Ахвярамі серыі выбухаў у трох гарадах Шры-Ланкі сталі, паводле апошніх звестак паліцыі, 290 асобаў. Каля 500 – пацярпелі. Пра гэта паведамляюць улады ў Калёмба. Пакуль ніводная з груповак не ўзяла на сябе адказнасць за выбухі ў гатэлях і каталіцкіх касцёлах. Праваахоўныя органы затрымалі 13 падазраваных у датычнасці да злачынстваў.
У Шры-Ланцы пасля тэрарыстычнай атакі, як называюць яе ўлады, фактычна ўведзена надзвычайнае становішча: уведзена каменданцкая гадзіна, абмежаваны доступ да сацыяльных сетак, зачыненыя школы і ўніверсітэты, піша DW.COM. Між тым паліцыя збіраецца расследаваць паведамленні, што выведка краіны ведала пра падрыхтоўку да тэрактаў, але не зрабіла нічога для іх перадухілення. Два міністры ва ўрадзе Шры-Ланкі прама кажуць пра правал спецслужбаў, паведамляе агенцтва AP.
Выбухі ў трох пяцізоркавых гатэлях у Калёмба, а таксама ў трох каталіцкіх храмах прагрымелі ў нядзелю амаль адначасова. Пазней з’явілася інфармацыя пра сёмы і восьмы выбухі – адзін з іх быў учынены смяротнікам, калі паліцыя прыйшла да яго з ператрусам. Сярод загінулых – 32 замежнікі з больш чым 10 дзяржаваў, паведамілі мясцовыя турыстычныя арганізацыі. Сярод іх – грамадзяне ЗША, Вялікай Брытаніі, Партугаліі, Кітаю, Нідэрландаў, Бельгіі, Турцыі, Японіі, Індыі, Бангладэш і Пакістану.
Прэмʼер-міністр Шры-Ланкі ў сваім мікраблогу ў Twitter рэзка асудзіў «баязлівыя напады на народ» і заклікаў усіх грамадзянаў заставацца «згуртаванымі і моцнымі ў гэты трагічны час».
Каталікі складаюць толькі 6 % насельніцтва ў пераважна будысцкай Шры-Ланцы, аднак яны лічацца істотнай сілай у краіне, паколькі прадстаўнікамі каталіцкай царквы зʼяўляюцца і тамілы, і сінгалы.
Жорсткая грамадзянская вайна ў Шры-Ланцы, якая доўжылася 26 гадоў, скончылася ў 2009 годзе. Сепаратысты-тамілы змагаліся на стварэнне незалежнай дзяржавы на паўночнай частцы краіны. Армія жорсткімі метадамі атрымала перамогу ў гэтай вайне. ААН абвінавачвае абодва бакі ў здзяйсненні ваенных злачынстваў.
СК belsat.eu