: міграцыйная палітыка, цялесныя, сексуальныя і гендарныя трансфармацыі, фармаванне жорсткіх палітычных межаў паміж Беларуссю і Польшчай (зменлівыя водныя артэрыі, кантрабанда мяса на беларуска-польскай мяжы).

Павал Матышэўскі – “Камуфляж”. Хітом у наведнікаў выставы стаў мілітарызаваны прынт з частак чалавечых целаў

Дуэт польскага і беларускага мастакоў прадстаўляюць інсталяцыі, відэа, скульптурныя, жывапісныя і графічныя творы ў спецыяльна створаных для выставы дэкарацыях. Выстава будзе працаваць да 17 сакавіка.

Сумесная праца мастакоў – «Кантрабанда біаматэрыялаў»

Алесь Ляўчук, фота Мілана Харытонава/Belsat.eu

Стужка навінаў