«У яго ўсе шанцы быць невінаватым». Справаю Юрыя Палітыкі зоймецца іншы суд


Калегія суддзяў Чарнігаўскага раённага суду, якая мусіла разглядаць «шпіёнскую справу» грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, узяла самаадвод. Іншыя ўдзельнікі працэсу гэтае рашэнне падтрымалі.

Пра гэта belsat.eu распавёў адвакат Юрыя Палітыкі Тарас Гералюк.

«Цяпер мы чакаем прызначэння новага складу суддзяў. Але мы не ведаем, ці знойдзецца ў Чарнігаўскім судзе тройка свабодных суддзяў, якая зможа разглядзець гэтую справу. То бок магчыма, што справа будзе разглядацца і не ў Чарнігаўскім судзе», – адзначыў ён.

Адвакат не бярэцца прагназаваць, калі будзе прызначаны новы склад суду.

Гералюк таксама не стаў каментаваць і магчымасць экстрадыцыі Палітыкі ў Беларусь.

«Да экстрадыцыі яшчэ далёка. Палітыку яшчэ не прызналі вінаватым, таму пра гэта не мае сэнсу размаўляць. У яго ёсць усе шанцы быць невінаватым», – падкрэсліў ён.

Нагадаем, Юрыя Палітыку затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, беларус у інтарэсах трэцяга боку збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.

Папярэдні разгляд справы Юрыя Палітыкі распачаўся 12 лютага, але за гэты час суд амаль не прасунуўся наперад. Паседжанне раз за разам адкладаліся – або з прычыны адсутнасці перакладчыка, або з прычыны адсутнасці адвакатаў. Між тым, у красавіку Чарнігаўскі раённы суд пастанавіў працягнуць арышт Юрыю Палітыке да сярэдзіны чэрвеня.

Belsat.eu пісаў пра дэталі «шпіёнскай» справы – падрабязна чытайце тут.

Раней некаторыя ўкраінскія эксперты выказвалі меркаванне, што працэс над Палітыкай можа быць люстэркавай рэакцыяй на суд над Паўлам Шаройкам у Менску. Журналіста Украінскага нацыянальнага радыё Шаройку затрымалі ў Менску ў кастрычніку і абвінавацілі ў шпіянажы. На пачатку красавіка ў СМІ зʼявілася інфармацыя, што Менск і Кіеў нібыта дамовіліся пра абмен. Пазней амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім гэтую інфармацыю зняпраўдзіў.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары